Накануне Дня знаний в Ушачах прошла традиционная педагогическая конференция

Общество

У панядзелак у школах Ушаччыны дадуць старт новаму навучальнаму году – залівісты першы званок пакліча ў няпростае, цікавае падарожжа па краіне ведаў 1223 вучні, у тым ліку 127 першакласнікаў. Свое­асаблівы экзамен на гатоўнасць адбыўся да Дня ведаў і ў настаўнікаў – на бягучым тыдні прайшла раённая педагагічная канферэнцыя.

Як адзначыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, адукацыя – прыярытэтная галіна ў бюджэце раёна. На яе долю ў 2019 годзе прыходзіцца 32 працэнты. Значныя сродкі накіроўваюцца на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Так, сёлета закуплены новы школьны аўтобус (дарэчы, у парку аддзела па адукацыі няма ніводнага, тэрмін эксплуатацыі якога перавышае 10 гадоў) і грузавы ізатэрмічны аўтамабіль “ЮніСкаф”, набыты 33 адзінкі камп’ютарнай тэхнікі, 11 – тэхналагічнага абсталявання, 13 – халадзільнага. Усюды праведзены бягучы і касметычны рамонт, завяршаецца капітальны ў яслях-садзе №3 г.п.Ушачы. Зараз райвыканкам шукае крыніцы фінансавання распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі для рэалізацыі праекта “Ушацкая сярэдняя школа як сацыяльны цэнтр раёна”, які ў суме 260 тысяч еўра будзе фінансавацца Сусветным банкам – адпаведны Указ падпісаны Прэзідэнтам краіны.

Укладзеныя дзяржаўныя сродкі павінны даваць аддачу – у першую чаргу праз высокую ступень якасці адукацыі. Уладзімір Генадзьевіч адзначыў, што педагагічны калектыў раёна ў гэтым напрамку працуе мэтанакіравана і мае нядрэнныя вынікі, пажадаў годна справіцца з задачамі і ў новым навучальным годзе.

З тэмы даступнасці дашкольнай адукацыі пачала сваё выступленне начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Н.В.Стрыжонак. Яна падрабязна спынілася на ўсіх накірунках работы дашкольных устаноў – хваліла за поспехі (адзін з асноўных – 98-працэнтны ахоп дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй і 100-працэнтны – пяцігадовых малых), адзначала недапра­цоўкі, акрэслівала задачы на перспектыву.

Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання раён заняў 12 месца з 25 рэгіёнаў вобласці, сярэдні бал па некаторых прадметах у нас вышэйшы за адпаведны абласны (беларуская мова, фізіка, біялогія, грамадазнаўства) і нават рэспубліканскі (фізіка, біялогія і гісторыя Беларусі).

Ва ўстановы вышэйшай адукацыі сёлета паступіла 48 працэнтаў выпускнікоў, у сярэднія спецыяльныя – 26, прафесійна-тэхнічныя – 21. У 3 школах было арганізавана вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні: сфарміраваны аграрныя класы з ліку дзесяцікласнікаў у Вялікіх Дольцах і Глыбачцы, працягнуў работу педагагічны клас на базе профільных груп ва Ушачах. Дарэчы, трое выпускнікоў апошняга паступілі ў ВНУ на педспецыяльнасці, двое з іх атрымалі мэтавыя накіраванні. Важным новаўвядзеннем стала арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі для 63 навучэнцаў па рабочых спецыяльнасцях, запатрабаваных у рэгіёне. Летась абноўлены камп’ютарныя класы ў Арэхаўскай і Глыбачанскай школах, у новым навучальным набываецца адпаведны для Ушацкай. Юных адкрывальнікаў з райцэнтра чакаюць і новыя канструктары для мадэлявання робататэхнікі.

Асобна спынілася Н.В.Стрыжонак на пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў падрастаючага пакалення. За першае паўгоддзе 2019-га іх выяўлена 20 (за аналагічны перыяд 2018-га – 13). Адзначыла і станоўчае – зніжэнне ўзроўню сацыяльнага сіротства, сёлета толькі адно дзіця было прызнана маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне і ўжо вернута ў родную сям’ю.

Шмат узнагарод атрымалі ўшацкія педагогі падчас мерапрыемства. За падрыхтоўку пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды Грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь уручана настаўніку беларускай мовы і літаратуры Ушацкай школы Ірыне Уладзіміраўне Леснічэнка. Ганаровымі граматамі ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама адзначаны настаўнікі пачатковых класаў Вера Васільеўна Венжык (Арэхаўна), рускай мовы і літаратуры Вера Іванаўна Грак (Ільюшына), Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама – загадчык Арэхаўскага ясляў-сада Сафія Іванаўна Баранава, настаўнікі пачатковых класаў Алена Сяргееўна Мамон (Ушачы) і Наталля Міхайлаўна Уліцкая (Глыбачка), біялогіі Кацярына Міхайлаўна Гірсёнак (Арэхаўна), інжынер-тэхнолаг гаспадарчай групы аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Віктараўна Мацкевіч, экспедытар Таіса Уладзіміраўна Салодкіна. Некаторыя педагогі атрымалі ўзнагароды ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў. Не забыліся арганізатары мерапрыемства, ганаровыя госці (сярод іх – старшыня райсавета Н.М.Марковіч, намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч) і пра ветэранаў педагагічнай працы – падзякавалі ім за шматгадовую дзейнасць на ніве адукацыі, уручылі кветкі.

Сёлета традыцыйна быў складзены рэйтынг навучальных устаноў раёна, які ўлічыў асноўныя паказчыкі работы педагагічных калектываў. Сярод дашкольных першае месца заняў яслі-сад №2 ­г.п.Ушачы. Сярод жа школ на лідарскіх пазіцыях аказаліся Ушацкая, Арэхаўская і Глыбачанская – першае, другое і трэцяе месцы адпаведна.

Апладысментамі сустракалі прысутныя і пераможцу раённага агляду-конкурсу па падрыхтоўцы адукацыйных устаноў да новага навучальнага года. Сёлета ёй стала Глыбачанская школа, якой у якасці падарунка абсталююць лінгафонны кабінет. Другое месца раздзялілі Вялікадолецкая і Арэхаўская – яны атрымалі сертыфікаты на сучасныя мультыборды. Сярод дашкольных устаноў лепшым прызнаны Арэхаўскі яслі-сад, для якога набыта новая мэбля.

На канферэнцыі не раз гучалі імёны лепшых. Менавіта з іх будзе браць прыклад маладое папаўненне педагогаў. Штат Ушацкай школы сёлета папоўніла настаўнік пачатковых класаў Алёна Валер’еўна Нефядовіч, метадыстам раённага цэнтра дзяцей і моладзі будзе працаваць Дар’я Валер’еўна Кісель, выхавацелямі ў яслях-садзе №1 г.п.Ушачы – Вольга Алегаўна Сандзюк і Ірына Уладзіміраўна Міцкевіч.

Падчас мерапрыемства, што праводзілася на базе Ушацкай школы, на сцэну не раз выходзілі і дзеці – каб аддзячыць сваім настаўнікам, выхавацелям, парадаваць іх шчырымі вершамі, песнямі, танцамі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *