Перекур с ограничениями. Разбираемся с положениями нового антитабачного Декрета

Выясняем ситуацию

Для курыльшчыкаў, як і для праціўнікаў тытуню, пачынаецца новае жыццё. У канцы ліпеня ўступілі ў сілу палажэнні Дэкрэта №2 ад 24 студзеня 2019 года па пытаннях удасканалення абароту і спажывання тытунёвых вырабаў, электронных сістэм курэння і сістэм для спажывання тытуню. Што змянілася ў параўнанні з ранейшым парадкам і ці наступіць нарэшце перамір’е ў вайне перакананых курцоў і прыхільнікаў здаровага ладу жыцця?

Што змянілася?

Пашырыўся пералік месцаў, забароненых для курэння. Да іх ужо адносіліся ўстановы аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, аб’екты гандлю і бытавога абслугоўвання, грамадскага харчавання (акрамя тых, дзе ёсць права рэалізацыі тытунёвых вырабаў і неабходная сістэма вентыляцыі). Нельга ды­міць на вакзалах, у аэрапортах, падземных пераходах (за выключэннем спецыяльна адведзеных месцаў), ва ўсіх відах грамадскага транспарту, на лесвічных пляцоўках, у ліфтах і іншых дапаможных памяшканнях шматкватэрнага жылога фонду. Цяпер жа гэты спіс папоўнілі дзіцячыя пляцоўкі, прыпынкі грамадскага транспарту, летнія тэрасы кафэ і рэстаранаў, гарадскія пляжы, а таксама аўтамабілі, у якіх знаходзяцца дзеці да 14 гадоў. Трэба адзначыць, што балконаў у спісе бяздымных аб’ектаў няма, хоць многія прыхільнікі здаровага ладу жыцця прасілі распаўсю­дзіць забарону на курэнне і ў гэтых месцах. Адмова тлумачыцца тым, што балкон – працяг кватэры і ўласнасць жыхара. Таму пакуль застаецца спадзявацца на паразуменне паміж суседзямі.

Электронкі таксама ў “чорным спісе”

Важная навацыя: электронныя цыгарэты, кальяны і аксэсуары да іх фактычна прыраўнялі да звычайных цыгарэт – уведзены абмежаванні па рэкламе, рэалізацыі непаўналетнім і выкарыстанні. Здавалася б, якая шкода ад вейпінгу, бо вадкасць для электронкі не вылучае смол? Падстава для трывогі, тым не менш, ёсць. Амерыканскія навукоўцы высветлілі, што сярэдняя канцэнтрацыя небяспечных для здароўя альдэгідаў у выдыханым паветры ў 10,5 раза вышэй пасля сеансу курэння электронных цыгарэт, чым да яго. Ды і пах такога дыму часам раздражняе не менш, чым тытунёвы смурод.

Раздуваем на роўным месцы?

Праблема шкоды курэння не перабольшана, падкрэслівае галоўны ўрач Ушацкай цэнтральнай райбальніцы С.А.Маісееў. Анкалогія ад тытунёвага дыму ў пасіўных курыльшчыкаў узнікае не меней часта, чым у актыўных, бо іх арганізм горш адаптаваны да ядаў. На рак лёгкіх са 100 хворых 95 працяглы час кураць. У жанчын узнікаюць праблемы з рэпрадуктыўнай функцыяй, выношваннем плоду, а затым са здароўем немаўля.

Раздражненне нікацінам і смоламі ўнутранай паверхні артэрый прыводзіць да іх знясілення. Простымі словамі, унутраная абалонка сасудаў выглядае, як тканіна, пабітая моллю. У “пралысіны” арганізм накіроўвае халестэрын, такім чынам атэрасклероз у курцоў развіваецца хутчэй і раней прыкладна на 10 гадоў.

Курэнне – такі ж фактар рызыкі для сардэчна-сасудзістых захворванняў, як і генетыка. Таксама моцна пакутуе печань, якая працуе з павялічанай нагрузкай, выводзячы таксіны, што паступаюць у арганізм з тытунёвым дымам.

“Не вартае курэнне такіх ахвяр, пасіўнае ў тым ліку!”, – упэўнены Сяргей Анатольевіч. Таму раіць абараняцца ўсімі даступнымі спосабамі: адыходзіць ад людзей з цыгарэтай, пакідаць закрытыя памяшканні, калі там кураць.

Адвучаюць рублём

Згодна з новым патрабаванням, узмоцняць сваю работу ў барацьбе са згубнай звычкай і праваахоўныя органы. Летась на Віцебшчыне за курэнне ў забароненых месцах да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута каля 2 тысяч чалавек, за адзначаны перыяд 2019-га – звыш 1,3 тысячы. Больш за ўсё пратаколаў складзена на чыгуначных вакзалах у Віцебску, Оршы, Полацку. Ва Ушацкім раёне, па словах начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС В.В.Парфяновіча, такая мера пакуль не прымянялася – грамадзяне адэкватна рэагавалі на папярэджанні. “Калі парушальнік “не чуе” заўваг, ён павінен, як і раней, заплаціць штраф ад 0,1 да 4 базавых велічынь – у залежнасці ад таго, ці прыцягваўся раней да адміністрацыйнай адказнасці, – кажа Вадзім Валер’евіч. – Важная інфармацыя для бацькоў: калі ваша дзіця ва ўзросце да 16 гадоў цяпер будзе затрымана за курэнне, атрымаеце штраф да 10 базавых. Пакараць рублём могуць супрацоўнікі міліцыі, чыгуначнага, пасажырскага аўтамабільнага і электрычнага транспарту, транспартная інспекцыя. З таварыстваў уласнікаў, ЖЭУ знята функцыя складання пратаколаў за курэнне ў пад’ездах – цяпер яна ўскладаецца на міліцыю”.

Ці не атрымаецца так, што забарона на курэнне будзе дзейнічаць толькі на паперы? Бо да кожнага курыльшчыка міліцыянера не прыставіш! Пытанне няпростае. Між тым ва ўстановах адукацыі, дзяржорганах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях, дзе існуе забарона, за стан тэрыторыі адказвае адміністрацыя – з яе і можна спытаць. Што ж датычыцца грамадскіх месцаў, многае будзе залежыць ад актыўнасці грамадзян. Так, калі ў пад’ездзе дома ці на дзіцячай пляцоўцы “завёўся” нахабны курыльшчык, ёсць адпаведныя фатаграфіі ці відэа, іншыя сведкі, смела ідзіце да ўчастковага інспектара ці ў аператыўна-дзяжурную службу – з кожнай такой заявай будуць разбірацца. “Перад намі не стаіць задача штрафаваць за курэнне ў неналежных месцах, – кажа начальнік штаба Ушацкага РАУС С.І.Ціханёнак, – У першую чаргу мы нацэлены на прафілактычную работу з насельніцтвам”.

Шукайце месца без таблічкі

“Дык дзе ж тады курыць?” – зададуць лагічнае пытанне ўшачане, якія не збіраюцца адмаўляцца ад шкоднай звычкі. Атрымліваецца, што з улікам новаўвядзенняў у гарпасёлку пакурыць па законе надзвычай праблематычна. “Гарадскі сквер па вуліцы Ленінскай з’яўляецца зонай свабоднай ад курэння, аб чым сведчаць устаноўленыя намі таблічкі, – адзначае майстар па добраўпарадкаванні УП ЖКГ В.В.Шчэрбік. – Забараняецца курыць і ў скверы па Савецкай. Увогуле, калі браць цэнтр Ушач, то тут на кожным кроку гандлёвыя і сацкультурныя аб’екты, грамадскія месцы, прыпынкі, дзіцячыя пляцоўкі… Адпаведна, каб менш было парушальнікаў, трэба ствараць спецыяльныя месцы для курэння, як гэта практыкуецца ў некаторых арганізацыях раёна”.

Зрэшты, аб тым, што антытабачны Дэкрэт усё ж нічога не зменіць, выказаліся больш 20 працэнтаў удзельнікаў нашага апытання, якое мы праводзілі ў сацыяльных сетках “Аднакласнікі” і “ВКонтакте” (удзел у ім прыняло 260 чалавек). 19% рэспандэнтаў абсалютна нязгодныя з новаўвядзеннямі, абураны. Цікава, што невялікая частка кагорты курыльшчыкаў – 4,6% – падтрымлівае абмежаванні. 7% зусім не хвалюе гэтая тэма. Ну а абсалютная большасць – звыш 48% – падтрымліваюць абедзвюма рукамі палажэнні Дэкрэта.

***

Вераніка Пацэйка: Пункт наконт дзіцячых пляцовак вельмі парадаваў. На вуліцы Віцебскай, на якой жыву, шмат зон для адпачынку малых. І вельмі непрыемна бачыць, што некаторыя бацькі дазваляюць сабе тут пакурыць. Пры гэтым не толькі паказваюць дрэнны прыклад дзецям, але і падвяргаюць іх шкоднаму ўздзеянню. Толькі не зразумела, дзе тая дазволеная мяжа пачынаецца?

Аляксандр Лісоўскі: Сам не маю такой звычкі і ўсім раю! Як супрацоўнік Дзяржаўтаінспекцыі асабліва падтрымліваю ўведзеную забарону курыць у транспарце ў прысутнасці дзяцей. З такімі фактамі даводзіцца сутыкацца не часта. Але не таму, што аўтамабілісты не дазваляюць сабе гэтага – проста ў прысутнасці інспектара паспяваюць выкінуць цыгарэту. Калі бачу ў пракураным салоне малога ці крэсла для яго перавозкі, заўсёды раблю вадзіцелю заўвагу.

!!Паводле статыстыкі, амаль 28% беларусаў ва ўзросце звыш 16 гадоў любяць падыміць, прычым толькі 10% робяць гэта час ад часу. Дзяржпраграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” ставіць задачу да 2020 года знізіць распаўсюджанасць тытунекурэння да 24,5% – гэтаму таксама павінен паспрыяць новы Дэкрэт.

Падрыхтавалі Вольга КАМАРКОВА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *