Безработные жители Ушаччины могут получить субсидию на открытие собственного бизнеса

Общество

Пра магчымасць атрымання бязвыплатнай субсідыі на адкрыццё ўласнага бізнесу беспрацоўным жыхарам Ушаччыны мы расказвалі не раз. Аднак да гэтай тэмы ёсць нагода вярнуцца: з 14 чэрвеня ўступілі ў сілу важныя новаўвядзенні.

– Зараз зменены тэрмін разгляду заявы аб аказанні такой дзяржпадтрымкі, пашыраны пералік яе атрымальнікаў, іх абавязацельствы, перагледжаны меры адказнасці за невыкананне ўмоў дагавора, – патлумачылі ў раённай службе занятасці. – Пры гэтым базавыя патрабаванні для прэтэндэнтаў на атрыманне субсідыі засталіся ранейшымі: імі могуць стаць грамадзяне, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і афіцыйна зарэгістраваліся ў якасці беспрацоўных. Ім неабходна падрыхтаваць тэхніка-эканамічнае і фінансавае абгрунтаванне па выбраным відзе індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці (бізнес-план) і падаць адпаведную заяву ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама.

Ёсць абмежаванне: беспрацоўным у выпадку, калі з дня спынення імі індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці прайшло менш 12 месяцаў, а таксама калі раней яны ўжо атрымлівалі субсідыю, фінансавая падтрымка не аказваецца.

Новы зараз тэрмін разгляду дакументаў – 10 рабочых дзён (раней было 14 каляндарных). Пашырыўся і пералік патэнцыяльных атрымальнікаў фінансавай падтрымкі. Раней на яе маглі прэтэндаваць беспрацоўныя, якія плануюць адкрыць прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, зарэгістравацца як ІП ці рамеснікі з выплатай рамеснага збору. Сёння ж такое права атрымалі таксама грамадзяне, якія маюць намер ажыццяўляць самастойную прафесійную (так званыя самазанятыя), а таксама рамесную дзейнасць з выплатай падатка на прафесійны даход. А вось ПУП у новым пераліку няма – і гэтую акалічнасць трэба ўлічваць пры падрыхтоўцы бізнес-плана. Дарэчы, з яго распрацоўкай у службе занятасці гэтак жа гатовы аказаць садзейнічанне.

Сума субсідыі – 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (з 1 жніўня гэта 7315,8 рубля).

Дагавор, які заключаецца, прадугледжвае шэраг абавязацельстваў, пры невыкананні якіх субсідыя падлягае вяртанню з налічэннем няўстойкі. Як і раней, галоўнай падставай для гэтага з’яўляецца нямэтавае выкарыстанне сродкаў. Па новых умовах пачынаючы прадпрымальнік павінен ажыццяўляць сваю дзейнасць не менш 9 месяцаў на працягу года (раней было 6). І ўвесь гэты час неабходна выплачваць падаткі і адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

За атрыманнем кансультацыі можна звярнуцца па адрасе: г.п.Ушачы, вул.Ленінская, д.12 (кабінеты №49 і 50) ці па тэлефонах 5-73-51, 5-88-57.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *