Агроусадьба «Тихоняты»: оазис отдыха на Ушаччине

Калейдоскоп Ушаччина туристическая

Нават аднаго позірку на геаграфічную карту Ушаччыны дастаткова, каб у бясконцых перапляценнях блакітнага і зялёнага колераў убачыць багацейшы турыстычны патэнцыял. А тым больш калі глядзяць на гэта людзі з гаспадарскім вокам і аналітычным розумам – такія, напрыклад, як Пётр і Таццяна Герасімёнкі. Яны даўно задумваліся аб тым, каб стварыць на тэрыторыі раёна які-небудзь турыстычны аб’ект, а тры гады таму і спрыяльны выпадак падвярнуўся. На продаж быў выстаўлены катэдж у Ціханятах: цудоўнае месца на беразе возера – адасобленае і ў той жа час блізкае ад райцэнтра – проста ідэальна падыходзіла для адкрыцця аграэкасядзібы! Сям’я набыла гэты ўчастак і з энтузіязмам узялася за справу.

У Беларусі амаль паўтысячы аграэкасядзіб, 174 з іх – у Прыдзвінні, суседняя Глыбоччына – адзін з лідараў турыстычнага напрамку, ды і ў нашым раёне нямала папулярных аб’ектаў. Відавочна, што навічкам на гэтым полі дзейнасці трэба пастарацца, каб знайсці сваю кліенцкую базу. Бераг возера, пірс, рыбалка, пяць утульных пакояў з гарадскімі выгодамі, выдатная лазня і нават більярдны стол – гаспадары “Ціханят” (а менавіта такую назву далі аб’екту) стварылі ўсе ўмовы для змястоўнага адпачынку. Прынамсі, такі сэрвісны набор зараз на многіх сядзібах, таму варта мець і “фірменныя” прапановы. Пётр і Таццяна вырашылі пабудаваць банкетную залу, каб зацікавіць тых, хто хоча ў зацішным месцы адсвяткаваць адметную падзею.

Да слова, прэзідэнцкі Указ №351 “Аб развіцці аграэкатурызму”, які ўдасканаліў дзейнасць напрамку, не забараняе ладзіць на сядзібах такія мерапрыемствы, але яны не павінны перашкаджаць суседзям. Участак у Ціханятах у гэтым плане вельмі ўдалы, бо знаходзіцца на адлегласці ад іншых дамоў.

Канечне, будаўніцтва патрабавала ўкладанняў, але гаспадары мяркуюць, што яны акупяцца. Кліенты ўжо апрабавалі новае памяшканне: тут адзначалі вяселлі, юбілеі, дзіцячыя святы, а перад Новым годам былі заказы на карпаратывы. Што датычыцца пачастункаў, то іх часта заказваюць у прыватнікаў з дастаўкай – у тым ліку і ва ўшацкіх. Вось што расказала нам Ірына Вяр’ясава, якая ажыццяўляе падобную дзейнасць у рамках самазанятасці: “Заўсёды з задавальненнем накрываю стол для гасцей “Ціханят” – там выдатныя ўмовы і вельмі прыстойныя, прыветлівыя гаспадары”.

Для адпачываючых, якія выказваюць такое жаданне, Таццяна сама гатуе стравы беларускай кухні. Прычым, эксклюзіўныя і экалагічныя – трымаюць жа сваіх парсючкоў, заўсёды ёсць свежая рыба і нават дзічына (Пётр Іосіфавіч – арандатар двух азёр і заўзяты паляўнічы).

Шчыра прызнацца, аднаго разу мне давялося трапіць у госці да гэтых добразычлівых людзей – дык, дэгустуючы самаробныя каўбасы па народных рэцэптах, міжволі прыгадала старонкі рамана Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне Караля Стаха”, дзе класік апісваў старажытную вячэру беларускіх шляхцічаў… Думаецца, што складнік гастранамічнага турызму можа стаць прывабнай адметнасцю “Ціханят”. Дарэчы, хоць аб’ект яшчэ не надта раскручаны (толькі пачынаюць актыўнічаць у сацсетках, стварылі старонку ў “Інстаграме”), база кліентаў фарміруецца, прыязджаюць людзі са сталіцы, іншых рэгіёнаў. “Летам прадстаўнікі адной сям’і, якія жывуць у розных гарадах, вырашылі сустрэцца ў нас і правесці разам некалькі дзён. І так ім спадабалася, што двойчы падаўжалі тэрмін прабывання”, – расказвае Таццяна.

Канечне, спраў у сям’і дадалося: трэці год пастаянна вядуць будаўнічыя работы, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю – сёлета, напрыклад, даводзілі да ладу двор, высаджвалі алеі з туй. А трэба ж яшчэ прыбіраць пакоі, мяняць бялізну. Апошнюю, дарэчы, возяць у Полацк у пральню, таму з цікавасцю даведаліся, што такія паслугі можна будзе атрымліваць у новым ушацкім інтэрнаце для спартсменаў.

Аграэкатурыстычны бізнес – не адзіная іх сямейная справа, таму Таццяне і Пятру даводзіцца шчыльна размяркоўваць час, каб усё паспець, але жыць у такім рытме ім падабаецца. А ўвогуле былая жыхарка Наваполацка і ўраджэнец Глыбоцкага раёна ўдзячны лёсу, які каля 20 год таму звёў іх разам на Ушаччыне. Абаснаваліся ў Цялічыне, куды Таня ў дзяцінстве пастаянна прыязджала да бабулі. І нават не заўважылі, як вырасла дачка… Быць заўсёды ў руху, развівацца, спрабаваць нешта новае, каб прыносіць карысць людзям і мацаваць сямейны дабрабыт – менавіта ў гэтым бачаць яны сэнс жыцця.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *