Более 30 участников боролись за победу на районном конкурсе чтецов и ведущих «Путь к успеху»

Общество

Звычайна са сцэны раённага цэнтра культуры і народнай творчасці гучаць песні, а вось у аўторак тут ліліся не мелодыі, а паэтычныя радкі. Больш за 30 прадстаўнікоў рознага ўзросту праяўлялі сябе на раённым аглядзе-конкурсе чытальнікаў і вядучых “Шлях да поспеху”. У паэтычную атмасферу на дзве гадзіны акунуліся і мы.
Пакарыць журы і гледачоў трэба было не толькі ўдалым выкананнем – улічваліся таксама артыстызм, культура мовы, наяўнасць касцюма і рэквізіту, музычнае суправаджэнне. “Вы паглядзіце, падрастаючае пакаленне ўжо наступае нам на пяткі!” – і ў жарт, і ўсур’ёз казалі нязменныя вядучыя раённых мерапрыемстваў Дзіна Пенкальская і Канстанцін Тарасеня, калі сваім выступленнем вучні Ушацкай школы Вікторыя Харак і Яўген Талмачоў далі старт конкурсу. У намінацыі “Вядучыя” канкурэнцыю ім складалі юныя навучэнцы гэтай жа ўстановы Аня Скарабагатая, Саша і Маша Мацвеенкі, якія запрасілі ўсіх у паэтычнае падарожжа. Зрэшты, Аня праявіла сябе і ў намінацыі чытальнікаў, прадэкламаваўшы верш нашай зямлячкі Е.Лось. Не меншае замілаванне выклікала і другая ўдзельніца ўзроставай катэгорыі 6-9 гадоў Мар’ям Шыдлоўская, якая прадстаўляла Плінскую бібліятэку, але перамога была прысуджана Г.Скарабагатай.
У выступленнях многіх прадстаўнікоў узроставай катэгорыі 10-15 гадоў гучала тэма Радзімы. Напрыклад, удзельнік мастацкай самадзейнасці цэнтра культуры Марат Клачок чытаў верш Р.Барадуліна пра спаленую вёску Гвазды, а Паліна Банкарава з Пліна абрала верш Е.Лось “Продкі”. Перамога ж дасталася Дзіяне Герцык з Глыбачанскай школы, якая дэкламацыю верша “Глыбінка” С.Законнікава падмацавала прэзентацыяй і прыгожым беларускім касцюмам. Найбольш шчымлівыя і пранікнёныя выступленні атрымаліся ў намінацыі 16-31-гадовых удзельнікаў. Вялікі ўрывак з аповесці “Смерць чалавека” В.Быкава ў выкананні Златы Клачок быццам пераносіў гледачоў у тую рэальнасць, вельмі дасканала перадалі настрой твораў Сняжана Залатая з Арэхаўна, Таццяна Крывёнак з Селішча, Лізавета Андрыковіч з Ушач. Вучаніца Ільюшынскай школы Кацярына Халімоненка ўразіла прысутных вершам уласнага сачынення “Мая Ушаччына”. Упэўнена гучаў наказ “Маладым” П.Броўкі ў выкананні Ангеліны Марачкінай з Ушацкай школы, якой журы і прысудзіла перамогу. У намінацыі 31 год і вышэй за званне лепшых чытальнікаў паміж сабой змагаліся бібліятэкары раёна і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці клубных устаноў. Таццяна Іванаўна Касцючэнка, Алена Захараўна Кучко, Людміла Міхайлаўна Мядзведзева, Вольга Сцяпанаўна Бычынская рабілі стаўку на жартоўныя творы і дэкламавалі гумарэскі Тамары Барадзёнак.
– Люблю чытаць, ды і сама пішу вершы рознай тэматыкі, а таму вырашыла паспрабаваць сябе і ў ролі чытальніка на раённай сцэне, – падзялілася Наталля Васільеўна Цецярук з Вяркуд, а лірычны верш у яе выкананні не пакінуў нікога раўнадушным. Лепшым жа прызнана выступленне Ірыны Фёдараўны Навагродскай, якая прадстаўляла Мосарскую бібліятэку.
Усім удзельнікам былі ўручаны Дыпломы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а пераможцам – падарункі.
“Мы падтрымліваем таленавітых людзей і не маглі застацца ўбаку ад гэтага мерапрыемства”, – зазначыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шаўчэнка, уручаючы спецыяльныя прызы. Так, у намінацыі “Таленавітая моладзь” адзначана К.Халімоненка, “Творчы патэнцыял” – бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Святлана Віктараўна Ігнатовіч, ну а “Актыўны ветэран” – удзельніца мастацкай самадзейнасці Дубраўскага клуба А.Кучко.
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *