Интересно жить не запретишь! Совет ветеранов организовал поездку в драмтеатр

В общественных организациях

Тры з паловай гадзіны ў аўтобусе, дзве ў тэатры – і ў зваротны шлях. Схіляю галаву перад стойкасцю людзей, якія не раздумваюць, ці камфортна ім будзе ў школьным аўтобусе. Хто не шукае адгаворак для сябе, як многа ў мяне спраў дома, а пагаджаецца на цікавую прапанову. Хто, жывучы ў глыбінцы, дасць фору многім сталічным жыхарам, бо ведае практычна ўвесь рэпертуар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Настаўніца нямецкай мовы Ушацкай школы Галіна Сяргееўна Данілёнак была ў ім дзявяты раз. Адкрыўшы аднойчы, змагла перадаць пачуццё прыхільнасці перш за ўсё сваім калегам – былым настаўнікам Плінскай школы. Таму палову аўтобуса складалі жыхары Двор Пліна: Алена Антонаўна Леановіч і Тамара Уладзіміраўна Бабянок, Тамара Міхайлаўна Ксянджук і Вольга Пятроўна Азаронак, Кацярына Фёдараўна Касцюковіч і Ірына Генадзьеўна Марковіч. Апошнія, як і Вера Іванаўна Грак, якая прамінула толькі гэты спектакль, –  з пастаянных тэатралаў, хто разам з калегамі пастаянна пускаўся ў падарожжы, за выключэннем дзіцячых пастановак.

І не толькі настаўнікі ехалі на трагікамедыю “Дзед”. Гандлёвы работнік Наталля Вікенцьеўна Прашковіч, Зоя Віктараўна Шайтар і Алена Аляксееўна Коршун, медыкі Андрэй Анатольевіч Карповіч, Валянціна Восіпаўна Дунік і Людміла Міхайлаўна Шарыпенка. Апошняя ўзначальвае ветэранскую арганізацыю бальніцы, і менавіта сваім актывістам, удзельнікам клубаў, мерапрыемстваў прапаноўвала ў першую чаргу цікавы адпачынак старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская. Сама яна перад гэтым пабывала на пастаноўцы тэатра “Тры Жызелі” і, узрушаная, на гэты раз спецыяльна выбірала патрыятычную, ваенную тэматыку. І хаця п’еса “Дзед” аказалася няпростай для ўспрымання, ніхто з ушачан не пашкадаваў аб паездцы ў сталіцу. Вярталіся назад і абмяркоўвалі паводзіны няўдзячных унучкі і нявесткі, якія “вайной” за кватэру ліквідавалі сэнс жыцця ветэрана Вялікай Айчыннай, ляжачага інваліда. Плакалі Любоў Леанідаўна Буевіч і Людміла Аляксандраўна Бабаедава – многія не стрымлівалі слёз, прыгадваючы ці сваіх франтавікоў, ці блізкіх родных: вельмі рэалістычны сюжэт, вельмі шчырая ігра акцёраў.

Дарэчы, з апошнімі ўшацкія гледачы мелі магчымасць пагутарыць. Галоўныя героі затрымаліся на сцэне, каб адказаць на пытанні, а таксама выслухаць словы ўдзячнасці. “Мы былі на вашым баку”, – казалі ўшачане нявестцы-актрысе. Спачувалі франтавіку – памаладзеўшаму пасля паклонаў Сяргею Шымко. “Я заўсёды адчуваю залу, энергетыку гледачоў, – казаў галоўны герой. – Вы былі ўдзячнымі, удумлівымі”.

Вялікі букет ад ушацкай дэлегацыі і здымак на памяць. Эксклюзіўная сустрэча з артыстамі стала магчымай дзякуючы адміністратару тэатра Веры Аляксандраўне Буланда – паэтцы, былой жыхаркі суседняй Лепельшчыны. Тэатральнае сяброўства пачалося з яе прыватнага знаёмства з Галінай Данілёнак на юбілеі Галіны Аляксандраўны Варатынскай. З таго часу падтрымліваюць зносіны, Вера Аляксандраўна паведамляе пра прэм’еры і браніруе білеты ўшачанам, сустракае гасцей. Насамрэч, месцаў у невялікай зале нямнога і, па словах адміністратара, яна пастаянна запоўнена. Таму не паклапаціўшыся загадзя, можна і “пацалаваць замок”.

“Не люблю вялікія храмы, не люблю і вялікіх тэатраў. У гэтую ж камерную залу закахалася” , – казала К.Ф.Касцюковіч. “Бачыш міміку акцёраў без бінокля, быццам сам знаходзішся сярод іх. Тут мінімум дэкарацый – усё трымаецца выключна на таленце і пераўвасабленні акцёраў”, – дзялілася ўражаннямі Алена Уладзіміраўна Філіпчык. А ў трупе маладога тэатра, напрыклад, Народная артыстка Беларусі, былая ўдзельніца трупы коласаўскага тэатра Таццяна Мархель. Былая віцябчанка ў гэты раз не была задзейнічана ў пастаноўцы… Аднак гэта ж не апошні калектыўны адпачынак ушачан. Ёсць шанс стаць удзельнікам яшчэ многіх гісторый, якія, дарэчы, распавядаюцца выключна на беларускай мове.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *