У Фокиных большое приусадебное хозяйство

Общество

На падворку кіпела работа. Статны, рухавы не па гадах мужчына завіхаўся ля трактарка. Тут жа нешта рабіў з прычапнымі агрэгатамі Уладзімір Уладзіміравіч. Убачыўшы журналіста, крыху разгубіўся, а потым запрасіў для размовы на лавачку пад вокнамі хаты, у засені кветніка. Ад яго я даведалася, што пажылы статны мужчына – гэта бацька (маці даўно памерла) Уладзімір Кірылавіч, які 41 год адпрацаваў вадзіцелем у калгасе і цяпер не хоча развітвацца з тэхнікай, толькі ўжо ў сваёй асабістай гаспадарцы. Хаця яму ўжо 76 гадоў.У расчыненае вакно прыгожая светлавалосая жанчына падала нам ягадны морс (у садзе маецца дзесяць кустоў каліны, штогод сям’я рыхтуе на зіму па некалькі вядзёр соку). Аказалася, гэта сястра Уладзіміра Уладзіміравіча, якая працуе бухгалтарам камунгаса ў Наваполацку. Прыязджае па выхадных.

– І яе дапамозе мы ўдзячны, – заўважыў Уладзімір Уладзіміравіч. – Вось і цяпер рамонтам займаецца ў хаце. Зразумела, страву гатуе. Калі яе няма, то гэта робіць бацька, бо служыў у арміі поварам.

– А ў вас, мужчын, гарачая пара – сенакос.

– Так. Зараз паедзем саграбаць сена.

На падворку стаяў такі вялікі стог сена, відаць, для немалой прыватнай фермы прадназначаны. Спытала пра гэта ў свайго субяседніка. І ён пералічыў: маюцца дзве каровы, пятнаццаць авечак, куры. Кармы нарыхтоўваюцца з двухгектарнай плошчы, дзе і сенакос, і агарод: пасаджана бульба, гародніна, пасеяны ячмень. Маюцца ягадныя кусты: белых, чорных, чырвоных парэчак, агрэсту. Сястра Уладзіміра Уладзіміравіча робіць закаткі. Займаецца сям’я Фокіных крыху і пчалярствам. А колькі зручнасцей і ўдасканалення вакол хаты. Мне цікава было абысці вакол сядзібы, усё паглядзець. У двары выкапана студня. Вада ў ёй крыштальная, захоўваецца такой доўга, ад ключа, які б’е з-пад горкі над возерам. Суседзі таксама прыходзяць браць. За хатай ёсць лазня, летняя душавая, дзе можна памыцца і цёплай вадой, якая падаецца па трубах. Зусім непадалёк – прыгожае возера, але людзям працавітым любавацца ім няма калі. Лета – пара назапашвання.

У дзень майго прыезду да Фокіных не толькі сена было на павестцы дня. Увечары трэба было сабраць агуркі. Уладзімір Уладзіміравіч па маёй просьбе паказаў парнікі. Яны зроблены прасторныя, метраў па пятнаццаць. У двух убачыла такія прыгожыя зялёныя агуркі, кожны з захаваўшайся жоўтай кветачкай на канцы. Яшчэ ў адным парніку чырванелі памідоры. Залюбавалася перцамі і пацісонамі, якія ўбачыла далей у агародзе. Гэтыя пасадкі – ля другога дома, не таго, ля якога мы сядзелі. Той, па-сутнасці, бацькаў, а гэты – Уладзіміра Уладзіміравіча. Але жывуць родныя людзі разам. Ледзьве ўгаварыла, ды сабраліся разам, сфатаграфавала. Такія высокія, прыгожыя, працавітыя: бацька, дачка і сын.

Г. ВАРАТЫНСКАЯ. На здымку:

сям’я Фокіных.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *