Пишут юнкоры

Общество

Каля старой бярозы з-пад зямлі выбівалася крынічка. Вада ў ёй была заўсёды чыстая, халодная. Зімой трашчалі лютыя маразы, сажалкі да самага дна прамярзалі, а крынічка жыла. Летам ад спякоты калодзежы высыхалі, а яна ўсё роўна бруілася. Людзі пілі ваду са светлага акенца, адпачывалі ў засені бяроз і ласкава называлі крынічку светлай і блакітнай.

З крынічкі выцякаў ручаёк. Спачатку ён быў маленькі, а потым станавіўся больш паўнаводным і прыгожым. Усе вакол любаваліся ручайком і хвалілі яго за чыстую ваду. Радавалася і крынічка: «Ён у мяне добры, ласкавы», – шаптала яна кветкам і травам.

Але раптам пачулі ўсе, што ручаёк заганарыўся. Нікога не хоча ведаць, нават крынічку перастаў паважаць. «Што яна мне дала? – гаварыў ручаёк. – Ваду чыстую? Мая вада светлая таму, што я праклаў сабе шлях па пясчаных месцах. Халодны я таму, што рэчышча маю глыбокае. А перасыхаць мне не даюць дажджы, бо я з імі сябрую».

Хутка ручаёк зусім разышоўся. Пачаў зносіць кладкі, падмываць берагі. Даведалася аб гэтым крынічка і пакрыўдзілася. Вырашыла правучыць неслуха. I павярнула крынічка свае воды ў другі бок.

А ручаёк даімчаўся да вялікага горада, на ўскрайку якога было шмат заводаў. Прайшло нямнога часу, і ручаёк заўважыў, што людзі, звяры і птушкі перасталі піць з яго ваду, бо яна стала брудная. А яшчэ праз некаторы час ручаёк стаў мяльчэць, зрабіўся слабым. I тады пачаў ён клікаць на дапамогу вецер, хмары і сонца. Але яны адказалі, што нічым яму не змогуць дапамагчы.

Убачыла крынічка, што ручай трапіў у бяду, і пашкадавала яго. Хоць і зазнайка, але ж родны. Павярнула яна свае светлыя воды ў старое рэчышча, і адразу ажыў ручаёк. Разліўся, зазіхацеў сваёю чыстаю вадою. Зразумеў, што ён сам быў вінаваты.

Але ці толькі ён адзін?

Ірына БЫЧЫНСКАЯ, вучаніца 6 класа Касарской ДАСШ-дзіцячага сада



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *