Сначала хлопоты на усадьбе, а затем отдых. Как семья Можейко благоустраивает свои сотки

Благоустройство

Нельга не пагадзіцца з выказваннем, што сапраўднага гаспадара бачна здалёк. І яно ў поўнай меры адносіцца да сям’і Мажэйкаў з гарпасёлка. На першае месца Пётр Мечыслававіч і Ларыса Захараўна ставяць клопаты аб сваёй сядзібе, і толькі потым думаюць пра адпачынак.

На акуратны падворак на вуліцы Мамкіна проста нельга не звярнуць увагу. Дасягаецца ж яго ідылічны выгляд нястомнай працай. Вось і ў гэты дзень, калі рабілі здымак, яны з самай раніцы ўжо шчыравалі на ўчастку: гаспадар абкошваў тэрыторыю, а Ларыса Захараўна завіхалася на градках. Агародніна, якой тут адводзяць нямала месца, штогод радуе добрымі ўраджаямі. “Пачастуйцеся клубніцамі!” – выбіраючы лепшыя з вялікага вядра, казаў Пётр Мечыслававіч. У той час як у многіх агароднікаў клубнічны сезон быў ужо практычна завершаны, тут яшчэ ва ўсю нарыхтоўвалі гэтую смачную ягаду. Прычым, асобныя “экзэмпляры” дасягалі памераў ледзь не з маленькі яблык. “Мала проста пасадзіць, няхай і ўраджайны сорт, за клубніцамі патрэбны пастаянны догляд, нават калі яна ўжо і аддала свае плады, да самай восені,” – аграном па адукацыі, Пётр Мечыслававіч выдатна ведае ўсе нюансы агародніцтва. Шмат на ўчастку і пладовых дрэў, якія таксама за клопат аддзячваюць ураджаем.

Асобная тэма – кветкі, для іх адведзена не менш месца. Некалькі відаў хостаў, гваздзікі, півоні, ірысы, флёксы, аксаміткі, лілеі – здаецца, і не пералічыш усе разнавіднасці. У асаблівай пашане ў гаспадароў – ружы. “Чайная вабіць сваім водарам, яна не толькі прыгожая, але і карысная: з пялёсткаў заварваюць чай, які валодае мноствам уласцівасцей – умацоўвае імунную сістэму, дапамагае справіцца з бяссонніцай, выкарыстоўваецца і ў касметычных мэтах, а некаторыя нават вараць з іх варэнне, якое дапамагае ў барацьбе з прастуднымі захворваннямі. Як ніколі сёлета цвілі куставыя ружы, ад колькасці бутонаў яны так хіліліся да зямлі, што рабілі ім падтрымку ў выглядзе падпорак. А вось ад петуніі чакала большага, а яны капрызныя – не задаліся”, – сціпла адзначае Ларыса Захараўна, хоць гэтыя кветкі ў вазонах усё роўна ўпрыгожылі прыступкі і ганак. Гарманічна ўпісаліся ў “інтэр’ер” падворка і кусты гартэнзій, а таксама разнастайныя дэкаратыўныя туі.

Заўсёды парадак пануе і ў іх гасцінным доме. І калі тэхнічная частка ляжыць на плячах Пятра Мечыслававіча, то ўтульнасць і чысціня – заслуга клапатлівай гаспадыні.

Сям’я Мажэйкаў, як і многія іншыя руплівыя гаспадары, зазначае, што ў іх няма нічога асаблівага. Адметнасць іх у тым, што нягледзячы на паважаны ўзрост, не сядзяць склаўшы рукі, працуюць і па меры сіл робяць свет вакол сябе прыгажэйшым.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *