Осенний задел. Аграрии ОАО «Ильюшинский» активно ведут подъём зяби

Сельское хозяйство

Перадзімовае ўзворванне глебы – адзін са складнікаў добрага ўраджаю наступнага года. Таму пакуль надвор’е не прыціснула сур’ёзнымі маразамі, аграрыі ААТ “Ільюшынскі” ставяць задачу па максімуме падняць зябліва, па якім вясной пойдуць культыватары і сеялкі.

На гэтым тыдні актыўна працавала глебаапрацоўчая тэхніка сельгаспрадпрыемства на старасельскіх землях. Немалы фронт работы тут выканаў Міхаіл Рэут на “Кіраўцы”. А ля Звоні, дзе ля дарогі ўжо весела зелянеюць азімыя, па суседнім палетку рухаўся трактар, услед за якім клаліся роўныя рады ўзаранай глебы. Здаецца, яшчэ нядаўна тут стаяў гул камбайнаў, а ўжо закладваецца аснова пад будучы ўраджай. Работы вядуцца строга па тэхналогіі, ды і за такімі спецыялістамі, як Дзмітрый Бурак (на здымку), не патрэбны ніякі кантралёр. Ненадоўга спыніўшы тэхніку, падрэгуляваў агрэгат, вось толькі пагаварыць, як заўсёды, часу не хапае, бо цэніць яго механізатар. Справа гэта для яго зусім не новая: кожны год вясной і восенню Дзмітрый на энерганасычаным МТЗ-3022 з васьмікорпусным плугам апрацоўвае глебу.

– Гэтае поле ў 50 гектараў узару дні за два, галоўнае – каб тэхніка не падвяла. У цэлым жа плошча апрацаваных участкаў па днях розніцца і залежыць не толькі ад вільготнасці глебы і яе структуры, а і контурнасці палёў. На некаторых асабліва не разагнацца, а вось на такіх, як тут, работа ідзе хутчэй. У сярэднім жа за дзень атрымліваецца каля 20 гектараў, – гаворыць механізатар.

Спецыялісты-аграрыі лічаць, што ўздым зябліва дае магчымасць павысіць ураджайнасць культур на 30-40 працэнтаў: на ўзараных з восені землях прадухіляецца рост пустазелля, гінуць хваробатворныя мікраарганізмы, раслінныя рэшткі перагніваюць і ператвараюцца ў свайго роду арганічнае ўгнаенне. Але ўсё ж асноўнай перавагай восеньскага ўзворвання з’яўляецца скарачэнне тэрмінаў вясновых работ. Для “Ільюшынскага”, дзе плануюць пасеяць не менш паўтары тысячы гектараў яравых, гэта асабліва актуальна. Зябліва ж узнята ўжо на плошчы ў тысячу гектараў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *