Ветеран Ефросинья Никифоровна Хадан: «Всё отдала бы за мир…»

Ветераны с нами

“Дзядуля, колькі ты чалавек забіў?” – пытаецца маленькі школьнік. “Ніводнага…” – невясёлая ўсмешка з’яўляецца на твары ўбеленага сівізной ветэрана. “Адкуль жа ў цябе столькі ўзнагарод?!” – не адступае дапытлівы хлопчык і атрымлівае адказ: “Фашыстаў знішчаў…”

Гэты кароткі ролік з інтэрнэту мяне вельмі ўразіў. Так, звычайныя людзі самых мірных прафесій, пра якіх у паўсядзённым жыцці кажуць “і мухі не пакрыўдзіць”, у час вайны станавіліся грознымі воінамі, бо змагаліся за сваю зямлю, свой народ, якому фашызм наканаваў лёс быць знішчаным. Сотні тысяч нашых землякоў ішлі ў партызанскія атрады. І хаця не ўсе змагаліся са зброяй у руках, і ў тыле было месца подзвігу – працоўнаму, чалавечаму.

Яна ўжо не носіць медалі – разам з ордэнам Айчыннай вайны другой ступені яны, пераважна юбілейныя, акуратна складзены ў торбачцы, побач з пасведчаннямі да іх. “Даўно нікуды далёка не хаджу, ногі баляць вельмі, – кажа ветэран Ефрасіння Нікіфараўна Хадан. – А раней і ў раён ездзіла, і ў школу наведваліся разам з мужам. Мой Лука Якаўлевіч быў франтавік, удзельнік бітвы за Берлін. Мы ў Вялікіх Дольцах не заўсёды жылі, хоць я і нарадзілася непадалёк – працавалі ва Ушачах, у Лепелі. А сюды яго накіравалі парторгам, потым у сельвыканкам. У мужа быў медаль “За адвагу” – у канцы красавіка 1945-га, незадоўга да Перамогі, ён забяспечваў сувязь для свайго артдывізіёна, сутыкнуўся з акружанымі немцамі і знішчыў іх каля дзясятка. А мне асабліва і расказваць нечага, я некалькі месяцаў санітаркай пры партызанскім шпіталі працавала…”

Нават так, не ваявала, а працавала. Але месяцы тыя з памяці не сатруцца ніколі. Гэта зараз за плячыма Ефрасінні Нікіфараўны ўжо больш дзевяноста гадоў, а на пачатак 1944 не было і пятнаццаці. Яе разам з некаторымі іншымі жыхарамі Есяновікаў карнікі схапілі прама ў вёсцы.

– Начавалі ў Мазуліна, потым у Чарніцах, – прыпамінае страшны шлях жанчына. – Неўзабаве апынуліся ля Зябак, адкуль на адкрытых платформах нас павезлі на захад. Білі прыкладамі, калі хтосьці затрымліваўся, асабліва мужчынам даставалася. Каля месяца была ў лагеры, здаецца, ля Баранавічаў. За жанчынамі сачылі не так пільна, і мне з некалькімі таварышкамі ўдалося ўцячы з-за калючага дроту. Кіламетры гэтага страшнага атрыбуту ваеннага часу памятаю вельмі добра, як і пастаяннае пачуццё голаду…

Ім пашанцавала, бо непадалёку ў лясным масіве яны сустрэліся з партызанамі. Як аказалася потым – гэта былі разведчыкі з атрада легендарнай брыгады генерал-маёра Каўпака. Па словах Ефрасінні Нікіфараўны, жанчын размеркавалі ў розныя атрады, хтосьці нават трапіў у разведку. А яе, непаўналетнюю, адправілі ў санчасць.

Да вайны яна магчыма і задумвалася аб прафесіі медыка, але ж зусім не ў такіх рэаліях, як давялося ўбачыць.

– Плакала часта, бо немагчыма было трываць, калі ў цябе на вачах паміраюць маладыя, здаровыя хлопцы, – у ветэрана і зараз блішчаць слёзы. – Ляжыць, уся галоўка забінтаваная, толькі вусны свабодныя, у якія лыжкай вады дасі… А хто меў раненне ў жывот, “брушнікі”, ім і таго нельга было. Яны вельмі мучыліся і падняць на ногі іх было цяжка. Брыгада наша конная, часта перамяшчаліся, і санчасць следам. Вязеш на падводзе параненага, размаўляеш. Змоўкне, адразу да яго нахіляешся – праверыць, жывы ці не. У нас у брыгадзе былі байцы звыш трыццаці нацыянальнасцей з усяго Савецкага Саюза. Памрэ хто падчас змены месца дыслакацыі – ля дарогі і хавалі. А ў яго ж дзесьці бацькі, сям’я… Вельмі цяжка было ўсведамляць, што магілу сына або брата яны могуць і не ўбачыць, нават не будуць ведаць, дзе ён склаў галаву.

Ёй больш запомніліся чалавечы боль і простыя, нязвыклыя вясковай дзяўчыне моманты суровых ваенных будняў. Як даводзілася спаць на голай зямлі, як падчас начных паходаў ад фашысцкіх ракет станавілася светла, нібы днём, як не хацеў адпускаць яе дадому партызанскі доктар – працавітая дзяўчына вельмі яму прыглянулася і называў ён яе “дзетачкай”.

Служба Ефрасінні Нікіфараўны скончылася пасля вызвалення Заходняй Украіны ў лістападзе 1944 года – менавіта ў тых мясцінах дзейнічалі партызаны Каўпака. Таму сярод іншых мае жанчына і юбілейны медаль “60 год вызвалення Украіны ад фашысцкіх захопнікаў”:

– Не так даўно да 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь мне ўручылі яшчэ адну ўзнагароду. Прыемна, што не забываюць нас улады. Школьнікі прыходзяць, дзеці, унукі клапоцяцца. Мала нас, ветэранаў, засталося, а франтавікоў – адзінкі, больш такіх як я, дзяцей вайны, якіх яна прымусіла ваяваць. Каб быў загад пайсці ў разведку – пайшла б. Але я з гадамі зразумела, што выкарыстоўвалі мяне там, дзе я прыносіла больш карысці, бо ў 1944-ым ваяваць у нашай брыгадзе было каму. Я не страляла, не забівала – я ратавала. І не менш цяжка працавала пасля вайны. Даводзілася і плуг цягаць, і соткі канюшынішча рыдлёўкай перакопваць. І тут вайна вінавата – колькі мужчын яна забрала, прапала ўсё, што нажывалі, мы былі фактычна жабракамі. Я б свае ўзнагароды, усё, што ў мяне ёсць, аддала за мір, за тое, каб людзі, якія зараз жывуць, не зведалі выпрабаванняў, што выпалі на наш лёс.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *