Немецкие печи с русским духом. На ушачском хлебозаводе появилось новое оборудование

Общество

Нямецкія печы з рускім духам

“Той, хто працуе на хлебазаводзе, на фізкультурна-аздараўленчы комплекс не ходзіць”, – гаворыць начальнік хлебапякарнага цэха райспажыўтаварыства Ірына Аляксандраўна Казлоўская. – Дзяўчаты столькі практыкаванняў за змену робяць, што ні пілатэс, ні зумба ўжо не патрэбны. Усе тыя, хто прыйшоў да нас з комплексу “Сарочына”, пры яго аднаўленні зноў назад вярнуліся. Хоць і там многа фізічнай працы, ды ў нас усё ж складаней. Плюс пастаянна павышаная тэмпература. Таму выпадковых людзей і няма. Усе загартаваныя гадамі і адданыя прадпрыемству.
А ў пацвярджэнне падводзіць мяне да стэлажоў, на якіх прыгожымі радкамі ляжаць батоны. Кандытары Юлія Салодкіна і Святлана Бутоўская на верх уладкоўваюць ліст з будучай прадукцыяй удваіх, па адной не справіцца. Ды і каб накіраваць мнагаяруснік у расстойнік або печ, таксама патрэбна моц. З набыццём на хлебазаводзе новага абсталявання хоць і павялічылася прадукцыйнасць, аднак не змяніліся тыя працэсы, якія робяць хлебапёкі. Па-ранейшаму трэба правільна падабраць інгрэдыенты, давесці цеста, надаць форму, падабраць тэмпературу.
Менавіта гэтым, даводкай цеплавога рэжыму ці можна сказаць, вывучэннем характару новага абсталяванне і займаліся са снежня, пасля мантажу. Хлеб – справа далікатная, замена аднаго кампанента ці непрагрэтая печ – і эфект зусім не той.
Нямецкія, фірмы “Daub”, удвая большыя па памеры за папярэдніх “францужанак”. І ў расстойнікі – спецыяльныя цеплавыя шафы, дзе хлеб падымаецца, і ў печы паступае адразу па два стэлажы, адначасова выпякаецца, напрыклад, 240 батонаў. Яшчэ адна перавага ў тым, што абсталяванне лёгка запусціць ці спыніць, што вельмі важна пры гібкай сістэме заказаў і зусім немагчыма пры рабоце на старых цагляных печках, дзе з шасцідзясятых гадоў да гэтага часу выпякаецца “цагліна”. А яшчэ новае нямецкае абсталяванне больш тэхналагічнае і энергаэканомнае. Таму ў перспектыве мяркуюць поўнасцю дэманціраваць старыя печы і перадаць ім лепшыя якасці дзедаўскіх, у якіх як у рускай – хлеб добра падымаецца і прапякаецца.
Печы маркі “Daub” разлічаны на выпечку ўсіх белых і чарэневых чорных гатункаў. З багетамі, батонамі, булачкамі розніцы мы не адчулі – і да гэтага выпякаліся ў падобных печах. А вось чорныя наразныя сарты, упакаваныя ў цэлафан, не адрозніць ад завозных з Вілейкі, Наваполацка ці Віцебска. У продаж ужо паступіла тры гатункі, ну а паколькі большая частка ўшачан усё ж любяць традыцыйную “цагліну”, то і яе выпечка апрабавана на сучасным абсталяванні.
Калі вы яшчэ не смакавалі новы хлеб чорных гатункаў, то прыглядайцеся да ўпаковак на паліцах і падбірайце любімую прадукцыю нашага хлебазавода. Тым больш што напярэдадні жаночага дня ўшацкія вытворцы падрыхтавалі нам падарунак – хлеб “арсенцьеўскі” з семкамі.

Вольга Караленка.

На здымку: Святлана Бутоўская, Юлія Салодкіна, Вольга Міхаль.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *