Посадки леса и уход за новыми насаждениями — «миссия» инженера по лесовосстановлению Ушачского лесхоза Екатерины Ордынской

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Памятаеце знакаміты выраз пра тое, што сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, вырасціць сына і пасадзіць дрэва? Гэта жыццёвая праграма па плячы і сучасным прадстаўніцам прыгожай паловы. Напрыклад, апошні пункт Кацярына Ардынская перавыканала ўжо ў тысячы разоў, бо менавіта да збору насення і пасадкі дрэў інжынер па лесааднаўленні Ушацкага лясгаса мае самае непасрэднае дачыненне.

Пасадкам і догляду за ляснымі культурамі работнікі лесу аддаюць сіл нават больш чым пры высечках. Пра тое, што вялікі лес пачынаецца з маленькага насення, Кацярына Васільеўна можа расказваць доўга і цікава: “Кожны год арганізоўваю збор насеннага матэрыялу, гэтай справай займаюцца леснікі ва ўсіх лясніцтвах. Напрыклад, зараз трэба не ўпусціць час нарыхтоўкі насення ліпы, яго назапашана ўжо каля 10 кілаграмаў. Насенне дуба збіраем у кастрычніку-лістападзе, а хваёвых – у лістападзе-снежні. Шышкі сушым на спецыяльным абсталяванні ў Вялікадолецкім лясніцтве, потым адпраўляем у Глыбоцкі вопытны лясгас на захоўванне. Зрэшты, не факт, што ўсё стане саджанцамі: матэрыял накіроўваем у рэспубліканскі насенняводчы цэнтр на аналіз якасці і толькі пасля выдачы адпаведнага пасведчання выкарыстоўваем для высеву ў сваім лесагадавальніку”.

Яна курыруе работу гэтага падраздзялення лясгаса. Але і пасля высадкі саджанцаў на лясныя плантацыі (у сярэднім каля 100 гектараў штогод) “місія” інжынера па лесааднаўленні ніяк не заканчваецца. На працягу сямі гадоў дрэўцы патрабуюць догляду і толькі пасля гэтага ўчасткі пераводзяць у лес. Калі яны да гэтага не гатовы – пакідаюць на дарошчванне.

Справа К.В.Ардынскай цікавая і стваральная. Большасць лісцевых дрэў растуць хутка, да прыкладу, прырост клёна востралістага за год можа дасягаць і метра. А вось пасаджанымі хваёвымі скарыстаюцца толькі нашчадкі: сасна стане спелай праз 80 гадоў, а дуб – праз цэлае стагоддзе.

– З дзяцінства люблю лес і прыроду, таму з выбарам прафесіі ў свой час не вагалася і паступіла ў Полацкі лясны тэхнікум. Па размеркаванні ж трапіла ў родны раён і першыя свае працоўныя крокі рабіла ў Вялікадолецкім лясніцтве майстрам лесу. Арганізацыя лесасечных работ, абходы і многае іншае было ў зоне маёй адказнасці. Канечне, няпроста было пачынаць, наладжваць кантакт з вопытнымі работнікамі, якія былі ў мяне ў падначаленні, – прыгадвае Кацярына Васільеўна.

Аб тым, што яна ўдала спраўлялася са сваімі абавязкамі, сведчыў і той факт, што пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку ёй даверылі пасаду памочніка ляснічага ў Сарочынскім лясніцтве, а пазней – спецыяліста па лесааднаўленні ў лясгасе.

У цэлым лясной справе К.Ардынская прысвяціла ўжо 14 гадоў і ніколькі аб гэтым не шкадуе. Нават адпраўляючыся ў вольны час з сям’ёй за грыбамі, яна часцей глядзіць не пад ногі – па прафесійнай звычцы позірк аўтаматычна накіроўваецца на верхавіны дрэў, выхопліваючы тыя ці іншыя тэхналагічныя нюансы. Дарэчы, спадарожнік жыцця Ігар Еўстаф’евіч дапамагае жонцы і словам, і справай: яны разам працуюць на карысць беларускага лесу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *