20 ноября — День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности АПК. Каким был для ушачских аграриев этот сельскохозяйственный год?

Сельское хозяйство

Лістапад традыцыйна падводзіць вынікі гадавых намаганняў самай вялікай кагорты працаўнікоў нашага раёна – работнікаў сельскай гаспадаркі. Ва ўсе часы праца гэтых людзей была запатрабаванай, пачэснай і разам з тым адной з самых няпростых. Менавіта рупліўцы хлебнай нівы і жывёлагадоўчых аб’ектаў стаяць за харчовай бяспекай краіны і могуць па-сапраўднаму ганарыцца сваёй справай. Пра асаблівасці адыходзячага сельскагаспадарчага цыкла, яго праблемы і здабыткі наша інтэрв’ю з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Л.А. ЛІСОЎСКІМ

– Леанід Аляксандравіч, чым стаў адметны гэты год?

– Хацелася б у першую чаргу гаварыць аб здабытках, але сёлета прырода прынесла аграрыям сапраўдныя выпрабаванні. Амаль усе асноўныя віды работ праходзілі ў рэжыме пазаштатных сітуацый і сталі праверкай на трываласць. Мы змаглі сабраць 18538 тон зерневых і зернебабовых, пры ўраджайнасці 23,1 цэнтнера з гектара, 1125 тон рапсу, пры ўраджайнасці 11,9 цэнтнера. Калісьці гэта было неблагім паказчыкам, але ў апошнія гады вынікі атрымлівалі значна лепшыя і тым большы кантраст у параўнанні з мінулым сезонам, калі надвор’е спрыяла і ў перыяды росту хлябоў, фарміравання коласа, і пры ўборачнай, калі збожжа практычна не трэба было сушыць, а гаспадаркі атрымлівалі рэкордныя ўраджаі. Тым не менш, зноў у ліку першых выканалі дзяржзаказ, у асноўным забяспечылі сябе насенным матэрыялам.

– Недабор збожжа, напэўна, акажа негатыўны ўплыў на зімовае ўтрыманне жывёлы…

– Канечне, хацелася б мець фуражу ў засеках больш. Але жывёла галоднай не застанецца,бо мы пры ўсіх цяжкасцях нядрэнна спрацавалі на нарыхтоўцы кармоў. Маем 2415 тон сена, звыш 36 тысяч тон сенажу, 26462 тоны сіласу, у ААТ “Ільюшынскі”, “Ушацкі райаграсэрвіс” і КУСГП “Глыбачаны” закладзена 3315 тон зернесенажу. Паказчык забяспечанасці травянымі кармамі складае 22,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

– Раслінаводства і жывёлагадоўля — дзве галіны, якія непарыўна звязаны адна з адной. З якімі лічбамі падышлі да прафесійнага свята жывёлаводы раёна?

– У жывёлагадоўлі хапае праблем, але па асобных паказчыках мы выглядаем дастойна нават на абласным узроўні. Сярэднесутачныя прывагі на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы за 10 месяцаў бягучага года склалі 534 грамы – вышэй яны толькі ў 7 раёнах вобласці. Расце пагалоўе жывёлы на УП “Сарочына” – на 1 лістапада 2015 года тут было 6117 свіней, зараз – 10420. За 10 месяцаў атрымана 14371 галава прыплоду супраць 6209 у мінулым годзе – плюс 231,5 працэнта. Дзякуючы гэтаму паказчык вырошчвання жывёлы ў жывой вазе за 10 месяцаў склаў 1716 тон і вырас да адпаведнага перыяду мінулага года на 142,6 працэнта, у тым ліку буйной рагатай жывёлы – 96,8 працэнтаў.

– Як справы ў малочнай галіне?

– У параўнанні з мінулым годам назіраецца невялікі спад – на 0,7 працэнта, але з-за аб’ектыўных фактараў гэтага не пазбеглі большасць раёнаў вобласці. У асобныя месяцы былі значныя прыбаўкі ў надоях, але цяжка даўся пераход на стойлавае ўтрыманне. Ды і тэрміны расцёлаў жывёлы змешчаны: масава пойдуць у снежні-студзені. Сярэдні ўдой малака ад каровы невысокі, але назіраецца рост на 110,5 працэнта і зараз паказчык складае 2597 кілаграмаў. Працуем над павышэннем якасці, бо гэта рэальная крыніца прыбытку. За студзень-кастрычнік мінулага года “экстрай” было здадзена 30,8 працэнта малака, а за аналагічны перыяд бягучага года – 45,8 працэнта. 79 працэнтаў прадукцыі найвышэйшым сортам рэалізавала ААТ “Дземенец”, 64,4 – “Ушацкі райаграсэрвіс”, 57,3 – КУСГП “Вялікадолецкае”, з 12,1 да 53,6 працэнта вырасла доля “экстры” ў ААТ “Ільюшынскі”.

– Звычайна напярэдадні прафесійнага свята падводзяць вынікі і агучваюць лепшых з лепшых…

– У сувязі з тым, што сёлета гаспадаркамі раёна не забяспечаны рост вытворчасці валавой прадукцыі да мінулагодняга ўзроўню, то вынікі спаборніцтваў сярод арганізацый не падводзіліся і прызавыя месцы не прысуджаліся. Але, як заўсёды, на асобных відах работ можна адзначыць дастойных працаўнікоў. Пад канец уборачнай з паказчыкам 1220 тон выйшаў у лідары камбайнер “Глыбачан” А.А.Малахаў, які ў выніку апярэдзіў другога раённага “тысячніка” М.У.Яловіка з “Дземенца” ўсяго на 2 тоны. Больш астатніх, 1190 тон зерня на МАЗ-457 перавёз А.П.Крысёнак з “Ільюшынскага”, але не менш дастойны вынік паказалі і некаторыя іншыя механізатары – У.Д.Жарнасек з “Дземенца” перавёз 1122 тоны на ГАЗ-53, а Г.В.Качан з “Вялікадолецкага” 1131 тону на МТЗ-82! На корманарыхтоўцы адзначыліся камбайнеры КВК-800 з “Ільюшынскага” У.У.Лёля і М.У.Ступко, ветэран галіны з “Глыбачан” В.М.Сапега. На розных відах работ ударна працавалі трактарысты-машыністы В.М.Буйніцкі, А.П.Майсеенка, М.П.Пасах, М.С.Рэут з “Ільюшынскага”, вялікадолецкія механізатары С.А.Філімонаў, Г.Б.Бука, В.В.Бука, А.П.Александроў; В.Ч.Хадасевіч і А.М.Жаваранак з ААТ “Агра-Селішча”, многія іншыя. Лепшымі надоямі і прывагамі вызначыліся ільюшынцы – аператары С.І.Міхейка, Н.В.Маркевіч, І.В.Казачэнка, даглядчыца А.В.Бірукова.

– Леанід Аляксандравіч, застаецца павіншаваць працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці.

– Паважаныя працаўнікі палёў і ферм, ветэраны галіны! Віншую ўсіх з прафесійным святам. Жадаю здароўя, аптымізму і настойлівасці ў дасягненні намечаных мэт. Разам пераадолеем усе цяжкасці, якія б нам ні прыпадносіла прырода.

Гутарыў Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *