Изделия кулинарного цеха Ушачского райпо пользуются спросом у покупателей

К профессиональному празднику Торговля

“А ці ёсць сёння тыя смачныя чабурэкі? Вельмі спадабаліся ў мінулы раз!” – давялося неяк пачуць у кафэ “Спадарожнік” у Сарочыне ад аднаго з наведвальнікаў, які ехаў праз наш раён. Не толькі гасцям, а і многім ушачанам даспадобы пончыкі, смажанкі, беляшы, смятаннікі і шмат чаго іншага, што выпускае кулінарны цэх райспажыўтаварыства.

Пэўна, многія з нас познім вечарам у цэнтры гарпасёлка чулі смачны пах свежай выпечкі. Так, работнікі цэха ва ўсю шчыруюць уначы, каб раніцай у продаж паступіла свежая прадукцыя. Адсюль яна адпраўляецца ў бліжэйшую “Кулінарыю”, буфеты і ўсе харчовыя магазіны раёна.

– Нам ёсць што прапанаваць пакупніку – асартымент вельмі шырокі, адпаведна і аб’ёмы немалыя. У гэтым годзе работы прыбавілася, бо, як вядома, цяпер у зоне абслугоўвання райспажыўтаварыства яшчэ частка Полацкага і Глыбоцкага раёнаў. Найбольшым попытам у спажыўцоў карыстаюцца чабурэкі і смажанкі, а многія ўключаюць у свой перакус хот-догі і плюшкі, – расказвае Ніна Іванаўна Шараг, якая рабоце ў спажыўкааперацыі прысвяціла тры дзясяткі гадоў і ў кулінарным цэху з’яўляецца адным са старажылаў.

– Прыемна чуць, калі твае старанні высока ацэньваюць як землякі, так і пакупнікі за межамі раёна. Памятаю, як на Дні пісьменнасці ў Полацку вельмі хутка разыходзіліся нашы вырабы, а як іх хвалілі сталічныя госці! – дадае тэхнолаг Ала Іосіфаўна Жахоўская, якая курыруе работу цэха і за 28 гадоў у райспажыўтаварыстве вывучыла ўсе тонкасці справы.

Але трэба адзначыць, што тут не абмяжоўваюцца толькі вырабам прыгаданай выпечкі. Напрыклад, ушацкія пельмені  на паліцах гандлёвых кропак – гэта таксама справа рук працаўнікоў кулінарнага цэха. Прычым, у прамым сэнсе гэтага слова, бо працэс іх прыгатавання не механізаваны. Ніякага суперсучаснага абсталявання для гэтага не маецца, напэўна, ад таго яны падобныя на дамашнія – сцвярджаюць кулінары. А ў месяц з ручнога “канвеера” на замарозку паступае амаль паўтары тоны пельменяў.

Усё гэта ляжыць на жаночых плячах дзвюх змен па тры чалавекі. Работа ў цэху не такая салодкая, як іх круасаны ды булачкі: далёка не ўсе вытрымаюць складаны начны графік. Кожную змену праз рукі працаўніц праходзіць мінімум 120 кілаграмаў цеста. Стараюцца жанчыны не толькі каб не падвесці прадпрыемства, а і таму, што ад выпрацоўкі залежыць іх заработная плата. Усе даведзеныя месячныя планы яны паспяхова выконваюць.

Работы ў іх хапае на працягу ўсяго года, але ўсё ж у летні сезон нагрузка большая – павышаецца попыт у магазінах, бойка ідзе выязны гандаль. Перыядычна кулінарны цэх радуе пакупнікоў і якімі-небудзь навінкамі. Сярод апошніх – ляпёшка з сырам, булачка-вусень, якія ўжо прыйшліся па смаку многім.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: Н.Шараг, Т.Белая, А.Тарасюк, Т.Каваленка, Н.Манух, А.Жахоўская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *