Работникам Веркудского участка ЖКХ хватает работы и зимой, и летом

К профессиональному празднику

“Пілаванне абавязкова трэба спаліць – бярвенні пад страхой застануцца і на наступны сезон, а яно сапсуецца”, – абмяркоўвалі вытворчыя справы качагары Вяркудскага ўчастка УП ЖКГ. І хоць работы пры гэтым паболей, бо прасцей загрузіць у топку дровы, чым тачку пілавання, аднак адзін са старэйшых работнікаў Віталь Аляксандравіч Маковіч не імкнуўся пакінуць карпатлівую “спадчыну” наступнай змене. Ды і ведае, што добраўпарадкаванне тэрыторыі – пастаянны клопат.

Дрывамі кацельню без перабояў забяспечвае спецыяльная брыгада камунгаса або лясгас, машыністы-качагары сваю справу выконваюць без падказак. Чым жа зімой займаецца майстар участка?

“Выходзіць, што нічым”, – улоўлівае гумар у пытанні Аляксандр Міхайлавіч Сурынаў і не спрабуе “апраўдвацца”, пералічваючы свае заняткі. Дарэчы, паказчык добрай работы кіраўніка любога звяна – калі “не трэба нічога рабіць”: усё працуе як гадзіннік, кожны падначалены на сваім месцы і няма аўралаў. Менавіта так і наладжана на Вяркудскім участку, які з 2008 года ўзначальвае А.М.Сурынаў. У многім ім, канечне, пашчасціла, бо калі ў 2007-ым ствараўся аграгарадок, абнавілася кацельня, жыллёвы фонд, была пабудавана станцыя абезжалезвання, на двухпавярхоўках з’явіліся прыборы ўліку. Таму яго справа на працягу гэтых 10 год – падтрымліваць парадак, сачыць за тым, каб кадры былі “на месцы”. І, зразумела, займацца паўсядзённымі клопатамі: улікам паказчыкаў, складаннем графікаў і табеляў, заявак на матэрыялы для рамонтаў па запытах грамадзян.

Гарачая пара ў іх не ў ацяпляльны сезон, а наадварот – у летні, калі машыністы-качагары становяцца рознарабочымі і бяруцца за любыя справы: ад бетанавання ганкаў, да прачысткі дымаходаў. З мінулага года Вяркудскаму ўчастку дастаўся ўвесь жыллёвы фонд былых “Дубраўкі” і “Райаграсэрвіса”: усе непрыватызаваныя домікі. Неаднаразова латалі і дахі на шматпавярхоўках. На іх жа таксама абкос тэрыторыі, барацьба з баршчэўнікам.

А.М.Сурынаў прыйшоў на кацельню з Глыбачанскага лясніцтва вальшчыкам, хутка ўсяму вучыўся і праз год быў назначаны майстрам.

– Галоўнае ў рабоце ўчастка – яго кіраўнік, а ў Вяркудах ён сапраўды на сваім месцы, – канстатуе галоўны інжынер УП ЖКГ Мікалай Уладзіміравіч Свірко. – Любыя пастаўленыя задачы вырашае, і ад жыхароў яго зоны практычна не бывае скаргаў. А камунальнікі без іх – гэта з разраду фантастыкі. Па словах эканаміста камунгаса Вольгі Уладзіміраўны Жданавай, па Вяркудскай кацельні самыя нізкія страты цяпла, часта менш планавых 11 працэнтаў, наладжаны аптымальны рэжым у абслугоўванні людзей – і топяць, не шкадуючы, каб жыхарам было камфортна, і ўсё аплачваецца, камунгас не нясе неабгрунтаваных страт.

Ну а каб кіраўніку было так “лёгка” працаваць, падабраны надзейныя кадры. А.М.Сурынаў сцвярджае, што зрабіць гэта становіцца няпроста нават нягледзячы на прыстойную і своечасовую зарплату, графік, які дазваляе не гультаю заняцца справамі дома. Але касцяк калектыву склаўся – Аляксандр Аляксандравіч Малахаў, Мікалай Васільевіч Грак, Васіль Аляксеевіч Камовіч, Аляксандр Мікалаевіч Мядзведскі, у якіх вучыцца моладзь, што ўлілася ў калектыў нядаўна, як напрыклад, Андрэй Кладніцкі ці Сяргей Красноў. Ну а аб дысцыпліне на ўчастку можна меркаваць па арганізацыі “фотасесіі”. Звычайна работнікі такіх службаў збіраюцца разам толькі на перазменку, ды і на наступны дзень пасля дамовы. Аднак Аляксандр Міхайлавіч здзівіў: “Назначайце час, толькі каб паспелі даехаць”. І запэўніў, што будуць усе.

Вольга Караленка.
На здымку: С.Красноў, А.Кладніцкі, В.Кірпічонак, В.Маковіч, М.Грак, А.Сурынаў, М.Мядзведскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *