На молочно-товарных фермах КУСХП «Кубличи» выявлены многочисленные нарушения правил содержания скота.

Выясняем ситуацию Сельское хозяйство

Падставай для праверкі стану жывёлагадоўлі ў КУСГП “Кублічы” стаў аналіз малака, якое было адпраўлена ў мінулы чацвер на Лепельскі малочна-кансервавы камбінат – увесь дзённы надой пайшоў другім гатункам, у выніку чаго недаатрымана больш 2 мільёнаў рублёў. Здавалася б, што для гаспадаркі, якая не можа пахваліцца высокімі надоямі, пытанні якасці прадукцыі аўтаматычна павінны выходзіць на першы план, але праславуты “чалавечы фактар” уносіць свае карэктывы. Разам з галоўным спецыялістам райсельгасхарча Людмілай Міхайлаўнай Міхаль і намеснікам галоўнага ветэрынарнага ўрача Ушацкага раёна Віктарам Уладзіміравічам Даўгаполавым мы адправіліся на малочнатаварныя фермы КУСГП “Кублічы”, каб на месцы высветліць прычыны такіх страт.

Першым пунктам стала ферма ў Капылоўшчыне. Яе санітарны стан спецыялісты ацанілі, як здавальняючы. Дзённы вартаўнік падчышчаў ля кароў, у памяшканні было цёпла, але 4 даільныя апараты чамусьці знаходзіліся ў кароўніку ля стужкі транспарцёра гноевыдалення, хаця зусім побач размешчаны малочны блок, у якім чыстыя апараты размяшчаліся ля вымытага халадзільніка. Хто і чаму забыўся на іх, вартаўнік нам не растлумачыў, кажа – “не яго гэта справа”. Так як і адключэнне халадзільніка – мабыць у абавязкі вартаўніка і не ўваходзіць сачыць за яго станам, але здаецца, што няма ў гаспадаркі і лішніх грошай, каб плаціць за выкарыстаную электраэнергію – нягледзячы на адсутнасць малака пусты халадзільнік працаваў на поўную магутнасць і калі б не наш візіт, працягваў бы намотваць кілаваты.

У памяшканні прафілакторыя, дзе ўтрымліваліся цяляты-малочнікі, адсутнічалі сена і авёс. Яго санітарны стан не адпавядаў патрабаванням – рэшткі кармоў і гною, смецце з падлогі не ўбіраліся, клеткі не вапнаваліся, многія з іх патрабуюць рамонту. Нягледзячы на спрыяльнае надвор’е прагулкі жывёлы не арганізоўваюцца.

Але ў параўнанні з тым, што мы ўбачылі на малочнатаварнай ферме ў Кляпцах, парадак у Капылоўшчыне можна назваць амаль ідэальным. На ферме ўжо некалькі дзён не было вады, бо ў маразы перамёрз водаправод, абледзянелая вежа стаіць побач з вытворчымі памяшканнямі нібы аб’ект з сюррэалістычных замалёвак. Меры па яго ўводзе ў эксплуатацыю не прымаюцца. А для таго каб напаіць жывёлу, ваду бочкай падвозяць з Кубліч адзін раз у дзень, што яўна недастаткова для статка, які тут утрымліваецца.

У памяшканні кароўніка жывёла стаяла ў гразі – на працягу чатырох дзён не выдаляўся гной са стойлаў па прычыне выхаду са строю транспарцёра гноевыдалення. Каровы – брудныя, адразу зразумела, што малако з гэтай фермы не пройдзе ніякага аналізу па чысціні. Вось і здаецца другім гатункам, а гаспадарка нясе страты. Слесару, які займаўся рамонтам ланцуга транспарцёра і працаваў, стоячы па калена ў вадзе, так і не ўдалося яго запусціць, бо старое абсталяванне не жадала працаваць і зноў ламалася – неабходна было ўручную вычысціць гной з латкоў, але ахвотнікаў да гэтай працы не знайшлося. Работнікаў у Кляпцах было больш, чым на папярэдняй ферме, але вось чым многія з іх займаліся, знаходзячыся на рабочым месцы, засталося загадкай. Адзінаму працаўніку, які спрабаваў выправіць становішча, актыўна дапамагалі яшчэ некалькі чалавек сваімі “парадамі”, астатнія без асаблівай зацікаўленасці назіралі за тым, што атрымаецца, хаця маглі ўзяць у рукі вілы і дапамагчы вычысціць латкі… Зараз у гаспадарках ідуць масавыя ацёлы кароў. Застаецца толькі паспачуваць лёсу нованароджаных цялят на МТФ “Кляпцы”, якія ратуюцца ад гразі на праходах, ды і санітарны стан прафілакторыя не намнога лепшы, чым у кароўніку.

Нягледзячы на аварыйную сітуацыю на аб’екце адсутнічала загадчыца фермы. “Як паехала раніцай з малакавозам, так і не было больш”, – работнікі фермы расказалі, што такія адлучкі іх загадчыцы не з’яўляюцца нечым незвычайным. Не змаглі мы адшукаць яе і ў канторы гаспадаркі, куды заехалі для таго, каб азнаёміць адміністрацыю са зместам састаўленага па выніках праверкі акта. Між тым у табелі працоўнага часу насупраць прозвішча загадчыцы стаяць “васьмёркі”.

Як бачна, у гаспадарцы адсутнічае пастаянны кантроль за працай жывёлаводаў. У “Кублічах” няма заатэхніка, ветурач прыязджае з райветстанцыі тры разы ў тыдзень. Пры адсутнасці спецыялістаў заатэхнічнай службы роля загадчыка і простых рабочых, якія непасрэдна абслугоўваюць жывёлу, узрастае. Склалася ўражанне, што, напрыклад, у Кляпцах якраз і не хапала чалавека, які б арганізоўваў, кіраваў работай жывёлаводаў. Хаця, як шчыра прызналіся работнікі фермы, хапае і ў іх “залётаў”, парушэнняў працоўнай дысцыпліны, нават адзначалі, што маладому кіраўніку гаспадаркі трэба быць больш жорсткім у некаторых пытаннях.

Што ж, гэта будзе дарэчы, бо па выніках праверкі кіраўніцтву гаспадаркі даручана ў максімальна сціслыя тэрміны аднавіць сістэмы водазабеспячэння і гноевыдалення на ферме, узмацніць кантроль за працай жывёлаводаў і выкананнем імі сваіх абавязкаў.

Д.РАМАНОЎСКІ



1 комментарий по теме “На молочно-товарных фермах КУСХП «Кубличи» выявлены многочисленные нарушения правил содержания скота.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *