Гостями клуба «Ушачане» стали интересные люди разных национальностей

Общество

У бушуючым моры сучасных міжнацыянальных канфліктаў Беларусь выглядае астраўком стабільнасці. І гэта невыпадкова, бо памяркоўнасць называюць адной з галоўных рыс нашых суайчыннікаў, а паважлівыя адносіны да прадстаўнікоў розных нацый – прынцып беларускай дзяржаўнай палітыкі. Ніколі міжнацыянальная варожасць не была крыніцай істотных праблем і на Ушаччыне, дзе, па статыстычных даных, зараз пражывае 215 чалавек з ліку нацыянальных меншасцяў. А таму Міжнародны дзень талерантнасці, які па ініцыятыве ААН адзначаецца 16 лістапада, мы па праве можам лічыць адметным святам – і менавіта да яго было прымеркавана чарговае пасяджэнне клуба цікавых сустрэч “Ушачане”, гасцямі якога ў гэты раз сталі людзі, па біяграфіі якіх можна вывучаць геаграфію.

Кнігу “Кабзар” і зборнік украінскіх казак прынесла на пасяджэнне ў раённую бібліятэку Ала Васільеўна Апёнак – гэта рэліквіі, якія жанчына прыхапіла з сабой, ад’язджаючы з роднай Украіны. Нарадзілася яна ў Казахстане, дзяцінства і юнацтва правяла ў Луганску, працавала ў Кемераве, Рызе, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам, які аказаўся ўраджэнцам нашага раёна. Так і трапіла ў Беларусь і вось з 1991 года жыве ў Ільюшыне, працуе ў мясцовай бібліятэцы, з’яўляецца ўдзельніцай клуба нацыянальных культур “Дружба”. “Радзіма” – нават і не скажу дакладна, які сэнс укладаю ў такое паняцце – ці гэта месца, адкуль паходзіць твой род, ці тое, да якога на працягу жыцця прырос каранямі”, – разважае Ала Васільеўна.

Украінскай беларускай можа назваць сябе і Вікторыя Станіславаўна Гугіна, першая частка жыцця якой прайшла ў горадзе з прыгожай назвай Белая Царква. Вучоба ў Гомелі і замужжа скіравалі яе лёс у беларускі бок, ва Ушачы год таму перавезла і тату – такім чынам, родных ва Украіне больш не засталося, аднак месца, дзе нарадзілася, жанчына прыгадвае з настальгіяй. Свае пачуцці яна выказала ў вершах і спевах. “На маю думку, беларусам можна павучыцца ва ўкраінцаў шанаванню роднай мовы, бо ад некаторых маіх цяперашніх суайчыннікаў чую меркаванні пра яе штучнасць. Я ж цалкам падзяляю выснову, што калі ёсць мова – ёсць нацыя”, – разважае Вікторыя Станіславаўна.

І калі ўкраінцы, па статыстыцы, складаюць каля 3 працэнтаў ад колькасці жыхароў Беларусі, то грамадзян з рускай нацыянальнасцю ў нашай краіне каля 13 працэнтаў. Шмат такіх і сярод ушачан. Вядомай у раёне асобай з’яўляецца народны майстар Уладзімір Іванавіч Бязрукаў, работы якога можна назваць візітоўкай нашага краю. Ды і як жа мог не стаць творцам чалавек, які нарадзіўся ў горадзе з назвай “Пушкіна”! Зрэшты, шматлікія яго таленты раскрыліся менавіта на Ушаччыне, а пры стварэнні сваіх ганчарных шэдэўраў ён выкарыстоўвае беларускія арнаменты. На пасяджэнні клуба майстар наладзіў міні-выставу керамікі і мастацкіх фота, якія прывялі ў захапленне ўсіх прысутных.

А вось у наступных планах раённай бібліятэкі – выстава мастацкіх вырабаў Людмілы Аляксееўны Асташкевіч, у пашпарце якой таксама было пазначана “руская”. Лёс пакідаў яе па свеце: давялося жыць і працаваць у Прыбалтыцы, на Каўказе, у Магадане і нават на Сахаліне. “У савецкія часы мы сапраўды былі адной сям’ёй народаў, – прыгадвае жанчына. – Нават у Эстоніі, якую лічылі, напэўна, найбольш нацыяналістычнай рэспублікай, да нас, рускіх, ставіліся памяркоўна, але каб заваяваць прыхільнасць, трэба было прадэманстраваць павагу да мясцовай мовы і звычаяў. Давялося некаторы час працаваць там у сферы сувязі, а асобныя работнікі амаль не ведалі рускую мову, і каб мець з імі зносіны, я рабіла “шпаргалку”, дзе ў транскрыпцыі запісвала самыя патрэбныя эстонскія фразы. Здараліся, праўда, і кур’ёзы: неяк ноччу пасля ліквідавання абрыву на лініі збіралася сказаць пажылому манцёру, што ён можа ісці дамоў, а замест гэтага адправіла “ў далёкае падарожжа” – праўда, ён не пакрыўдзіўся, а развесяліўся. Калі ж жылі ў Тбілісі, мая дачка сама захацела вывучаць у школе грузінскую мову, хоць яе маглі вызваліць ад гэтага. Увогуле ж у гэтым горадзе меліся рускія, армянскія і абхазскія школы. Не хочацца ідэалізаваць савецкія часы, хапала і тады перагібаў, але нацыянальнае пытанне не стаяла так востра, як пазней, калі рэспублікі пайшлі па ўласным шляху”.

На жаль, менавіта нецярпімасць, знявага да традыцый і адметнасцяў людзей іншых рас, нацый і народнасцей вельмі часта правакуе канфлікты. І гэтым умела карыстаюцца тыя, хто зацікаўлены ў іх распальванні. “Ваююць не народы, а вярхі, якія не могуць падзяліць уладу і грошы, – выказалі агульнае меркаванне ўдзельнікі гэтай цікавай і цёплай сустрэчы. – Беларускі народ не толькі талерантны, але і мудры, таму на нашай тэрыторыі міжнацыянальная варожасць ніколі не стане істотнай праблемай”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *