На территории Ушаччины насчитывается 120 памятных мест

Общество

У розных кутках Беларусі, якая страціла ў 1941-1945 гадах трэць насельніцтва, створаны сімвалічныя мемарыяльныя комплексы, устаноўлены велічныя манументы, прысвечаныя падзеям самай трагічнай і кровапралітнай вайны на нашай шматпакутнай зямлі. Сёння ў рэспубліцы каля 9 тысяч помнікаў і пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны, догляд за якімі – абавязак не толькі краіны, а і кожнага беларуса, бо без памяці аб мінулым няма будучыні.

На афіцыйным сайце краіны “Belarus.by” наш мемарыяльны комплекс “Прарыў” размешчаны ў спісе 23 найбольш вядомых і велічных месцаў памяці аб вызваліцелях і ахвярах вайны. Ёсць у нас буйныя брацкія магілы воінаў і партызан з помнікамі ў гарпасёлку, Глыбачцы, Дубраўцы, Вялікіх Дольцах. Але пераважная большасць такіх, якія не ўваходзяць у маршруты ваенна-гістарычных экскурсій, але не менш вартыя ўвагі – абеліскі, магілы, шыльды, памятныя знакі, размешчаныя ў малалюдных населеных пунктах або і наогул удалечыні ад іх. Усяго на тэрыторыі раёна налічваецца звыш 120 памятных месцаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, і кожны з іх – кропка памяці, наша гісторыя.

Большасць з помнікаў і абеліскаў будавалася і ўстанаўлівалася ў 50-70 гады, калі вёскі былы вялікія, а колькасць гаспадарак і школ на Ушаччыне налічвала дзясяткі. Менавіта школьнікі былі галоўнымі памочнікамі ўлады ў справе догляду за магіламі і такім чынам на практыцы атрымлівалі працоўныя ўрокі сапраўднага патрыятызму, многа было і жывых удзельнікаў вайны.

У наш час скарацілася колькасць сельгаспрадпрыемстваў, у асобных частках раёна ўжо няма ўстаноў адукацыі. Але колькасць помнікаў не толькі не зменшылася, а нават узрасла – вядзецца пошукавая работа, увекавечваюцца новыя імёны герояў і ахвяр. Дапамогу ўладам у гэтай справе аказваюць раённае аб’яднанне Беларускага фонду міру, ветэранская арганізацыя. За апошнія гады адкрыты новыя помнікі ў Павуллі, Усаі, Чарсцвядах, Арэхаўне, поўнасцю заменены ці капітальна адрамантаваны акрамя “Прарыву” пахаванні ў гарпасёлку, Вялікіх і Малых Дольцах, Антунове, Пораўне, змянілі аблічча брацкія магілы у Глыбачцы, Дубраўцы. Штогод да помнікаў накіроўваюцца члены працоўных калектываў, якія дапамагаюць падтрымліваць там парадак, удзел у добраўпарадкаванні прымаюць дзеці і ўнукі нават не ветэранаў, а дзяцей вайны, далучаюцца прыватнікі, як, напрыклад, прадпрымальнік С.Д.Маслюк, які капітальна адрамантаваў помнік у Ляснеўшчыне.

Не забываюць ушачане подзвіг продкаў. Як і раней, святыя месцы ўшанавання загінуўшых. Вечны напамін аб тым, які ўсё ж такі бясцэнны мір, і якая страшная цана, заплачаная за нашу свабоду, нашу Незалежнасць.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *