Две звёздочки на погонах, сотни…на земле. Галина Тищенко — одна из спасённых лётчиком-героем Мамкиным детей

В памяти их имена

Галіна Пятроўна Цішчанка глядзіць у акно, залітае сонцам. “Бачыце, канец сакавіка які, снегу зусім няма, цёпла. А 11 красавіка 1944 года нас адпраўлялі за лінію фронту з лядовага аэрадрома на возеры Вечалле. Партызанскія грунтовыя яшчэ стаялі ў снезе. І холад – малых хуталі, у што было. А нам, старэйшым, цікава, першы раз на самалёце! У адкрытай кабіне штурмана, што праз перагародку за лётчыкам, мы стаялі і ўсё спрабавалі дацягнуцца да борта, каб паназіраць зямлю з вышыні. Але бачылі толькі месяц – поўны, вельмі яркі, які ўвесь час хістаўся. Я потым зразумела, што гэта віхляў самалёт”.
Галіна Пятроўна ляцела тым апошнім 75-ым рэйсам Аляксандра Пятровіча Мамкіна. І засталася адзінай, хто сёння ў жывых і з таго пералёту, а мабыць і ўвогуле з удзельнікаў аперацыі “Зорачка”.

Хлеб, памыты ў Палаце

Сям’я Фарынка жыла ля ракі Палата ў прыватным доме. Вялікім, з садам. Бацька выкладаў у школе фізіку і матэматыку, маці – хімію і біялогію. Пётр Сцяпанавіч пайшоў на фронт з першых дзён, яны ж аказаліся ў акупацыі – Полацк фашысты занялі 15 ліпеня. “Напэўна выдавалі нейкія карткі на прадукты, аднак добра памятаю, што было голадна. Хлебазавод разбамбілі, але засталіся чаны з зернем. Усе бегалі туды, насыпалі, а потым апускалі рэшаты ў ваду: гарэлыя ўсплывалі, а цэлыя зярняткі потым сушылі. З Заходняй Беларусі прыходзілі людзі, мянялі прадукты на рэчы, і маці за футру далі 10 пудоў зерня. У нашым доме быў асобны пакой з вялізнымі жорнамі, якімі малолі хлеб. Ацеплівацца, памятаю, дапамагалі палонныя савецкія салдаты, якія рамантавалі Чырвоны мост і цішком кідалі ў ваду рэшткі будаўнічых матэрыялаў, а мы, малыя, выцягвалі іх ніжэй па цячэнні. Пілаванне ж дазвалялася забіраць свабодна”. Акрамя клопатаў малыя, зразумела, гулялі з равеснікамі на вуліцы, ну а Галя паглыбілася ў свой свет – кніг з вялікай дамашняй бібліятэкі.
Ніякіх звестак пра фронт жыхары Полацка не мелі. Таму, калі іх маці Вера Фарынка знайшла лістоўку, у якой паведамлялася, што Чырвоная Армія наступае, паказала яе саслужыўцам. Гэта каштавала ёй жыцця. Прыйшоў чалавек у цывільным, сказаў узяць дакументы, бо яе выклікаюць у камендатуру. Выдала калегу настаўніца гэтай жа школы, якая выхоўвала двух сыноў. Галіна Пятроўна дадае, што да вайны аднаго з іх клікалі Алікам, а потым пачалі Адольфам! Прозвішча здрадніцы яны даведаліся намнога пазней, калі адшукалі кароткія звесткі пра лёс маці. У адным з архіваў паведамілі, што яе забілі фашысты.

Прызначаліся донарамі для Вермахта

Што масла лягчэй за ваду, Галіна Пятроўна даведалася ў 10 гадоў. Іх, старэйшых дзетдомаўцаў, адпраўлялі на малаказавод за сыроваткай. А жанчыны, што там працавалі, кідалі ў бітончыкі і тварог. “Маглі б і масла, толькі яно ўсплыве”, – ціхенька шапталі сіротам. Наведваліся яны і на мясакамбінат, дзе дзіцячаму дому дазвалялася браць адходы – косткі і розны збой. Каб дамовіцца наконт такой правізіі, дырэктару Міхаілу Сцяпанавічу Фарынку даводзілася ўніжацца перад камендантам. У пачатку вайны іх не паспелі эвакуіраваць, а дзяцей усё прыбаўлялася. Бацькоў Дзіны расстралялі на яе вачах. Яшчэ адну дзяўчынку бацькі перадалі, калі самі спрабавалі выйсці з горада ў атрад. Коля Ванюшын збег з палону, і яго дырэктар, рызыкуючы сабой, таксама выдаваў за сірату. Былі цыгане, яўрэі, рускія і беларусы. Галіну, Рэгіну і Уладзіміра Фарынка (іх бацька быў родным братам дырэктара дзетдома) прывяла бабуля, калі ў гестапа забралі маці, папярэдне зашыўшы кожнаму ў паліто адрас дачкі – іх роднай цёткі.
Даходзілі звесткі, што дзетдомаўскіх дзяцей мяркуюць зрабіць донарамі для раненых фашыстаў. Каб выратаваць іх ад гэтай пагрозы, а таксама ад галоднай смерці, Міхаіл Сцяпанавіч Фарынка атрымлівае дазвол на перавод дзіцячага дома ў Бельчыцу, быццам бы для таго, каб аздаравіць, адкарміць. Гаспадары амаль усёй вёскай пайшлі ў атрад, а ў паграбах кінутых дамоў засталася бульба, капуста, бручка. А галоўнае, яны аказаліся ўжо за горадам, пакінуць які можна было толькі па дазволах. Штаб партызанскай зоны запланаваў аперацыю “Зорачка” па іх выратаванні. А адвячоркам 17 лютага 1944 года Міхал Сцяпанавіч паклікаў дзяцей і патлумачыў, што сёння ноччу яны пакідаюць Бельчыцу. “Нам сказалі, хто каго нясе або вядзе за руку – у дзіцячым доме было 168 дзяцей ад 3 да 16 гадоў. Прысядайце, прыціскайцеся да зямлі, быццам купіны, калі раптам асвеціць пражэктар, ідзіце ціхенька, не размаўляйце і не плачце”. І яны ішлі ў падшытых гумай валёнках па высокім снезе. Цяжка даваліся крокі, асабліва такім як Галя: яна толькі што перанесла тыф і яшчэ не падымалася. Добра, што лес недалёка. Дабраліся да яго без перашкод, хоць партызаны трымалі блізкі гарнізон “на мушцы”. На ўскрайку іх чакалі народныя мсціўцы атрада імя Шчорса брыгады імя Чапаева, на санях прывезлі ў блізкую вёску і размясцілі на начлег. А раніцай – зноў на падводы. Тады іх першы раз здымалі ваенныя аператары. “Тут толькі хустка мая бачна, – Галіна Пятроўна паказвае на чорна-белы ваенны здымак. – А ў “Баладзе аб мужнасці і каханні”, дзе ідзём калонай, буйным планам. І падчас адпраўкі за лінію фронту таксама”.
Час у вёсцы Славені, у партызанскім атрадзе Галіна Пятроўна прыгадвае як самы лепшы з ваенных. Жылі ў цёплым, нармальна елі, хворых лячылі. Але блакаднае кола сціскалася, і камандаванне распачало другі этап аперацыі “Зорачка” – дзетдомаўцаў пачалі самалётамі адпраўляць за лінію фронту. Спачатку меншых, хаця сем’і не дзялілі. А 11 красавіка на Вечалле прывезлі чарговую групу, у якой была Галіна Пятроўна. “Аляксандр Мамкін у адкрытай кабіне, мы з Валодзем Шашковым, сястра і брат за ім у кабіне штурмана, астатнія разам з выхавальніцай Валянцінай Сцяпанаўнай Латко і яе сынам сядзелі на падлозе “ў салоне”, а ў люку пад маторам трое зусім маленькіх дзяцей з асірацеўшых партызанскіх сямей – такіх малых у дзіцячым доме не бачыла. Два параненыя салдаты на насілках у хвасце”.

Інструкцыю не выканаў

… Назіранні за месяцам адцягнулі гукі – быццам нехта кінуў каменьчыкамі па борце. А потым Галя ўбачыла сполах агню, спачатку сіні, які ўсё набліжаўся. Лётчык жа перад імі, усё добра бачна. Асабліва спіна і рукі, якія ўжо ў агні і якімі ўвесь час нешта робіць. Плавяцца шлемафон і лётныя акуляры, яны застываюць, упіўшыся ў твар. Лопаецца скураны вайсковы камбінезон, і на паверхню выварочвае аўчыну. Гарыць перагародка і пачынае тлець вопратка дзяцей… А па віску лётчыка цячэ струменьчык крыві.
Самалёт рэзка спускаецца, і ўжо бяжыць па зямлі, зразаючы верхавіны невялікіх кустоў. Лінію фронту яны перасеклі на палаючым апараце, Мамкін нейкім дзівам змог разгледзіць падыходзячую пляцоўку і пасадзіць яго на ўскрайку возера, пры гэтым не выканаўшы інструкцыю. Згодна з ёй лётчык павінен падняцца вышэй і выскачыць. Парашутам Аляксандр Пятровіч не скарыстаўся.
Яго прозвішча дзеці даведаюцца пазней і запомняць назаўсёды. Калі Валодзя Шашкоў адчыніць дзверцы, павыпрыгваюць старэйшыя дзеці, дапамогуць партызанам, малым і лётчыку. Толькі размесцяцца на пэўнай адлегласці, як прагрыміць выбух. Партызаны гавораць, што жывымі ім здавацца няма рэзону, таму калі яны на баку немцаў, будуць адстрэльвацца, хаця са зброі быў толькі пісталет Мамкіна. Кананада сведчыла пра блізкі бой. І вельмі напружана калоціцца сэрца, калі насустрач выходзяць салдаты ў белых маскхалатах. Толькі калі ўбачылі зорачкі на шапцы, партызан Гіраўка адпусціў рукаятку пісталета. Вайскоўцы забралі з кішэні лётчыка дакументы, прачыталі ўслых, паведамілі камандаванню пра месца знаходжання самалёта, які так і не дачакаліся.
Медыкі здзіўляліся, як лётчык з абгарэўшымі да касцей нагамі змог выбрацца з кабіны і зрабіць некалькі крокаў да пасажыраў, як наогул з такой ступенню апёкаў пасадзіў самалёт. А перад тым як страціць прытомнасць, ён запытаецца, ці жывыя дзеці.
17 красавіка Аляксандр Мамкін памёр. Развітацца з ім на магіле – холміку, дзе замест крыжа ўзвышаўся прапелер, прыйдуць самыя блізкія… дзеці з Полацкага дзіцячага дома і іх выхавацель. Дырэктар жа даведаецца пра лёс выхаванцаў толькі пасля вайны. А да прарыву блакады штодня прыходзіў на аэрадром возера Вечалле…

Сваіх дзяцей на руках не насіў

Сярод дакументаў Мамкіна захоўвалася фота прыгажуні Клавы П., якая падпісала яго ў ліпені 1943 “Лепшаму сябру Аляксандру на доўгую памяць, вёска Жалезна”. Толькі памяць аказалася кароткай, як і лёс 27-гадовага афіцэра. Напэўна, ненамнога перажыла Аляксандра і франтавая сяброўка, а мабыць і не ведала пра яго гераічную смерць, бо водгукам на артыкул, які разышоўся па ўсім Саюзе, аказалася цішыня. Сям’я з сяла Сялянскае Варонежскай вобласці не дачакалася з вайны не толькі Аляксандра, але і яго брата, так што працягваюць іх род толькі дзеці сястры Серафімы. У Севастопалі да звання падпалкоўніка даслужыўся яго пляменнік Анатоль Пятровіч Басаў.
А Аляксандр Мамкін так і застаўся лейтэнантам. У яго не было сваіх дзяцей. Але шмат унукаў і праўнукаў – сваім лічаць гэтага чалавека ўсе родныя выратаваных дзяцей, 60 з якіх носяць імя Аляксандр.
– Ці часта вы прыгадваеце пра яго? – пытаюся ў Галіны Пятроўны.
– Пастаянна, асабліва калі пасталела. Лячу ў самалёце і ўспамінаю тую пасадку. Абпалю палец ля пліты і абавязкова падумаю: як жа балюча было яму, калі гарэў жывым…
За гэты ПОДЗВІГ Аляксандр Мамкін пасмяротна ўдастоены ордэна Чырвонай Зоркі. Так, нават не Героя Савецкага Саюза, хаця дакументы падаваліся. Але ж ці ў гэтым сэнс? Слава ў гэтага лётчыка, як у Героя. Яго памятаюць у Варонежскай вобласці, дзе на школе, у якой вучыўся, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імя носяць вуліцы ў Полацку і Ушачах. Помнік стаіць ужо ў ляску, дзе 12 красавіка прызямліўся самалёт, і на беразе возера Вечалле, адкуль здзейсніў апошні палёт. І, канечне, на мемарыяле “Лідовая гара” ў Веліжы, куды быў перапахаваны з вёскі Маклок, дзе і развітваліся з ім дзеці. Астанкі самалёта захоўваў старшыня Малаасеткаўскага сельсавета, які марыць пра адкрыццё сапраўднага музея Мамкіна. У адным з такіх гідам была Ніна Шунто – дзяўчынка, што прыціскала да сябе тым рэйсам саламяную ляльку. А куткі пра лётчыка былі і ёсць у розных школах.
Г.П.Цішчанка ўвесь час паўтарае, гэта аповед не пра яе, а пра Аляксандра Мамкіна і партызан. Таму і пагаджаецца на інтэрв’ю з полчышчамі журналістаў. У 2017-м Дзень Перамогі Галіна Пятроўна сустракала ў Маскве. Летась, па запрашэнні губернатара – у Саратаве. І вельмі ўражана, як у гэтым, незанятым немцамі горадзе, шануюць Аляксандра Мамкіна. Мурал з яго партрэтам красуецца на высотным доме, адразу за партрэтам Юрыя Гагарына. А калі Галіна Пятроўна выступала, зала слухала стоячы.
Са 168 дзетдомаўскіх дзяцей толькі 18 не былі перапраўлены за лінію фронту. Старэйшыя, разам з дзецьмі М.Фарынкі – удзельнікі прарыву блакады. Астатнія ж абжывалі новы дзіцячы дом у вызваленым Гарадку. Галю, Рэню і Валодзю Фарынка летам 1944 чакаў сюрпрыз: “Ваш тата прыехаў”, – неслі радасную вестку сябры. А ўдалося гэта дзякуючы той запісцы ў паліто. Пётр Сцяпанавіч пісаў сястры, пляменнікі – таксама. Потым дзіцячы дом зноў перавялі ў Полацк, дзе малыя і сустрэлі Дзень Перамогі. Аб гэтым вяшчалі ўсе рупары горада.
Хутка вярнуўся і бацька, якога прызначылі дырэктарам школы ў Баравуху-1. У 1947 ён зноў ажаніўся, ва Ушачы пражывае родная сястра Галіны Пятроўны – Зінаіда Пятроўна Прашкевіч. У Санкт-Пецярбургу таксама настаўніцай працавала сястра Рэгіна, у Мінску інжынерам брат Уладзімір. У Сланцах Ленінградскай вобласці жыў Валодзя Шашкоў… Выхаванцы дзіцячага дома ў васьмідзясятых сустракаліся на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Падтрымлівалі яны сувязі і з авіятарамі 105-га авіяпалка, што ажыццяўлялі другі этап аперацыі “Зорачка”, сустракаліся ў Зорным Гарадку.

Вольга Караленка.

*** Кадры кінахронікі з лётчыкам Мамкіным і дзецьмі дзіцячага дома ўвайшлі ў стужкі “Народныя мсціўцы”, “Полымя”, “Дарога без прывалу”, эпапею “Вялікая Айчынная вайна” фільм 4-ы, “Вайна. Вядомая і невядомая”, аб аперацыі “Зорачка” зняты тэлеперадачы “Двойчы выратаваныя” – праграма “Зваротны адлік”, “Дзіцячая кроў для Вермахта” на тэлеканале “Звязда”, надрукавана шмат артыкулаў.

*** Аляксандр Мамкін нарадзіўся 28 жніўня 1916 года ў сяле Сялянскае Каратаянскага ўезда Варонежскай вобласці. З 1931 працаваў у калгасе, а ў 1934 паступіў у Арлоўскі фінансава-эканамічны тэхнікум. У 1936-м падчас 9-га набору трапляе ў Балашоўскую школу грамадзянскай паветранай авіяцыі, пасля заканчэння якой “з адзнакай” накіраваны ў Таджыкскае ўпраўленне Грамадзянскага паветранага флоту. З 1942 года – у 105-м асобным гвардзейскім авіяпалку. Падчас аперацыі “Зорачка” здзейсніў 10 палётаў, падчас якіх выратаваў 80 дзяцей.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *