Ушачская поэтесса Галина Воротынская презентовала новый сборник «Тапчу зямное каблучком»

Творчество наших земляков

У шэрагу велічных асоб, што праславілі Ушаччыну, імя Рыгора Барадуліна займае асаблівае месца, бо цяжка ўявіць большага патрыёта сваёй малой радзімы. “У Мінску я – як на кватэры, а тут я дома”, – казаў паэт пра ўшацкую сядзібу. І да апошняга адкладаў той момант, калі назаўжды развітаецца з ёю. Але існасць быцця няўмольная – і ўжо пяць год, як няма з намі дзядзькі Рыгора. Аднак засталіся яго неўміручыя вершы – і ў адзін з нядаўніх вечароў яны гучалі ля знакамітага дома на Школьнай вуліцы райцэнтра.

Радзіма – гэта непахісна

Удзельнікамі імправізаванай літаратурнай гасцёўні сталі ўшацкія аматары паэтычнага слова, а арганізатарам сустрэчы – паэтэса Г.А.Варатынская. З сям’ёй вядомага класіка яе звязвала даўняе сяброўства, і на мерапрыемства Галіна Аляксандраўна прынесла фотаздымкі, на якіх Рыгор Іванавіч адлюстраваны разам з роднымі і блізкімі людзьмі. І хоць імпрэза ладзілася з нагоды жалобнай даты, прайшла яна ў светлай, узнёслай і вельмі таварыскай атмасферы. Галоўным жа яе лейтматывам стала меркаванне, якое трапна выказаў адзін з удзельнікаў – кандыдат тэхнічных навук, аднакласнік Г.Варатынскай Сяргей Кірпіч, які спецыяльна прыехаў на сустрэчу з Мінска: “Дарагія землякі! Любіце і шануйце месца, дзе мы з’явіліся на свет. Радзіма – гэта непахісна…”. А яшчэ ён прызнаўся, што менавіта праз творы Барадуліна адкрыў для сябе глыбіню і прыгажосць беларускай мовы, натхніўся на напісанне ўласных вершаў і перакладаў. Працягнуў гэтую тэму і ўшацкі аматар літаратурнага слова Аляксандр Лосеў, які выказаў, на мой погляд, вельмі цікавае меркаванне: “Не варта самоціцца, што беларуская мова не надта часта гучыць у паўсядзённым жыцці. Яна – як святочная вышыванка, якую апранаюць у самыя значныя моманты. А таму доўга будзе чыстай, не зашмальцуецца ад будзённага ўжытку”.

Прысутныя падзяліліся сваімі разважаннямі на розныя тэмы і выказалі пажаданне, каб можна было і ў далейшым збірацца на сядзібе дзядзькі Рыгора, чытаць і абмяркоўваць тут вершы класікаў і ўласныя творы.

“Тапчу зямное каблучком”

Прынамсі, тут жа быў закладзены і пачатак новай традыцыі: Г.А.Варатынская прэзентавала аматарам літаратурнай творчасці толькі што выдадзены зборнік сваіх вершаў “Тапчу зямное каблучком”. “Хацелася, каб новая кніга не была падобнай на папярэднія. Так яно і атрымалася”, – адзначае аўтарка. У выданні сабраны 120 вершаў, палова з якіх – пра наша паўсядзённае жыццё з яго няпростымі ўзаемаадносінамі, выпрабаваннямі і несупадзеннямі. Але, як піша ў прадмове кандыдат філалагічных навук Юрась Бабіч, “гэта не прыводзіць чытача да адчаю ці злосці, а наадварот, абуджаючы ўсведамленне навакольнай недасканаласці, прымушае паразважаць над учынкамі людзей і сваімі таксама”.

А часам, як у вершы “Кут”, і атрымаць параду:

Не заганяй сябе у кут,

дзе спее змрок тваіх пакут.

Там грызуны віюць гняздо,

згрызуць і дом твой заадно.

Ганебныя рысы чалавека праз алегарычныя вобразы ярка высвечваюцца ў творах “Паўзуны”, “Сарока”, “Клетка”, “Каток”, “Моль” і іншых. Вось які яркі вобраз, напрыклад, выпісаны ў вершы “Мядзведзь”:

Здурэлы не ўяўляў мядзведзь,

Куды свой зуд нажывы дзець.

І злодзей зрынуты заўзяты:

Ён сеў заслужана за краты.

Паэтэса правяла для прысутных “экскурс” па сваёй кніжцы, дзе кароткія алегарычныя вершы плаўна пераходзяць да тэмы сямейных зносін, а потым і да шчымлівых твораў аб згубе родных. Адметны, напрыклад, верш пра тое, як дзеці прадалі бацькоўскі дом. “І цяпер хата пасярод сада стаіць панура, як на хаўтурах”.

Па-ранейшаму дасканала выглядае інтымная лірыка аўтаркі. Асабліва хочацца вылучыць філасофскі верш “Парашутысты” – рэдка каму ўдаецца так проста і вобразна апісаць сутнасць быцця:

Мы – парашутысты.

Нас паслала неба.

Праляцець дастойна

Свой адрэзак трэба.

І зямля цярпліва

Прыме нас у лона:

Аднаго – з дакорам,

Іншага – з паклонам.

А вось якія меркаванні выказалі ўдзельнікі літаратурнай гасцёўні, калі пазнаёміліся з новым зборнікам.

Н.Цімафеева: “Гэта зусім іншая кніга, непадобная на папярэднія. Цікава, калі аўтар знаходзіць у творчасці нешта новае і вельмі дастойнае”.

А.Лосеў: “Тры разы перачытаў, потым зрабіў закладкі – ёсць, на маю думку, проста “ўбойныя” творы”.

Л.Карабань: “Спадабалася ўсё да канца – нават прысвячэнні блізкім. Купляю шмат кніг, але рэдка даводзілася бачыць настолькі ўдалае афармленне вокладкі, яе поўную адпаведнасць канцэпцыі зборніка”.

Г.Хоміч: “Асабліва ўразілі пранікнёныя вершы пра маці і бацьку: проста наварочваліся слёзы…”

Т.Палячэнка: “Паэтэса змагла адарвацца ад звыклага погляду на навакольнае. У выніку мы бачым новыя тэмы і вобразы”.

Вершы з новага зборніка Г.Варатынскай можна будзе прачытаць на нашай літаратурнай старонцы. А каб набыць кнігу, варта звярнуцца непасрэдна да аўтара.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *