Секрет семейного счастья молодой семьи Пятница с агрогородка Глыбочка — в уважении и взаимопонимании

Всё начинается с семьи

Калі б у час правядзення нашага фотаконкурса “Мой тата – самы лепшы” існавала намінацыя “За найбольш гарачую падтрымку родных, калег і сяброў”, то перамогу ў ёй, напэўна б, атрымаў Андрэй Пятніца. Адкуль толькі ні тэлефанавалі нам людзі, каб аддаць голас за гэтага мужчыну і двух яго сынкоў: і з гродзенскай Навагрудчыны, і з магілёўскага Краснаполля, і з Мінска, а колькі цёплых слоў пра Андрэя і яго жонку Юлію давялося пачуць ад аднавяскоўцаў з Глыбачкі!

“Калі ідзём разам па вуліцы, некаторыя думаюць, што мнагадзетны тата гуляе з трыма дзецьмі”, – з усмешкай кажа галава сям’і. І сапраўды, мініяцюрная Юля, рост якой усяго 145 сантыметраў, і амаль двухмятровы Андрэй выглядаюць побач даволі каларытна, што, аднак, не перашкаджае гэтай маладой вясковай пары быць надзвычай гарманічнай.

Пазнаёміліся ж яны на сталічным аўтавакзале: у дзяўчыны разрадзіўся мабільнік і яна спытала ў статнага хлопца, колькі часу. Узнікла ўзаемная сімпатыя, абмяняліся тэлефонамі. А неўзабаве малады чалавек адправіўся на Гродзеншчыну ў сваты. “Марыя Іванаўна, можна, я забяру з сабой вашу дачку?” – запытаў у Юлінай мамы. Тая ж адчула моц іх кахання і блаславіла дзяцей.

“Ехаць так далёка было крыху боязна, – прызнаецца Юлія. – Але тут мяне сустрэлі вельмі гасцінна. Асабліва ўдзячна сваёй свекрыві Таісе Макараўне Пятніцы, якая з першага моманту атуліла мяне бацькоўскім клопатам, як і іншыя родныя мужа, заўсёды дапамагае з унукамі”. А яшчэ дзяўчына адрасуе словы падзякі галоўнаму ўрачу мясцовай бальніцы сястрынскага догляду Ганне Сямёнаўне Прыходзька: уладкавацца ў Глыбачцы па спецыяльнасці, атрыманай у Мінскім каледжы харчовай прамысловасці, не атрымалася, а таму дарэчы аказалася прапанаваная ёй вакансія санітаркі ў медустанове. Канечне, не кожнай маладой дзяўчыне даспадобы такая спецыфічная работа, але Юля звыклая да любой працы, а адказнасці і стараннасці ёй не займаць. “У нас проста выдатны калектыў! У свой час вельмі дапамаглі мне адаптавацца ў ім Галіна Фёдараўна Касатая, Аксана Валянцінаўна Агідуліна, Вольга Анатольеўна Шастакова, іншыя калегі, якія заўсёды падкажуць, падтрымаюць. А з маладым спецыялістам Вікторыяй Шыркінай, якая прыйшла да нас па размеркаванні, мы сталі сяброўкамі”.

Толькі добрыя словы пра свой калектыў выказвае і Андрэй, які ўжо на працягу 9 год працуе лесніком у мясцовым лясніцтве. У цёплы сезон ён таксама заняты на дзяжурствах як вадзіцель пажарнай машыны. “Падабаецца працаваць пад кіраўніцтвам нашага новага ляснічага Артура Пятровіча Арцюха, адчуваць, што мы разам з калегамі робім карысную справу”, – расказвае Андрэй. У сваю чаргу працавітага, дысцыплінаванага і безадмоўнага работніка паважаюць і цэняць у лясніцтве.

Лад і ўзаемаразуменне пануюць і ў сямейных адносінах нашых герояў. Выключна “Андрушам” называе мужа Юля: кажа, што “Андрэй” – гэта занадта гучна. І расказвае пра любімага чалавека з непадробнай цеплынёй. Вельмі прывязаны да яго і хлопчыкі. Васьмігадовы Ваня на правах старэйшага брата паводзіць сябе больш сур’ёзна. А гарэзлівы Цімафей за час, пакуль мы былі ў іх у гасцях, паспеў прадэманстраваць літаральна ўсе свае рознабаковыя таленты: і спецыяльна вывучаны да прыезду журналістаў вершык прадэкламаваў, і акрабатычныя практыкаванні на канапе зрабіў. “Мы з татам амаль штодня на школьны стадыён ходзім, – патлумачыў паказальныя выступленні малодшага браціка Ваня. – Я ўжо і падцягвацца навучыўся, і пад’ём пераваротам рабіць умею! А Цімка на кулаках адціскаецца. А ўчора мы два галы бацьку забілі!”

А яшчэ яны ўсе разам любяць гатаваць салату аліўе, лавіць рыбу на возеры, чытаць кніжкі, асвойваць развіваючыя камп’ютарныя гульні. І хоць складана ў матэрыяльным плане давесці да толку кватэру ў старой шматпавярхоўцы, стараюцца стварыць тут утульнасць, паступова набываюць добрую мэблю. А сёлета маладая сям’я вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці агароднікаў, распрацаваўшы невялікі ўчастак.

“Мама, я ведаю, што ты ў інтэрнэце прачытаеш гэты артыкул пра нас! – перадае такім чынам вестачку на малую радзіму Юлія. – Як бачыш, у нас тут усё добра, і ты дарэмна перажывала, адпускаючы мяне “ў дальні свет”!”

І сапраўды, шаноўная Марыя Іванаўна, не хвалюйцеся, а лепш прыязджайце да нас на Ушаччыну.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *