Вернуть нельзя забрать, или Как, решая судьбу своих детей,ставят запятую обязанные лица?

Наши дети

Звычайны зімні дзень. Двор засыпаны снегам, дарожкі не расчышчаны. У памяшканні беспарадак, а ад холаду з роту ідзе пар. Вельмі сціплы запас мэблі, зламаная газавая пліта, пусты халадзільнік… Думаеце, гэта апісанне пустуючага дома? А вось і не! У такіх умовах аказаліся ў мінулым годзе адразу чацвёра непаўналетніх.

Праблемы ў гэтай сям’і пачаліся з-за гарэлкі, як гэта адбываецца ў большасці іншых. Галіна, 1985 года нараджэння, і яе сужыцель Вячаслаў – 1986-га – дазволілі сабе “расслабіцца”, забыліся пра абавязкі бацькоў і гаспадароў. Пэўны час пражывалі ў Мосары, у доме матулі грамадзянкі. Паколькі толку не было, малыя неаднаразова прызнаваліся ў сацыяльна-небяспечным становішчы. І як толькі ні спрабавалі раённыя службы “натхніць” дарослых на выпраўленне! Абаіх працаўладкавалі ў ААТ “Ільюшынскі”, выдзелілі ад гаспадаркі дом… Вось толькі гэта ненадоўга прымусіла іх трымаць сябе ў руках. Жанчына спазнялася на работу, з’яўлялася ў нецвярозым стане ці ўвогуле не выходзіла на чарговую дойку. Месяц-другі – і ў іх доме зноў назіраліся апісаныя вышэй жахі. Пра дзяцей тут не думалі. Для таго каб зрабіць урокі, 9-гадоваму Данілу трэба было садзіцца на падлогу: стала, стулу тут проста не было. Ніякіх цацак і, тым больш, развіваючых гульняў не бачылі 6-гадовая Ксенія і 2-гадовы Уладзік. А для самай маленькай Насці, якая з’явілася на свет у лютым, увогуле не прадугледзелі месца – ні ложка, ні каляскі.

Візіты правяраючых, іх ушчуванні да грамадзян не даходзілі і дзяцей з сям’і забралі. Вось толькі такая мера не “ўразіла” Галіну і яе абранніка. У першыя два месяцы жанчына толькі двойчы наведала малых у прыёмных сем’ях (а маленькую Насцю, якая трапіла ў абласны спецыялізаваны Дом дзіцяці, – ні разу), абяцаючы, што забярэ іх на наступным тыдні, прыедзе да старэйшага ў аздараўленчы лагер… Далей слоў справа не зайшла.

Не спяшалася грамадзянка ў поўным аб’ёме плаціць грошы дзяржаве на ўтрыманне непаўналетніх. А пазней увогуле перастала цікавіцца іх жыццём, здароўем – не прыходзіла, не тэлефанавала. Ніякіх змен не адбылося і ў доме Галіны. Да ўрача-нарколага яна не хадзіла, працягвала сябраваць з зялёным змеем. Атрыманыя ж “дэкрэтныя” хутка спусціла на сябе, любімую.

Улічваючы ўсё гэта, камісія па справах непаўналетніх прызнала немагчымым вяртанне дзяцей біялагічнай матулі – пачаўся судовы працэс па пытанні пазбаўлення яе бацькоўскіх правоў. І калі напачатку Галіна спрабавала “павярнуць” усё на сваю карысць (адным з хадоў было прызнанне Вячаславам бацькоўства ў адносінах усіх непаўналетніх), пазней махнула рукой і нават не прыйшла на выніковае пасяджэнне суда. Так адразу чацвёра дзетак аказаліся сіротамі пры жывых бацьках…

* * *

Быў сёлета на Ушаччыне і супрацьлеглы выпадак. Дзіця вернута свайму біялагічнаму бацьку, які своечасова ўзяўся за розум. Цёплыя адносіны з непаўналетнім наладзіла і абранніца мужчыны. Зараз усе трое шчаслівы ад таго, што яны разам. І гэты прыклад – узор для іншых нядобранадзейных сямей, які даказвае,  што пазбавіцца ганебнага статусу і зажыць нармальна – цалкам рэальна. Галоўнае – шчыра гэтага захацець.

Г.ФОКІНА, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *