Депутаты и руководители организаций Поставского района посетили знаковые места Ушаччины

Ушаччина туристическая

“Прыгожы раён з багатай гісторыяй!” Такія словы выказвалі дэпутаты Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў, члены Маладзёжнай палаты, кіраўнікі некаторых арганізацый горада і раёна, якія на мінулым тыдні наведаліся з экскурсіяй на Ушаччыну.

У Пастаўскім раёне практыкуюць як выязныя пасяджэнні прэзідыумаў, іншыя мерапрыемствы, так і вось падобныя экскурсіі, падчас якіх знаёмяцца з іншымі раёнамі, пераймаюць вопыт. Першым пунктам на ўшацкім маршруце пастаўчан стала радзіма Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Выбіраючы аб’екты для наведвання, госці проста не маглі абмінуць Бычкі, тым больш што ладзілася экскурсія якраз напярэдадні 95-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. З асаблівай цікавасцю слухалі біяграфічныя моманты і ўглядаліся ў кожны экспанат настаўнікі і музейныя работнікі.
– Я прыхільніца твораў Васіля Быкава. Памятаю, як у студэнцкія гады рыхтавалася да экзамена па сцэнічнай мове, на якім мне разам з аднагрупнікам неабходна было прадэкламаваць урывак з аповесці В.Быкава і, зразумела, данесці пры гэтым сэнс твора, глыбіню пачуццяў. Наша выкладчыца перад гэтым накіроўвалася на літаратурную сустрэчу, дзе павінен быў прысутнічаць пісьменнік. Вярнулася яна адтуль з аўтографам творцы, узятым спецыяльна для нас. Энергія празаіка настолькі моцна натхніла мяне, што іспыт я здала на выдатна, – прыгадала дырэктар Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Таццяна Гвідонаўна Гарошка, якая, дарэчы, ужо наведвала Бычкі.
А вось абсалютная большасць гасцей былі тут упершыню і з задавальненнем рабілі фота на памяць не толькі на фоне сядзібы-музея, а і з яго работнікам М.М.Хараком, даведаўшыся, што ён з’яўляецца родным пісьменніка.
Як партызаны прарывалі варожае кола блакады, як ствараўся “Прарыў”, госці даведаліся падчас экскурсіі на мемарыяле. І ў сваю чаргу падарылі нашаму музею кнігу пра Паставы, якім сёлета споўнілася 610 гадоў.
– Безумоўна, чула пра ваш “Прарыў”, але ніколі тут не была. Уражана яго велічнасцю, цікава было пабываць і ў лясной школе, і ў партызанскіх зямлянках, – падзялілася сваімі ўражаннямі першы сакратар Пастаўскага райкама БРСМ Вераніка Казлоўская.
Усе прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, а старшыні Пастаўскага і Ушацкага райсаветаў Пётр Леанідавіч Курто і Наталля Мікалаеўна Марковіч усклалі кветкі да мемарыяльных пліт.
Пасля гістарычнага экскурса гасцей чакаў сучасны. Спыніўшыся ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”, ужо былі ўражаны спартыўным аб’ектам, ну а прайшоўшы па памяшканнях і залах, не хавалі эмоцый: “Шчыра кажучы, не чакалі ўбачыць такі суперсучасны комплекс у невялікім горадзе! У нашых 20-тысячных Паставах таксама ёсць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які дзейнічае даўно, і ў параўнанні з вашым ён вельмі сціплы. У вас цяпер павінны расці адны спартсмены!” – казалі прадстаўнікі дэлегацыі.
У гэты дзень пастаўчан яшчэ чакалі на суседняй Глыбоччыне. Яны падзякавалі за цёплы прыём і выказалі намер яшчэ раз вярнуцца ва Ушацкі раён, каб пасля рэканструкцыі пазнаёміцца з унікальнай экспазіцыяй музея народнай славы, а таксама наведаць іншыя аб’екты.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *