В активном диалоге. Руководство района провело встречу с населением в агрогородке Веркуды

Зваротная сувязь

Увага да чалавека і яго праблем – сутнасць дзяржаўнай палітыкі і работы органаў улады. Тым больш мясцовай, бо яна з’яўляецца першай інстанцыяй, куды людзі ідуць за парадай, падтрымкай у вырашэнні розных жыццёвых пытанняў. Магчымасцяў зрабіць гэта дастаткова: прыёмы грамадзян, “прамыя лініі”, адзіныя дні інфармавання… Дзейснай формай работы органаў раённай улады, ідэалагічнага актыву з’яўляецца таксама правядзенне сустрэч з насельніцтвам па месцы жыхарства. Адна з такіх прайшла на бягучым тыдні ў аграгарадку Вяркуды.

Напачатку мерапрыемства перад прысутнымі выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.П.Котаў, які ахарактарызаваў сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў раёне, перспектывы  яе развіцця. На сённяшні дзень у эканоміцы заняты 5404 чалавекі, што больш, чым было летась. Высокі ў раёне паказчык экспарту – 200,9 працэнта ад даведзенага плана. Гандлёвае абслугоўванне ажыццяўляюць 102 аб’екты, 70 з якіх знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, у многія населеныя пункты заязджаюць 8 аўтамагазінаў. На ўсіх прадпрыемствах праводзіцца работа па зніжэнні ўзроўню затрат, нарошчванне вытворчасці прадукцыі і паслуг.

Але не ўсё на Ушаччыне так бязвоблачна. Аб пэўных праблемах, а таксама шляхах іх вырашэння ўдзельнікам сустрэчы расказаў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. У прыватнасці, Уладзімір Генадзьевіч дэталёва спыніўся на тэме барацьбы з баршчэўнікам, якім заняты значныя плошчы раёна і непасрэдна аграгарадка. Не застанецца без увагі і будынак закрытай сёлета мясцовай школы, які не павінен пуставаць. Не лепшыя часы перажываюць зараз многія гаспадаркі. Выратаваць сітуацыю павінна стварэнне ў вобласці адзінага аграпрамысловага холдынгу, куды ўвойдуць усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

Да старшыні райвыканкама было нямала хвалюючых пытанняў. Так, удзельнікаў сустрэчы непакоіў стан дарогі да могілак у вёсцы Цётча: праехаць, асабліва ў непагадзь, там практычна немагчыма. З гэтай праблемай мясцовыя жыхары ўжо звярталіся ў сельвыканкам, іншыя службы, аднак праведзенае грэйдзіраванне годнага выніку не дало. Па даручэнні У.Г.Аўдошкі ўжо на наступны дзень для высвятлення ўсіх абставін на месца выехала група спецыялістаў. У бліжэйшы час на праблемнай дарозе будуць “зрэзаны” ўзгоркі, праведзена падсыпка ў нізінах.

Паскардзіліся жыхары Вяркуд і на значную розніцу ў суме арэнднай платы за дамы, атрыманыя ў свой час ад гаспадаркі. Так, адна жанчына, якая пасялілася па вуліцы Маладзёжнай у 2007 годзе, аплачвае штомесяц па 2 рублі 67 капеек. Другая ж, якая справіла наваселле ў такім жа доме ў 2015-м, вымушана даставаць з кішэні ажно па 34 рублі! Кіраўніцтву ЖКГ Ушацкага раёна даручана разабрацца ў сітуацыі і даць неабходныя насельніцтву тлумачэнні.

Амаль ва ўсіх дамах па вуліцы Сонечнай пачалі развальвацца дымаходы, а на ўчастку адной жыхаркі з-за адсутнасці адводнага канала пастаянная сырасць. У бліжэйшы час спецыялісты названай службы выедуць на месца, каб ацаніць абстаноўку і прыняць неабходныя меры.

Яшчэ адзін зварот да старшыні райвыканкама датычыўся саманарыхтоўкі дроў. Уздоўж дарогі да вёскі Прудок і ў іншых месцах нямала кустоўя, якое можна выразаць. Зрабіць гэта прапанавалі самі жыхары – і ім драўніна, і дарожнікам менш клопатаў. У.Г.Аўдошка выказаў упэўненасць у станоўчым вырашэнні ўзгаданага пытання. Зрэшты, як і многіх іншых, што паступілі падчас сустрэчы з насельніцтвам у Вяркудах.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *