Достижения и проблемы ушедшего года. На сессии райсовета обсудили работу по социально-экономическому развитию региона и прогнозные показатели на 2019-й

Общество

На заключную, Х сесію раённага Савета дэпутатаў, пасяджэнне якой адбылося напрыканцы мінулага года, быў запрошаны пашыраны спіс удзельнікаў, бо разглядаліся справаздача раённага выканаўчага камітэта аб рабоце па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ў 2018 годзе, а таксама прагнозныя паказчыкі і бюджэт раёна на 2019-ы – пытанні, якія датычацца кожнага калектыву і кожнага жыхара раёна.

У сваёй справаздачы старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка адзначыў, што ў 2018 годзе ўдалося захаваць станоўчую дынаміку сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Чакаецца выкананне 7 з 13 асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця: па экспарце тавараў – тэмп росту 150,6 працэнта пры заданні 104,8; колькасці працаўладкаваных грамадзян на створаныя новыя рабочыя месцы – 60 пры такім жа заданні; рознічным тавараабароце гандлю – 106,5 працэнта пры заданні 106; будаўніцтве жылля – 2800 метраў квадратных пры плане 2300; а таксама па аб’ёму будаўніча-мантажных работ, зніжэнні ўзроўню затрат, удзельнай вазе пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці. Забяспечана таксама станоўчая дынаміка па валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі.

Разам з тым, кіраўнік раёна спыніўся на праблемах, што вырашыць пакуль не ўдаецца. Напрыклад, дэмаграфічнай сітуацыі, якая, як і ў цэлым па вобласці, характарызуецца скарачэннем колькасці насельніцтва. У нашым раёне яно зменшылася за год амаль на 150 чалавек. Разам з тым, радуе той факт, што паступова Ушаччыну ў якасці пастаяннага месца жыхарства сталі выбіраць людзі з іншых рэгіёнаў. Па выніках 9 месяцаў 2018 года у раён прыбыла на 45 чалавек больш, чым выехала.

Значную ўвагу ў сваім дакладзе У.Г.Аўдошка ўдзяліў і рабоце раённай вертыкалі ўлады па садзейнічанні занятасці насельніцтва, адзначыўшы, што каля тысячы чалавек не прымаюць удзелу ў фінансаванні дзяржаўных затрат. У сувязі з рэалізацыяй Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 г. “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” ўзрасла колькасць людзей, якія звяртаюцца ў службу занятасці – 346 чалавек за 11 месяцаў 2018 года. Востры недахоп кадраў назіраецца ў сельскагаспадарчай галіне, прычым патрэбны як спецыялісты – ветурачы, заатэхнікі і аграномы, так і механізатары, аператары машыннага даення, жывёлаводы. Наогул, нізкія паказчыкі гаспадарак раёна ў многім і абумоўлены гэтай праблемай – не сакрэт, што кадравы патэнцыял той жа жывёлагадоўчай галіны пакідае жадаць лепшага, бо звыш 30 працэнтаў работнікаў злоўжываюць алкаголем, парушаюць працоўную і вытворчую дысцыпліну. Акрамя чалавечага фактару, негатыўны ўплыў на вытворчасць малака і мяса, а таксама прадукцыі раслінаводства аказвае адсутнасць свабодных грашовых сродкаў для набыцця пад поўную патрэбу канцэнтратаў (30 працэнтаў), мінеральных угнаенняў (26,8), запасных частак (49), сродкаў аховы раслін (90).

Хапае праблемных момантаў і ў прамысловасці раёна, але ў цэлым галіна характарызуецца ростам аб’ёмаў вытворчасці і рэнтабельнай работай. У многім – дзякуючы дынамічнаму развіццю філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Прамысловасць з’яўляецца і асноўным відам дзейнасці шэрагу малых і мікрапрадпрыемстваў, прычым у большасці яны займаюцца дрэваапрацоўкай і забяспечваюць больш 70 працэнтаў ад гадавога аб’ёму экспарту раёна, а гэта – каля 500 тысяч долараў ЗША. Знешнегандлёвыя аперацыі ў мінулым годзе праводзіліся з 14 краінамі свету, а прадукцыя пастаўлялася ў 11. Асноўныя продажы ажыццяўляліся ў Бельгію (39,6 працэнта), Расійскую Федэрацыю (16,2), Нідэрланды (13,9), Германію (8,0), Іспанію, (7,4), Латвію (6,6), Літву (6,1), а таксама Эстонію, Польшчу, Францыю. Галоўнымі экспартнымі таварамі сталі прадукцыя дрэваапрацоўкі, кошыкі плеценыя, бабіны, катушкі з паперы і кардону, спажывецкія тавары.

Складаней абстаяць справы з выкананнем паказчыка па экспарце паслуг. У 2017 годзе была забяспечана яго станоўчая дынаміка, а вось за студзень-кастрычнік 2018-га фактычны тэмп росту склаў 86 працэнтаў да мінулагодняга ўзроўню. Асноўны ўплыў на выкананне паказчыка аказвае санаторый “Лясныя азёры”, на долю якога прыходзіцца 91 працэнт экспарту паслуг. Акрамя таго турыстычнымі паслугамі займаюцца ТДА “Вікінг-турыстык” і Ушацкі лясгас. У цэлым па раёне ад усяго аб’ёму экспарту паслуг 83,1 працэнта прыходзіцца менавіта на турыстычныя, 12,9 – медыцынскія, 3,8 – транспартныя. Асноўнымі іх спажыўцамі з’яўляюцца расіяне – 97,2 працэнта. Паслугамі арганізацый раёна таксама карыстаюцца грамадзяне Германіі, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Італіі, Нідэрландаў, Турцыі.

У 2018 годзе забяспечана стабільнае і дынамічнае развіццё спажывецкага гандлю. Рознічны тавараабарот павялічаны на 6,5 працэнта, рост забяспечаны практычна па ўсіх таварных групах. Гэтаму ў многім садзейнічала і адкрыццё ва Ушачах магазінаў гандлёвых сетак “Дабраном” і “Востраў чысціні”. Але па-ранейшаму галоўнае месца на спажывецкім рынку належыць Ушацкаму райспажыўтаварыству, якое ў мінулым годзе ажыццяўляла гандлёвае абслугоўванне насельніцтва і ў Полацкім, Глыбоцкім, Мёрскім раёнах. Праведзены рамонт з элементамі мадэрнізацыі 3-га паверха магазіна “Універмаг”, адкрыта спецыялізаваная гандлёвая кропка па продажы посуду і тавараў для дома, заменена абсталяванне ў магазіне “На Віцебскай”, набыты новы аўтамагазін, для зручнасці спажыўцоў працягваецца работа па пераводзе магазінаў на поўнае самаабслугоўванне. Зараз у такім фармаце функцыянуе ўжо 7 гандлёвых аб’ектаў, а ў 2019 годзе будзе яшчэ 10. Кафэ “Папараць-кветка” пасля мадэрнізацыі ў мінулым годзе стала адным з улюбёных месцаў адпачынку дзяцей і дарослых – рознічны тавараабарот вырас на 16,6 працэнта. Райспажыўтаварыства і надалей будзе працягваць мадэрнізацыю сваіх кропак, працаваць над новымі формамі абслугоўвання пакупнікоў, каб вытрымліваць канкурэнцыю, бо ў гарпасёлку плануецца будаўніцтва яшчэ двух буйных гандлёвых аб’ектаў.

Ужо вядуцца падрыхтоўчыя работы па ўзвядзенні на вуліцы Віцебскай яшчэ аднаго 40-кватэрнага дома, уведзены ў эксплуатацыю памяшканне для ўтрымання сухастойных кароў на МТФ “Завячэлле”, новая аварыйна-выратавальная часць Ушацкага РАНС, працягваюцца рамонт і рэканструкцыя ясляў-сада №3, музея, дзіцячай школы мастацтваў. УП ЖКГ праводзіла работы па бягучым і часткова па капітальным рамонтах 2,9 тысячы квадратных метраў жыллёвага фонду ў гарадскім пасёлку і Градзянцы. З укладкай новых, папярэдне ізаляваных труб страты цяпла знаходзяцца ў дапушчальных нарматывах. У рамках правядзення Года малой радзімы значная ўвага надавалася пытанням добраўпарадкавання населеных пунктаў, навядзенню парадку на зямлі, барацьбе з баршчэўнікам – мерапрыемствы раённых праектаў і праграм будуць працягнуты і ў 2019-ым.

Адзначаны і дасягненні ў сацыяльнай сферы, куды накіроўваецца большая частка сродкаў бюджэту. Матэрыяльна-тэхнічная база і кадравы патэнцыял устаноў аховы здароўя дазваляюць аказваць насельніцтву раёна кваліфікаваную медыцынскую дапамогу. Дзякуючы своечасовым рэабілітацыйным мерапрыемствам у параўнанні з 2017 годам зафіксавана значнае зніжэнне пярвічнага выхаду на інваліднасць у працаздольным узросце (74,4 працэнта да мінулагодняга ўзроўню), на 24 працэнты зменшылася колькасць памерлых ад знешніх прычын, палепшылася выяўленне анкалагічных захворванняў, знізілася колькасць зваротаў за хуткай медыцынскай дапамогай. ТЦСАН Ушацкага раёна павялічыў колькасць грамадзян, якія ахоплены комплексным абслугоўваннем на доме, сёння гэта амаль 600 чалавек, разавых паслуг насельніцтву аказана на 17 працэнтаў больш мінулагодняга, укараняюцца новыя іх віды.

У сістэме адукацыі раёна праведзена аптымізацыя сеткі ўстаноў, да навучальнага года якасна падрыхтаваны ўсе аб’екты. Падвоз школьнікаў ажыццяўляюць 11 аўтобусаў. Забяспечанасць дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі складае 98 працэнтаў пры нарматыве ў 85. Усе дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымліваюць спецыяльную адукацыю і карэкцыйна-педагагічную дапамогу, 100 працэнтаў школьнікаў у бягучым навучальным годзе атрымліваюць гарачае харчаванне. Аб паспяховай дзейнасці педагогаў сведчаць лічбы: у 2018-ым 20 вучняў школ раёна ўзнагароджаны пахвальнымі лістамі за асаблівыя дасягненні па вывучэнні асобных прадметаў, дзве выпускніцы атрымалі залаты медаль, дзве дзевяцікласніцы – пасведчанні з “адзнакай”, 42,5 працэнта адзінаццацікласнікаў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Вучні раёна заваявалі тры дыпломы на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, двое ўвайшлі ў лік пераможцаў заключнага этапу.

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы” стаў сапраўдным цэнтрам спартыўнага жыцця раёна і яго праца знаходзіцца на асаблівым кантролі. Вядзецца работа па запаўненні аб’екта, каб павялічыць яго самаакупнасць – на базе комплексу праведзены вучэбна-трэніровачныя зборы Нацыянальнай зборнай краіны і зборнай Віцебскай вобласці па дзюдо, школ алімпійскага рэзерву з Санкт-Пецярбурга па валейболе і гандболе, Цэнтра алімпійскага рэзерву Мінска па водных відах спорту (двойчы). Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа ў 2018 годзе падрыхтавала 57 навучэнцаў да ўзроўню 2 і 3 юнацкіх разрадаў, 5 навучэнцаў выканалі нарматыў 1 разраду, яшчэ 3 – кандыдатаў у майстры спорту. Два выхаванцы з аддзялення дзюдо накіраваны ў вучылішча алімпійскага рэзерву. На базе школы праведзена 4 адкрытыя турніры, а наша ДЮСШ прыняла ўдзел у 39 спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Таксама ў мінулым годзе ў школе адкрыта аддзяленне па плаванні.

Традыцыйна шмат дасягненняў за год сабрала галіна культуры. Плённа працавалі калектывы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, выкладчыкі і выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў. Пералік дыпламантаў і лаўрэатаў конкурсаў і фестываляў атрымаўся б вельмі вялікім. Зрэшты, пра ўсе адметныя поспехі нашых таленавітых землякоў мы паведамлялі на працягу года.

Па кожнай са сфер сацыяльна-эканамічнага жыцця раёна У.Г.Аўдошка агучыў і планы, на дасягненне якіх будзе накіравана работа выканаўчай улады, дэпутатаў і грамадскасці, даваў абгрунтаванне іх неабходнасці. Дэпутаты райсавета аднагалосна падтрымалі ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы Ушацкага раёна на 2019 год і праект бюджэту. Ад іх жа выканання будзе залежыць рэалізацыя галоўнай мэты дзейнасці ўлады – паляпшэнне сацыяльнага становішча насельніцтва і павышэнне яго дабрабыту.
Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *