Участки частников обмолочены

Общество

Сёлетняе спякотнае лета абумовіла ранняе выспяванне многіх сельскагаспадарчых культур, у тым ліку і зерневых. І калі ўсе папярэднія гады ў канцы жніўня толькі пачыналі ўбіраць прысядзібныя ўчасткі грамадзян, то ў гэтым годзе ўжо многія гаспадары засыпалі вырашчанае зерне ў засекі.

З мэтай падтрымкі і развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян упраўленнем райсельгасхарча распрацаваны рэкамендацыі па аплаце за абмалочаныя ўчасткі ў памеры 2500 рублёў за 1 сотку зерневых культур.

Сёлета агульная плошча прысядзібных участкаў грамадзян у раёне склала 521 гектар, з іх 123 — у Сарочынскім сельсавеце. На сённяшні дзень поўнасцю завершана гэта работа ў Вяркудскім, Глыбачанскім, Жарскім і Кубліцкім сельсаветах. Амаль ўсе плошчы абмалочаны ў Сарочынскім. Пакуль не ўсе ўчасткі ўбраны ва Ушацкім і Вялікадолецкім сельсаветах, аднак у бліжэйшы час пры спрыяльным надвор’і сітуацыя будзе выпраўлена. Старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў трымаюць гэтае пытанне на паўсядзённым кантролі.

Участкі па сельсаветах убіраюцца тэхнікай бліжэйшых гаспадарак, а на Мосаршчыне да гэтай справы, як і ў папярэднія гады, падключылася фермерская гаспадарка М.І.Рубаніка.

Найбольшая ўраджайнасць сабранага зерня ў прыватным сектары аказалася ў Вяркудскім сельсавеце – 23,9 цэнтнера з гектара, сярэдняя ж па раёне яна 21 цэнтнер з гектара.

Многія ўчасткі грамадзян займаюць невялікія кавалкі зямлі, на якіх складана развярнуцца камбайну, а на некаторыя яшчэ і складана даехаць. Менавіта па гэтых прычынах заўсёды ўскладняецца аператыўная ўборка зерневых культур на прысядзібных участках. Не ўсе пакуль зразумелі зручнасць і мэтазгоднасць уключэння сваіх участкаў у агульны севазварот і прытрымліваюцца ранейшых спосабаў вырошчвання зерневых.

В.ПОЛАЗАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *