Для трудоустройства граждан создана специальная комиссия. Первое её выездное заседание прошло недавно в Двор Плино

Общество

На Ушаччыне, як і ў іншых рэгіёнах краіны, створана камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Двойчы ў месяц – кожны першы і трэці чацвер – прадстаўнікі зацікаўленых ведамстваў збіраюцца разам, каб не толькі ацаніць сітуацыю з працаўладкаваннем жыхароў раёна, але і аказаць ім неабходную кансультацыю, накіраваць на падыходзячыя працоўныя месцы. Ну а каб усё гэта давала максімальны плён, вырашана перыядычна праводзіць выязныя пасяджэнні, каб, як кажуць, дайсці да кожнага.

Такая сустрэча прайшла на бягучым тыдні ў вёсцы Двор Пліна. На яе былі запрошаны беспрацоўныя жыхары названага і суседніх населеных пунктаў. Прычым, некаторых даставілі на месца транспартам Ушацкага сельвыканкама.

Шчыра дзякаваў цэнтру занятасці, кіраўнік якога І.Л.Дунік з’яўляецца да таго ж членам камісіі, грамадзянін П. Не маючы спецыяльнасці, мужчына стаў на ўлік беспрацоўных, удзельнічаў у аплачваемых грамадскіх работах. Яму прапанавалі па трохбаковым дагаворы прайсці навучанне на качагара і ўладкавацца ў райспажыўтаварыства. І такую прывабную магчымасць не ўпусціў – да працоўных абавязкаў прыступіць ужо напачатку ацяпляльнага сезона.

Праблему зацягнутага беспрацоўя ў гэты дзень камісія дапамагла вырашыць грамадзяніну К. 1988 года нараджэння. Вакансію жывёлавода яму прапанаваў удзельнік пасяджэння, загадчык комплексу “Маяк” В.У.Літвін, і з мерапрыемства яны разам накіраваліся на аб’ект. Зрэшты, у цэнтр занятасці мужчыну завітаць усё ж варта: па выдадзеным там накіраванні можна будзе бясплатна прайсці неабходную медкамісію.

Ажыццяўляе догляд за сваёй хворай бабуляй грамадзянін Р. Раней атрымліваў за гэта пэўныя грашовыя выплаты, але іх выдача была прыпынена. Члены камісіі параілі мужчыну звярнуцца ў сацыяльную службу і зноў афіцыйна аформіць догляд за інвалідам.

З нагоды самастойнага працаўладкавання, хоць і часовага, звярнуўся да членаў камісіі грамадзянін П. У свой час праз цэнтр занятасці атрымаў спецыяльнасць качагара, адпрацаваў два сезоны ў райспажыўтаварыстве, а зараз, калі з’явілася вакансія ў Плінскім яслях-садзе, вырашыў яе заняць. Гэта, па словах мужчыны, найлепшы для яго варыянт: ад дома блізка і часу на вядзенне гаспадаркі (трымае коз, парасят) хопіць. Таму ад усіх іншых прапанаваных варыянтаў – а іх было нямала, паколькі грамадзянін мае яшчэ і спецыяльнасць электрыка – ён адмовіўся.

Сур’ёзныя праблемы са здароўем мае грамадзянін Т. Пэўны час існаваў за сродкі, што выплачвала дзяржава з прычыны наяўнасці ў яго трэцяй групы інваліднасці. Аднак апошнюю нядаўна “знялі”, што падкасіла матэрыяльнае становішча мужчыны. Працаваць ён хоча, вось толькі з-за шматлікіх медыцынскіх супрацьпаказанняў знайсці падыходзячы варыянт не можа – перабіваецца выпадковымі заробкамі, ходзіць у лес, здае ягады. Члены камісіі прапанавалі мужчыну вакансіі зборшчыка вырабаў з драўніны ў ААТ “Форэстгандаль” і сацыяльнага работніка ў ТЦСАН. Акрамя таго, было вырашана ўдакладніць у ЦРБ магчымасць вяртання яму групы інваліднасці.

Трэба сказаць, што шэрагу грамадзян дапамога ў пошуку працы была аказана яшчэ падчас падрыхтоўкі да пасяджэння. Так, у асабістай гутарцы старшыні Ушацкага сельскага Савета дэпутатаў М.П.Хоміча з грамадзянкай А., апошняй прапанавана вакансія кухоннага рабочага ў Плінскім яслях-садзе. Яшчэ двое мужчын ужо праходзяць медкамісію – у хуткім часе яны стануць качагарамі.

– Галоўнае, каб у чалавека было жаданне працаваць, – адзначыла намеснік старшыні камісіі, намеснік старшыні райвыканкама В.Л.Хамёнак. – Мы ж у сваю чаргу падтрымаем любую ініцыятыву, зробім усё магчымае і нават больш.

***

Для вырашэння праблем з працаўладкаваннем члены камісіі заклікаюць працаздольных непрацуючых жыхароў раёна прыходзіць ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне для азнаямлення з наяўнымі вакансіямі, праходжання перанавучання (зрэшты, атрымаць спецыяльнасць швачкі з далейшым працаўладкаваннем можна непасрэдна на прамкамбінаце, куды запрашаюцца жанчыны і мужчыны) ці атрымання субсідыі для арганізацыі прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці. У адваротным выпадку гэтыя грамадзяне могуць аказацца ў спісе асоб, якім з 1 студзеня 2019 года трэба будзе аплачваць паслугі, што субсідзіруюцца дзяржавай, па іх поўным кошце. Акрамя таго, не занятым у эканоміцы ўшачанам варта звярнуцца ў камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Калі будзе прызнана, што тыя знаходзяцца ў цяжкой жыццёвай сітуацыі, то іх часткова ці цалкам вызваляць ад аплаты паслуг з пакрыццём выдаткаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *