Профсоюзная первичка Ушачской ЦРБ — одна из лучших в районе

В общественных организациях

Пярвічная прафсаюзная арганізацыя Ушацкай ЦРБ, якая аб’ядноўвае 345 чалавек, – адна з найбуйнейшых у нашым раёне. А таму штодзённых клопатаў у яе лідара М.Г.Харэвіч нямала. Людзі ідуць да яе з самымі рознымі пытаннямі: ад вырашэння працоўных спрэчак да арганізацыі вольнага часу, аздараўлення.

На ўзгаданай грамадскай пасадзе старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі вось ужо 6 гадоў. “Шчыра кажучы, напачатку вельмі баялася, што не здолею апраўдаць давер калег, – прызнаецца жанчына. – Дагэтуль у прафсаюзных справах не ўдзельнічала, а таму давялося ўсё вывучаць з нуля”. Між тым, хваляванні Марыны Генадзьеўны былі дарэмныя: пад яе старшынствам пярвічка ўстановы аховы здароўя не толькі не разгубіла лепшых традыцый, закладзеных папярэднікамі, але і стала арганізатарам многіх новых цікавых спраў. Пацвярджэнне таму – граматы і дыпломы, якія ўпрыгожваюць паліцы ў кабінеце прафсаюзнага лідара. Сярод апошніх – Падзяка прэзідыума абласнога камітэта Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аховы здароўя. Не раз станавілася грамадскае аб’яднанне і пераможцам раённага конкурсу сярод прафсаюзных пярвічак Ушаччыны.

– Марына Генадзьеўна, у чым, на Ваш погляд, заключаецца асноўная роля прафсаюзнага лідара?

– Гэта найперш работа з людзьмі – і тут важна ўмець выслухаць, дапамагчы. Да таго ж, адстойваючы інтарэсы членаў калектыву, трэба знаходзіць разуменне ў кіраўніцтва. У нас гэта, на шчасце, атрымліваецца. Галоўны ўрач Сяргей Анатольевіч Маісееў падтрымлівае ідэі і задумы прафкама, у нас склалася добрая практыка сацыяльнага партнёрства. Так, скажам, у калектыўным дагаворы прадугледжана матэрыяльнае заахвочванне работнікаў, якія заваявалі прызавыя месцы ў раённых конкурсах, бясплатнае выдзяленне аўтатранспарту для выезду ўдзельнікаў культурна-масавых мерапрыемстваў, а таксама памяшканняў для заняткаў калектыву мастацкай самадзейнасці, спартыўных секцый, гурткоў.

– Якія накірункі работы лічыце для сябе прыярытэтнымі?

– У прафсаюзнай рабоце важна ўсё: арганізацыя годных умоў працы, адпачынку і вольнага часу, культурныя мерапрыемствы… Але, напэўна, асноўнай задачай заўсёды было і застаецца захаванне здароўя. Для змяншэння кошту дзіцячых пуцёвак у летніках бацькам аказваецца пэўная матэрыяльная дапамога. Яе атрымліваюць і самі работнікі, якія аздараўліваюцца ў беларускіх санаторыях. Таксама заахвочваем актывістаў, што імкнуцца весці здаровы лад жыцця, – некалькі разоў у месяц яны могуць бясплатна наведваць басейн ці трэнажорную залу ў “Юнацтва-Ушачы”.

– Як яшчэ ўшацкія медыкі праводзяць вольны час?

– Штогод наведваем фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, часта бываем у тэатрах – сёлета двойчы выязджалі ў Мінск. Розныя святы, конкурсы прафмайстэрства праводзім і непасрэдна ў сценах бальніцы. Так, ужо сталі традыцыйнымі конкурс “Лепшы па прафесіі”, святкаванне Новага года, 8 Сакавіка, Дня маці, Дня медыцынскага работніка і іншых дат. І тут, вядома, не абыходзіцца без нашых актывістаў. Сярод іх назаву Юлію Паршонак, Ілью Бірукова, Ірыну Голік, нашу маладую “зорачку” Анастасію Севярын. І гэты спіс можна працягваць доўга…

Без удзелу прафсаюзнай пярвічкі ЦРБ не праходзіць амаль ніводнае мерапрыемства раённага ўзроўню. У вашай камандзе нямала добрых спартсменаў, артыстаў. Як выяўляеце таленты?

– Многіх выявілі яшчэ да мяне (усміхаецца). Што ж датычыцца маладых спецыялістаў, то адно з першых пытанняў, якія я ім задаю пры асабістай гутарцы, – чым яны захапляюцца, што ўмеюць.

– Які ваш галоўны прынцып у жыцці і рабоце?

– Як сказаў Максім Горкі: “Трэба любіць тое, што робіш. І тады праца ўзвысіцца да творчасці”. Жыццё дынамічнае, таму заўсёды трэба рухацца наперад. Толькі так можна дасягнуць поўнага задавальнення, а калі адчуваеш падтрымку калег – тым больш. Упэўнена: іншага такога калектыву няма!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *