Представители организаций Ушаччины поспорили за звание лучших на первенстве района по хоккею

Cпорт

Гарачы лёд. Менавіта такі выраз, хоць і з’яўляецца неверагодным, яскрава характарызаваў дзейства, што адбывалася ў мінулую суботу на катку ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Раённае першынство па хакеі сярод арганізацый ладзілася на Ушаччыне ўпершыню і сабрала на лядовай пляцоўцы нямала аматараў гэтай гульні.

Дастаткова цёплае надвор’е паспрыяла добраму настрою балельшчыкаў. А вось арганізатарам спаборніцтваў і ўдзельнікам каманд прынесла нямала выпрабаванняў.

– Рыхтаваліся ўчора да позняга, – расказаў старшыня раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Андрэй Жыткоў. – Спадзеючыся хаця б на невялікі мінус, падлівалі і размяркоўвалі ваду па пляцоўцы. Вось толькі старанні былі дарэмныя – пакрыццё так і не “прыхапілася”. Давялося тэрмінова мяняць планы і пераносіць гульню на “арэну” па-суседстве.

Ужо з першых хвілін лядовых баталій стала зразумела: сумаваць не давядзецца ні суддзям, ні гледачам. Усе шэсць каманд, як ладныя хакейныя дружыны, даказвалі сваю спартыўную годнасць, а іх трэнеры час ад часу не стрымліваліся і “падбадзёрвалі” сваіх падапечных моцным слоўцам. Гульні атрымаліся азартнымі і відовішчнымі.

Першымі на пляцоўку выйшлі прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і цэнтральнай раённай бальніцы.

– На каньках не стаяў са школьных часоў, – падзяліўся з намі ўрач Аляксандр Вусько. – Аднак абараніць гонар роднай установы, “прарэкламаваць” здаровы лад жыцця ўшачанам і з карысцю правесці выхадны дзень – справа гонару для мяне і ўсёй нашай каманды.

Дарэчы, такі настрой не пакінуў медыкаў без добрых вынікаў. Аўтарамі забітых галоў сталі ўсе трое ігракоў каманды: акрамя Аляксандра гэта Уладзіслаў Якубёнак і Уладзімір Цвяцінскі. Першыя ж два праявілі сваю ўніверсальнасць, годна спраўляючыся па чарзе з ролямі і галкіпера, і нападаючага, і абаронцы.

Вельмі напружанай атрымалася гульня паміж санаторыем “Лясныя азёры” і райаддзелам па надзвычайных сітуацыях. Падчас нядаўняга Дня снегу на аналагічных спаборніцтвах абедзве каманды былі ў ліку прызёраў (другое і трэцяе месцы адпаведна), а таму іх імкненне захапіць на гэты раз абсалютнае лідарства было бясспрэчным. Але ўдача зноў аказалася на баку “Лясных азёр”. Заўзята падтрымліваў каманду, а потым спрабаваў ухапіць клюшку самы юны балельшчык першынства Назар Парашкін, якому ўсяго 1 год і 7 месяцаў – за санаторый выступаў тата хлопчыка Андрэй.

Самай вялікай аказалася група падтрымкі ў зборнай каманды райаддзела ўнутраных спраў і Дэпартамента аховы. “Пахварэць” за сваіх прыйшлі, здаецца, усе, хто быў у гэты дзень не на дзяжурстве. І не прагадалі! І калі ў спрыце Андрэя Бутоўскага, які адну за адной накіроўваў шайбы ў вароты сапернікаў, ніхто не сумняваўся, то надзейны тыл з боку галкіпера Сяргея Герцыка прывёў прысутных у захапленне. “А прыз лепшаму варатару не прадугледжаны?” – прама падчас гульні жартаваў участковы інспектар міліцыі. І, трэба сказаць, меў на гэта цалкам заслужаныя падставы.

Вельмі эфектна выглядала на лядовай пляцоўцы зборная каманда Ушацкай сярэдняй школы і раённага сектара спорту і турызму. І калі выратавальнікаў яна абышла са значнай перавагай, то перасіліць санаторый не здолела – лік гульні склаў 5:10.

Тры гадзіны напружанай барацьбы, хвіліны чакання – і вынікі вядомы. Трэцяе месца заняла зборная РАУС і аховы, другое – цэнтральная раённая бальніца, першае – “Лясныя азёры”. Пераможцы і прызёры першынства па хакеі атрымалі граматы ад раённага фізкультурна-спартыўнага клуба і прызы ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *