Молодой специалист Ирина Бугай

Общество

Згадзіцеся, не ўсё можна даверыць маладому работніку. Але ёсць такія, што з самага пачатку працоўнага шляху не баючыся бяруцца за любую справу, нягледзячы на адсутнасць вопыту. Менавіта так адразу паказала сябе Ірына Бугай, калі прыйшла на працу ў санаторый “Лясныя азёры” на пасаду намесніка галоўнага бухгалтара. Але аб усім па парадку.
Нарадзілася гэтая сціплая і прыгожая дзяўчына на Ушаччыне ў вёсцы Касары. Пасля заканчэння мясцовай школы Ірына абдумана абрала сабе складаную бухгалтарскую спецыяльнасць і паступіла ў Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж. Такой жа справай займаўся яе дзядуля, а таму можна лічыць, што гэта сямейная дынастыя, хоць бацькі працуюць у зусім іншай сферы.
Вучоба падабалася, а свет лічбаў ніколі не пужаў. Пасля заканчэння навучальнай установы І.Бугай вярнулася працаваць на родную ўшацкую зямлю. І першым месцам працы стала “Гандлёва-прамысловае прадпрыемства” райспажыўтаварыства. Ірына прызнаецца, што яшчэ падчас вучобы хацела трапіць у свой раён, дзе, канечне, прасцей пачынаць, чым далёка ад дому ў новым і зусім незнаёмым краі. Крыху пазней паступіла на завочнае аддзяленне Смаленскага універсітэта спажыўкааперацыі, які таксама паспяхова скончыла.
Першыя тры гады працы праляцелі імгненна, пасля якіх Ірына і ўладкавалася ў “Лясныя азёры”.
– Многія нават зайздросцяць, што працую ў такім маляўнічым і прыгожым месцы, пра якое ведаюць за межамі нашай краіны, хоць работы столькі многа, што не заўсёды ёсць час атрымаць асалоду ад прыгажосці гэтых мясцін, – расказвае Ірына.
Яна хутка ўлілася ў калектыў і знайшла агульную мову з акружаючымі. Сапраўдным настаўнікам і дарадчыкам стала для яе Надзея Стэфанаўна Труфанава, якая старалася ва ўсім дапамагаць маладому работніку. І вось ужо як два гады Ірына Бугай свая ў, здавалася б, нядаўна зусім новым калектыве. У гэтым годзе адказнага і працалюбівага работніка назначылі галоўным бухгалтарам санаторыя. З усімі сваімі абавязкамі І.Бугай спраўляецца выдатна і, галоўнае, што ёй падабаецца бухгалтарская справа. Не ўваходзіць у яе планы пошук новага месца работы, няма імкнення працаваць і жыць у вялікім горадзе.
У вольны час Ірына наведваецца да бацькоў у Касары. У бліжэйшых яе планах стварыць і сваю, моцную і трывалую сям’ю.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *