Лауреаты Доски почёта принимали поздравления от руководства Ушачского района

Общество

Па добрай традыцыі ва Ушачах напярэдадні Свята працы абнавілі раённую Дошку гонару. Як мы паведамлялі, флагманамі сталі 8 арганізацый і 18 чалавек. Святочная імпрэза з гэтай нагоды прайшла ў пятніцу ва ўтульнай зале дзіцячай школы мастацтваў.

Кіраўніцтва раёна і арганізацый-пераможцаў.

“У 2020-м адбылося шмат падзей, многае зроблена ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, адкрываліся новыя знакавыя аб’екты, у тым ліку і школа мастацтваў. Зрэшты, многія з вас з-за працоўнай спецыфікі яшчэ не бачылі яе знутры, а таму і вырашылі правесці мерапрыемства менавіта тут. Мы добра пачалі гэты год, выканаўшы многія прагнозныя паказчыкі. За ўсімі ж знакавымі падзеямі і вытворчымі лічбамі стаяць людзі працы. Дзякуй вам за сумленнасць і прафесіяналізм”, – адзначыў перад ушанаваннем старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка.

Першымі па традыцыі дыпломы і кветкі з рук Уладзіміра Генадзьевіча і старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталлі Мікалаеўны Марковіч атрымалі кіраўнікі занесеных на раённую Дошку гонару прадпрыемстваў і арганізацый. Напэўна, ні ў каго не можа выклікаць сумнення абгрунтаванасць прысутнасці сярод пераможцаў Ушацкага лясгаса, які за апошні год зрабіў вялізны крок наперад і заявіў аб сабе не толькі ў раёне. Прадпрыемства спрацавала з прыбыткам, істотна абнавіла аўтапарк тэхнікі, ажно ў 2,5 раза павялічыла экспарт прадукцыі. Пра ўшацкі лес зараз добра ведаюць не толькі беларускія вытворцы.

У.Аўдошка, Н.Марковіч, С.Даніловіч.

Сваю назву цяпер поўнасцю апраўдвае комплекс “Маяк”, які прызнаны лепшым у сельскагаспадарчай намінацыі.

Высока ацэнены старанні калектыву Вялікадолецкага СДК. “У чым сакрэт поспеху? Не адносімся да работы фармальна, імкнёмся зацікавіць кожнага жыхара – ад школьніка да пенсіянера, разнастайваем будні вяскоўцаў і ў малых населеных пунктах”, – кажа загадчык Валянціна Дзмітрыеўна Смаляк, якая ўзначальвае ўстанову ўжо больш 15 гадоў. Хацелася б да яе слоў дадаць, што клапоцяцца работнікі не толькі пра культурнае жыццё, а і каб узорна выглядала ўстанова і тэрыторыя вакол яе.

Аб тым, што занясенне на Дошку гонару – дарагі падарунак напярэдадні прафесійнага свята, казалі працаўнікі ДЮСШ, якія змянілі спартыўную форму на прыгожыя касцюмы і дружна прыйшлі на свята.

Нельга не прыкмеціць, што сёлета на Дошцы гонару шмат медыкаў. Заслужана ў ліку лепшых – інфекцыйнае аддзяленне райбальніцы на чале з Вольгай Пятроўнай Ярмош, а таксама супрацоўнікі, якія таксама былі і зараз на перадавой у барацьбе з каранавірусам – Таццяна Мікалаеўна Сідарэнка, Тамара Пятроўна Шахноўская, Аляксандр Уладзіміравіч Крыштопенка, Святлана Віктараўна Шыла, Ала Віктараўна Шахноўская. “Хачу сказаць, што медыкаў няшмат – гэта Дошка гонару малавата! Няпросты ў плане эпідэмічнай сітуацыі мінулы год нагадаў нам, што немагчыма радавацца жыццю, калі няма здароўя. Дзякуй урачам, усім медработнікам за іх нялёгкую працу. Вельмі многія працаўнікі сферы аховы здароўя Ушаччыны заслужылі самых добрых слоў і ўзнагарод!” – адзначыў У.Г.Аўдошка.

У.Аўдошка, Н.Марковіч, В.Шумінская.

І калі самага маладога лаўрэата абноўленай Дошкі гонару Юлію Алегаўну Аўтух не змагла падтрымаць яе напарніца – працавала ў гэтую хвіліну за абаіх у сарочынскім “Родным куце”, то за Алену Анатольеўну Рагавешка з райаддзела па надзвычайных сітуацыях прыйшоў парадавацца цэлы дэсант калег. А пасля ўрачыстасці яны прыпаднеслі ёй яшчэ і падарунак: пра момант уручэння ўзнагароды жанчыне будзе нагадваць фота ў рамцы.

Віншаванні прымалі адразу два працаўнікі ААТ “Ільюшынскі” – Ігар Аляксандравіч Кароткі і Аляксандр Анатольевіч Галубіцкі. Гэтым перадавікам не раз даводзілася ўзнімацца на раённую сцэну падчас ўшанавання працаўнікоў сяла, тым не менш усё роўна адчувалі сябе няёмка і прызналіся, што куды камфортней ім за штурваламі трактароў і машын, чым на падобных урачыстасцях.

А вось хто сярод лаўрэатаў быў, як кажуць, у сваёй талерцы, дык гэта Ірына Васільеўна Коршун. Настаўнік школы мастацтваў заўсёды трымаецца на сцэне ўпэўнена і тым больш у сценах сваёй установы. Пасля ўшанавання яна адразу адправілася за кулісы, каб праз некалькі хвілін сыграць разам са сваімі выхаванцамі на цымбалах, за што ў чарговы раз заслужана атрымала вялікую порцыю апладысментаў гледачоў.

Для кожнага з перадавікоў знайшліся добрыя словы, у гэты дзень ім прысвячаліся канцэртныя нумары ў выкананні вучняў дзіцячай школы мастацтваў і работнікаў цэнтра культуры.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *