Апрель — время наведения порядка на мехдворах и фермах

Благоустройство Сельское хозяйство

Красавік у гаспадарках раёна стане месяцам не толькі пасяўной кампаніі, а і навядзення парадку на мехдварах і фермах. Пра гэта паведаміў на апошняй вытворчай нарадзе старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка – пасля нядаўняга візіту кіраўніка дзяржавы ў Магілёўскую вобласць і вывадаў, якія былі зроблены, даручана зрабіць генеральную ўборку на мехдварах, фермах і іншых вытворчых аб’ектах і прылеглых тэрыторыях.

Тое, што прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу стануць аб’ектамі павышанай увагі з боку кантрольных органаў, было відавочна. Але, як у народзе кажуць, “пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца”. Канечне, навесці належны парадак там, дзе нічога не рабілася гадамі, за ноч і нават за тыдзень немагчыма. Вось толькі ў асобных гаспадарках, нягледзячы на папярэджанне, зусім не спяшаліся рабіць хоць штосьці – і трапілі ў зусім непрыемныя справаздачы. Як, напрыклад, ААТ “Ільюшынскі”, дзе ў пачатку мінулага тыдня пабывала міжведамасная праверка сілавых органаў з прадстаўніком Генеральнай пракуратуры краіны – выяўлены і зафіксаваны шматлікія факты безгаспадарчасці. І пераважная большасць адносіцца да ліку тых, якія не патрабуюць вялікіх фінансавых укладанняў – хаатычна раскіданай непрацуючай тэхнікі і запчастак, іх складзіравання. Карціна, якая адкрылася правяраючым на жывёлагадоўчым комплексе, таксама была зусім не вясёлкавай.

Зрэшты, падобная яна і ў іншых сельгаспрадпрыемствах. Таму і не сталі мінулыя выхадныя нерабочымі, нягледзячы на тое, што пасяўная яшчэ і не стартавала. У ААТ “Агра-Селішча”, напрыклад, механізатары на чале з выконваючым абавязкі кіраўніка гаспадаркі Юрыем Леанідавічам Жодзікам актыўна прыводзілі ў парадак тэрыторыю мехдвара і майстэрні. Дабраліся і да боксаў-складаў. У адзін з іх, па шчырых словах саміх работнікаў, “гадоў дваццаць не заглядвалі”. Што захоўваецца там? Як правіла, тое, што не патрэбна пастаянна пад рукамі і што шкада выкінуць. Годных жа запчастак у “аўгіевых стайнях” на самой справе было не так і многа – лішні метал вывозіўся на спецыяльную пляцоўку, астатні выносілі з бокса і, калі яго вычысцілі, а дэталі злажылі акуратна, то памяшканне набыло зусім іншы від – не гара хламу, а штосьці падобнае да абменнага склада.

Выйшлі на суботнік і работнікі зернесушыльнай гаспадаркі, малочнатаварных фермаў. Кароў са шланга, канечне, не мылі – выконвалі іншыя пасільныя работы.

– Ля вуглоў смецце прыбяром, падграбём, – кажа старэйшая даярка МТФ “Баяршчына” Алена Васільеўна Бельская. – Што яшчэ можна зрабіць уручную?

І сапраўды, для таго каб вычысціць сянажныя і сіласныя ямы, прыбраць гнілую салому ці рэшткі кармоў, вывезці арганіку, патрэбна тэхніка. Але відавочна і тое, што многіх фактаў можна не дапускаць, проста убіраць своечасова. Для гэтага работа па навядзенні парадку павінна стаць сістэмнай, весціся пастаянна, а не тады, калі “грымне гром”, бо “маланкай” для кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак можа стаць не вымова і нават не страта працоўнага месца – халатнасць і безгаспадарчасць часам абарочваецца кар’ерным “піке” і прыводзіць да крымінальных спраў.

За ўсімі гаспадаркамі замацаваны адказныя асобы з ліку членаў раённага выканаўчага камітэта, спецыялістаў райсельгасхарча і раённых служб. Для аказання дапамогі сельгаспрадпрыемствам будуць замацаваны і арганізацыі-шэфы – У.Г.Аўдошка прасіў іх кіраўнікоў з разуменнем аднесціся да такіх мераў. У той жа час старшыня райвыканкама папярэдзіў дырэктараў гаспадарак: “Гэта не азначае, што ўмоўна лясгас ці ЖКГ прыедзе і абгародзіць ферму, а ўласныя работнікі будуць пры гэтым пакурваць у баку і паказваць пальцам на “дзівакоў” з райцэнтра – у першую чаргу для навядзення парадку павінны быць задзейнічаны ўсе ўласныя рэсурсы гаспадарак. Каму патрэбна – падставім плячо, але цягнуць на плячах не будзем!”.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *