Когда не важно, сколько в паспорте! Активист ветеранской организации Владимир Мамаев отметил юбилей

Ветераны с нами

Актыўны, ініцыятыўны і малады душой! Менавіта так можна сказаць пра Уладзіміра Ільіча Мамаева, які днямі адзначыў 80-гадовы юбілей. Яго добра ведаюць і паважаюць многія ўшачане.

Пра сваё жыццё ён можа не расказаць, а… праспяваць. У адну з любімых песень пра гармонік, здаецца, уклалася ўся біяграфія гэтага чалавека. “Калі мне было 14 гадоў, бацька падарыў мне гармонік, іграць навучыўся сам, а гэты інструмент суправаджаў мяне ўсё жыццё. Падчас армейскай службы, якую праходзіў у групе савецкіх войск у Германіі, немцы часта прасілі сыграць “Кацюшу”, на танцы заўсёды бег з гармонікам. І зараз час ад часу бяру інструмент у рукі”, – прыгадвае Уладзімір Ільіч.

Жыццё не было лёгкім і бясхмарным, калі яму было тры гады, пачалася вайна, таму акунацца ў дзіцячыя ўспаміны не вельмі любіць. Магчыма, ён мог бы звязаць сваю прафесію з музыкай, аднак абраў зусім іншую справу – шахцёра, з якой справіўся б далёка не кожны. “Займаўся здабычай вугля ў Кемераўскай вобласці, работы праходзілі на глыбіні 750 метраў! – расказвае ветэран працы. – Пачынаў звычайным вучнем, днём працаваў, а ўвечары паспяваў вучыцца, спачатку ў тэхнікуме, а пазней і інстытуце, атрымаў адпаведную спецыяльнасць – падземная распрацоўка вугальных месцараджэнняў. Да працы заўжды ставіўся надзвычай сумленна, ніколі не рабіў яе, спусціўшы рукавы, і імкнуўся быць на перадавых пазіцыях. Маё прозвішча нават знаходзілася на гарадской Алеі славы, куды любіла хадзіць дачка, цягнула за руку туды маці са словамі: “Пойдзем тату паглядзім!”

Здабыўшы не адну тысячу тон вугалю за больш чым 10 гадоў, У.І.Мамаеў крыху змяніў накірунак дзейнасці, але работа ўсё роўна была звязана з небяспечнымі шахтамі: пераехаў у Казахстан, дзе доўгі час працаваў у Алма-Аце на будаўніцтве метро. Двойчы ён аказваўся пад заваламі, але, на шчасце, абыходзілася толькі траўмамі. Пасля чаго вырашыў паставіць кропку ў прафесійнай дзейнасці і адправіцца на заслужаны адпачынак. Добрага працаўніка не хацелі адпускаць і нават разглядалі гэта пытанне на партыйным сходзе. Пасля выхаду на пенсію лёс прывёў яго ў 2002-м годзе ў наш азёрны край. Зрэшты, пра Ушачы ўраджэнец Алтайскага краю раней не ведаў, але адзіная яго дачка выйшла замуж за ўраджэнца Цялічына.

Тут ён хутка асвоіўся і знайшоў шмат сяброў і аднадумцаў. Больш дзесяці гадоў спявае ў хоры народнага клуба “Ветэран”, з’яўляецца актыўным удзельнікам і старшынёй клуба “Надзея”, што дзейнічае пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

А яшчэ ён вялікі аматар спорту. У калектыве шахцёраў у свой час быў трэнерам па футболе і меў першы разрад па валейболе. А ў нашым раёне вядомы, як адзін з самых актыўных удзельнікаў шахматна-шашачнага клуба. Ён у курсе ўсіх навін спорту ў свеце і краіне, бо сочыць за важнейшымі спаборніцтвамі па тэлевізары, ведае многіх спартсменаў. Пры гэтым Уладзімір Ільіч паспявае знайсці час і для грамадскай дзейнасці, з’яўляючыся членам прэзідыума раённага савета ветэранаў. “Вы – душа ветэранскай арганізацыі, будзьце яшчэ доўга такім ініцыятыўным і лёгкім на пад’ём!” – адзначала намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, уручаючы юбіляру Ліст падзякі за актыўны ўдзел у раённых грамадскіх мерапрыемствах. Шмат цёплых слоў і віншаванняў прагучала ад актывістаў ветэранскай арганізацыі і сяброў. Запамінальным стала і мерапрыемства ў аддзяленні ТЦСАН.

Нягледзячы на ўзрост, ён выглядае маладзей сваіх гадоў. Сакрэт жа сваёй бадзёрасці і даўгалецця Уладзімір Ільіч тлумачыць проста: важна не колькі ў пашпарце, а што ў думках і душы!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *