Агроном ОАО «Деменец» Станислав Лисичёнок развеивает стереотип о том, что молодёжь не хочет трудиться в сельском хозяйстве

Образование и молодежь

“Хачу атрымліваць высокія ўраджаі, бачыць, як гараць вочы ў механізатараў і дамоў вяртацца, хоць і стомленым, але задаволеным!” – казаў на адной з сустрэч маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна аграном ААТ “Дземенец” Станіслаў Лісічонак. З першых хвілін знаёмства ён развейвае стэрэатып аб тым, што сучасная моладзь зусім не хоча працаваць у сельскай гаспадарцы.

Яшчэ маленькім хлапчуком у наваколлі роднай Мосаршчыны Стас прыслухоўваўся да гулу машын і бег да іх, прасіўся хоць крыху пасядзець у трактары ці камбайне. Родныя не сумняваліся, што хлопец абярэ аграрную прафесію, тым больш што ўсе члены сям’і – дзяды, бацька, маці, дзядзькі – працавалі ў сельскай гаспадарцы. Зрэшты, Станіслаў вагаўся і спачатку хацеў стаць гісторыкам, аднак дакументы ўсё ж былі пададзены ў Лужаснянскі тэхнікум на агранамію. Сказаць, што яму было цікава вучыцца – нічога не сказаць. “Люблю і жывёл, але да раслін больш ляжыць душа, падабаецца эксперыментаваць, вучыцца вызначаць, што для іх лепш, назіраць за развіццём. Магчыма, ёсць сэнс у словах, што аграномы – дактары раслін. У студэнцкія гады пісаў работу па іх вырошчванні ў космасе, рыхтаваў праект па развядзенні раслін з дапамогай святла, які быў адзначаны ў ліку лепшых на рэспубліцы”, – расказвае Станіслаў.

Першым працоўным месцам маладога агранома стала КУСГП “Глыбачаны”, але ненадоўга, бо ён жадаў вучыцца далей і паступіў на дзённае аддзяленне Горацкай сельгасакадэміі. Вытворчую практыку праходзіў у “Дземенцы”. І калі для многіх аднакурснікаў яна лічылася ледзь не адпачынкам, то для Станіслава – зусім наадварот. “Знаёміўся з калектывам, палямі, унікаў у справу. Калі мяне адпускалі, дома не сядзелася, дабіраўся з Сарочына да Ваўчо, а далей напрамкі па полі пешшу ішоў у Глыбачку”, – прыгадвае малады спецыяліст. Канечне, такія адносіны не засталіся непрыкмечанымі і тагачасны кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка асабіста хадайнічаў аб тым, каб хлопец трапіў менавіта ў “Деменец”.

– Я ўдзячны лёсу, што ён звёў мяне з такім прафесіяналам, – кажа Станіслаў. – Аляксандр Віктаравіч не проста аграном, а і выдатны аналітык, псіхолаг, умее зацікавіць людзей. Бывала такое, што ламалася тэхніка і без дарагіх запчастак не ўяўлялася магчымым вярнуць яе ў строй, але нашы механізатары, разумеючы важнасць справы, сваімі рукамі майстравалі нерэальнае. Аляксандр Віктаравіч многаму мяне навучыў, напрыклад, што ў кожнага працаўніка свой характар і схільнасці: адзін любіць араць, другі сеяць, а трэці рыхтаваць глебу. Калі зрабіць правільную расстаноўку, то і аддача будзе большай. А яшчэ не трэба, як кажуць, стаяць над душой, але і нельга пускаць справы на самацёк. А.В.Шарыпенка яднаў калектыў. Гэта адзін з самых лепшых маіх настаўнікаў у жыцці, я імкнуся стаць такім, як ён. Хоць зараз хвароба не дазваляе Аляксандру Віктаравічу працаваць, але я часта звяртаюся да яго за парадамі. Прыемна чуць яго бадзёрае “Яшчэ папрацуем!” Пашанцавала, што побач са мной і наш галоўны аграном Ігар Уладзіміравіч Іванюта”.

Нягледзячы на пасаду, Станіслаў не цураецца ніякай працы і пры неабходнасці гатовы сесці на трактар, не стаіць рукі ў кішэні, калі здарылася ў полі паломка. Работнікі са стажам спачатку з недаверам ставіліся да маладога спецыяліста – маўляў, “зялёны” яшчэ і нічога не ўмее, намагаліся павучыць ці наогул не звярталі ўвагі. Але ў хуткім часе зразумелі, што гэта старанны спецыяліст.

Хлопец можа доўга і цікава расказваць пра ўвесь цыкл палявых работ. Як сапраўдны аграном, менавіта на палетках ён праводзіць абсалютную большасць свайго часу і ніколі не думае пра нейкія рабочыя рамкі. У кабінеце сядзіць хіба што зімой, калі патрэбна рыхтаваць розныя справаздачы. Тым не менш, паспявае ўдзяляць час і захапленням, напрыклад, малюе і піша музыку, любіць чытаць не толькі мастацкую літаратуру, а і артыкулы, прысвечаныя сельскай гаспадарцы, цікавіцца галандскімі распрацоўкамі ў гэтым накірунку і нават дапускае, што ў нашай мясцовасці можна вырасціць не толькі грэчку, а і рыс. Не любіць ён шумныя гарады, таму марыць пабудаваць дом для сваёй маладой сям’і на Ушаччыне. А планы такіх мэтанакіраваных і працавітых людзей, як правіла, ажыццяўляюцца.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *