Лучшая уражайность снова в «Деменце»

Сельское хозяйство

Калі для многіх гаспадарак нашага раёна такая ўраджайнасць недасягальная, то для СВК “Дземенец-Агра” гэта рэальная і зусім не выпадковая лічба. Менавіта такім урадзіла ў гэтым годзе жыта, якое ўжо паспелі ўбраць на ўсіх участках. Паколькі ўсе зерневыя выспелі амаль адначасова, то і ўбіраць вырашылі па культурах. Цяпер жа прыступілі да пшаніцы, якая дае больш 29 цэнтнераў з гектара. Усяго ж у гаспадарцы неабходна сабраць ураджай з плошчы ў 475 гектараў. Невялікі аб’ём адносна іншых гаспадарак, ды для гэтых працаўнікоў якраз і падыходзіць дэвіз “не колькасцю і хуткасцю, а якасцю”. А таму не імкнуцца лідзіраваць па тэмпах, ну а па ўраджайнасці “Дземенец” як заўсёды першы. Пры спрыяльным надвор’і жніво, канечне, не зацягнецца, тым больш, што нагрузка на адзін камбайн у гаспадарцы невялікая – 158 гектараў. У гэтым годзе атрыманы новы камбайн КЗС-1218, а гэта, безумоўна, адчувальная падтрымка. Апошні раз камбайнавы парк гаспадаркі абнаўляўся чатыры гады назад. На двух камбайнах “Ліда-1500” і КЗС-10 не адзін сезон працуюць сямейныя экіпажы Яловікаў і Грачовых, а новы камбайн давераны памочнікам з ЖКГ Віктару Шыркеві- чу і Ігару Барздзею (на здымку). Хоць і не свае, але добра знаёмыя і правераныя. В.Шыркевіч раней працаваў у сельскай гаспадарцы, 15 сезонаў выходзіў у поле на “Доне-1500”, а таму ёсць з чым параўноўваць. У сённяшнюю спякоту наўрад ці можна было б вытрымаць у кабіне “Дона”, ды і прадукцыйнасць новага камбайна ў разы вышэйшая.
У кожным сельгаспрадпрыемстве выпрацоўваецца свая тактыка работы ў час жніва. У “Дземенцы” таксама. Так, усе камбайны працуюць на розных палях. Такім чынам, лічыць старшыня гаспадаркі Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка, экіпажы не перашкаджаюць адзін аднаму, не гоняцца адзін за адным, значыць і якасць уборкі зерневых лепшая, а калі ёсць недахопы, то адразу зразумела, каму іх выпраўляць. Наладжана двухразовае харчаванне ў полі.
У адрозненне ад іншых гаспадарак тут не праводзіцца ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва сярод камбайнераў, бо яно было б несправядлівым, так як у кожнага з трох абсалютна розная прадукцыйнасць. За кожным камбайнам замацавана адзінка тэхнікі на адвозцы. Работнікі, занятыя на жніве, азнаёмлены з расцэнкамі за сваю працу, у якасці заахвочвання таксама могуць атрымаць зерне.
У першыя ж дні жніва пачалі выконваць дзяржзаказ і здаваць зерне на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў. План здачы невялікі – 190 тон і яго выкананне не выклікае цяжкасцей. Намалочанае зерне без дасушвання здаецца дзяржаве, бо вільготнасць яго не вельмі высокая. Пшаніца была здадзена харчовай трэцім класам. Праз зернесушылку ў асноўным прапускаецца насеннае зерне, а таксама піваварны ячмень, да ўборкі якога прыступяць з дня на дзень. Плануецца сабраць большы ўраджай піваварнага ячменю за мінулагодні, а гэта больш чатырохсот тон. Паколькі цана на яго высокая, то ёсць магчымасць зарабіць, галоўнае, каб цяпер надвор’е не ўмяшалася ў гэтыя планы.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *