Детский турнир по дзюдо памяти С.Шедько в этом году прошёл в более широком формате

Cпорт

Звычайна дзіцячы штогадовы турнір па дзюдо памяці славутага трэнера Станіслава Анатольевіча Шэдзько праходзіць блізка да 25 мая, у гонар яго дня нараджэння. І хоць арганізатары ў мінулым годзе перанеслі турнір, правёўшы не вясной, а ўвосень, падчас адкрыцця ­“Юнацтва-Ушачы”, з мінулых спаборніцтваў прайшло нямнога часу, фізкультурна-аздараўленчы комплекс зноў прымаў юных дзюдаістаў у сваіх сценах. І прымаючы бок, і госці не спалохаліся цэлых двух спартыўных дзён на ўшацкіх татамі. Жадаючых прыехаць было шмат, чаму ў нас толькі рады – статус спаборніцтваў расце. І ў такім шырокім фармаце, як сёлета, яны праводзіліся ўпершыню.

XXII турнір распачаўся ў мінулую пятніцу са спаборніцтваў юнакоў 2004-2005, 2006-2007 гадоў нараджэння і дзяўчат 2005-2006. У суботу ж барацьбу вялі зусім юныя, дзесяцігадовыя спартсмены. Усяго сабралася больш 150 дзюдаістаў, якія прадстаўлялі наш гарпасёлак, Полацк, Наваполацк, Лепель, Оршу, Докшыцы, Віцебск, Мінск. Завіталі і расійскія суседзі з Себежа і Пскова.

Зразумела, што самай прадстаўнічай была дэлегацыя гаспадароў – з ушацкага боку спаборнічалі 60 дзюдаістаў і палова з іх заняла прызавыя месцы. Досыць мужна сябе праявілі сямігадовыя барцы, якія пачалі займацца дзюдо толькі ў мінулым верасні. Напрыклад, Севасцьян Аўдошка і Яўген Шарын на сваіх першых сур’ёзных спаборніцтвах занялі трэцяе месца. Адной з зорак, залатым прызёрам стаў Дзмітрый Адамовіч, прадстаўнік старэйшай групы 2004 года нараджэння. Хлопец напярэдадні гэтага турніру перамог на абласных спаборніцтвах і зараз рыхтуецца да рэспубліканскіх. Такіх поспехаў ён дасягнуў упартымі трэніроўкамі пад кіраўніцтвам Святланы Мікалаеўны Фядосенкі, якая ў свой час была вучаніцай С.А.Шэдзько.

Першае месца заняў і дзесяцігадовы Андрэй Сарока, які распачаў трэніроўкі толькі зімой. Ён жыве ў Глыбоцкім раёне, практычна на мяжы з Ушаччынай. Сам Андрэй, калі абіраў, у які спорт пайсці, больш схіляўся да дзюдо. А ў Глыбокім, да якога хлопцу дабірацца па адлегласці, як і да Ушачаў, вучаць толькі грэка-рымскай барацьбе. Так і атрымалася, што тры разы на тыдзень наваяўленага пераможцу бацькі сталі падвозіць на заняткі ў наш фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Сярод дзяўчынак вылучылася Арына Маркевіч, бо выступала яна два дні запар і заслужана ўзнялася на вышэйшую прыступку.

Значную колькасць узнагарод павезлі дадому дзюдаісты з іншых гарадоў. Аб узроўні канкурэнцыі можна судзіць па распаўсюджанай паміж трэнерамі паўжартаўлівай фразе: “Як я скажу бацькам, што іх дзіцё правяло ў сустрэчах усяго 30 секунд? Відавочна, нам гэтага не дастаткова?!” – многія паядынкі заканчваліся датэрмінова і вельмі хутка.

Дзякуючы двухдзённаму фармату мерапрыемства падтрымаць сваіх барцоў ужывую прыехалі цэлымі сем’ямі з розных куткоў вобласці, краіны, замежжа. І хоць каманд, якія ўдзельнічалі  ў сёлетнім турніры ўпершыню, не было, усё ж раней ён праходзіў у больш сціплых умовах. Таму госці былі прыемна ўражаны камфортам спартыўнага комплексу.

Гледачы і ўдзельнікі турніраў імя С.А.Шэдзько ведаюць, што гэта заўсёды кранальная пераймальнасць традыцый і адкрыццё новых спартыўных талентаў. Калі маладыя ўшацкія трэнеры не былі вучнямі Станіслава Анатольевіча, то іх напачатку кар’еры вучылі дзюдаісты, якія выраслі пад яго настаўніцтвам. А сёлета на турнір завітаў ганаровы госць Уладзімір Міхайлавіч Панкрацьеў, які быў трэнерам самога С.Шэдзько. Мужчына з задавальненнем узнагародзіў пераможцаў у першы дзень спаборніцтваў. Яшчэ адной чаканай госцяй была Вера Анатольеўна Смоліна, сястра трэнера, пакінуўшага пасля сябе не адно пакаленне знакамітых спартсменаў. Што і казаць, калі адна з выхаванак яго вучаніц, Сняжана Чарапанава, якая цяпер нараўне з іншымі калегамі судзіла паядынкі, – срэбраны прызёр Чэмпіянату свету 2016 года па самба. На гэты раз было ўзнагароджана больш за сотню спартсменаў. Кожны з іх атрымаў не толькі медалі, але і памятныя сувеніры з граматамі дзякуючы ў тым ліку і дабрачынным спонсарам. Цяпер жа ў правядзенні турніру дапамаглі былыя вучні С.Шэдзько Наталля Снежань, Дзмітрый Броўка, Дзмітрый Барадзёнак.

Вольга Северына.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *