Профессиональный праздник отмечают работники дорожной службы

К профессиональному празднику

Нездарма дарожнікі і аўтамабілісты адзначаюць сваё прафесійнае свята ў адзін дзень. Ад якаснай работы першых у многім залежыць і праца другіх. Асфальтаванне і ямкавы рамонт, падсыпка і грэйдзіраванне дарог, парадак на прылягаючай да іх тэрыторыі – гэтыя і іншыя задачы выконвае філіял “Ушацкае ДРБУ-105” КУП “Віцебскаблдарбуд”. Канечне, кожнаму аўтамабілісту прыемна рухацца па ідэальным пакрыцці, але не ўсё залежыць ад дарожнікаў, якія, па словах дырэктара прадпрыемства Аляксандра Уладзіміравіча Пячкоўскага, у няпростых умовах стараюцца рабіць усё магчымае для падтрымання нармальнага стану дарог.

У знакамітай песні шафёра дарога “шэрай стужкай уецца”. Так, ёсць на балансе ДРБУ-105 і такога колеру магістралі, з асфальтавым пакрыццём. Асноўная ж частка мае жоўты – гравійкі складаюць пераважную большасць з 600 кіламетраў. Да таго ж на абслугоўванні арганізацыі 36 мастоў, некаторыя пад’езды.

– Скаргі на стан дарог ёсць пастаянна і гэта не сакрэт, – прызнаецца А.У.Пячкоўскі. – У многім яны абумоўлены значнай зношанасцю тэхнікі прадпрыемства. Вось і зараз на хаду толькі адзін аўтагрэйдар, другі знаходзіцца на рамонце, ёсць праблемы і з самазваламі, якіх мы не атрымлівалі вельмі даўно. У гэтым мы залежым ад “Віцебскаблдарбуда”, якому ў мінулым годзе, напрыклад, на ўсе філіялы ўдалося набыць толькі чатыры МАЗы. Прыкладаем усе намаганні, каб усюды паспець, ведаем аб праблемных месцах, але за кароткі тэрмін прагрэйдзіраваць ці адрамантаваць усе дарогі немагчыма. Таму прашу насельніцтва з разуменнем ставіцца да таго, што заяўкі выконваюцца не так хутка, як хацелася б.

Сёння сярэднеспісачная колькасць членаў калектыву ДРБУ-105 складае 62 чалавекі – гэта нават крыху больш, чым у мінулым годзе, таму чуткі аб тым, што арганізацыя ледзьве не “развальваецца”, зусім не адпавядаюць рэчаіснасці. Касцяк вопытных работнікаў тут захоўваецца, вытворчыя планы выконваюцца. Сярэднемесячная зарплата за студзень-верасень бягучага года склала амаль 520 тысяч рублёў і ўзрасла ў параўнанні з мінулагодняй на 113,6 працэнта. За 9 месяцаў выручка ад работ і паслуг склала 81 тысячу рублёў і павялічылася на 124,6 працэнта да адпаведнага леташняга перыяду.

Дзе зарабілі? На вертыкальным планаванні новага гандлёвага цэнтра, які будуецца ў гарпасёлку на скрыжаванні Ленінскай і Калінінскай, работах па бягучым рамонце на аўтадарогах Н-3200 Полацк-Ушачы і Н-3701 Ушачы-Немірова праз Мосар. Тут наносіцца слой гравійна-эмульсійнай сумесі з укладкай асфальту, работы будуць весціся і ў наступным годзе. Кіруе імі старшы майстар Андрэй Агіевіч, які да прафесійнага свята ўзнагароджаны Ганаровай граматай КУП “Віцебскаблдарбуд”. З ім пагутарылі падчас рабочага працэсу – машыніст асфальтаўкладчыка Мікалай Коўшаль расцягваў гарачы матэрыял, рабочыя раўнялі яго і засыпалі няроўнасці, а тры каткі пад кіраваннем Аляксандра Шэўчанкі, Валерыя Магеркі і Мікалая Паўленкі ператваралі палатно ў прыдатнае для руху. Работнікі паведамілі, што працавалі сёлета таксама на добраўпарадкаванні дачнага кааператыву ў Наваполацку, сімвалічна і тое, што менавіта ўшацкія дарожнікі выйгралі тэндар на абсталяванне тратуара па вуліцы імя нашага земляка П.Броўкі ў Полацку, ёсць дробныя аб’екты і на тэрыторыях арганізацый раёна.

Паспяхова ўдзельнічаць у тэндарах дазваляе ў тым ліку і вытворчасць уласнага асфальту на заводзе ля Лутава. Сёлета амаль усе яго работнікі адзначаны да прафесійнага свята – Юрыю Федарэнку прысвоена званне “Ветэран працы” прадпрыемства, а Дзмітрый Качан атрымаў падзяку КУП “Віцебскаблдарбуд”, Віталь Бакан – раённага Савета дэпутатаў. Дапаўняе зладжаную каманду асфальтна-бетоннага завода вадзіцель пагрузчыка Юрый Александровіч.

Ганаровай граматы камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама ўдастоены сёлета вадзіцель Анатоль Іванавіч Тычына. “Каб была мая воля, я б амаль усіх адзначыў, – кажа аб сваіх работніках А.У.Пячкоўскі. – Напрыклад, нашага “аксакала”, машыніста экскаватара Аляксандра Клямяценку можна ўзнагароджваць кожны год. Самых добрых слоў заслугоўваюць майстар вытворчага ўчастка Генадзь Васілеўскі, дарожны рабочы Павел Віхтар, вядучы бухгалтар Зоя Ільінова і многія-многія іншыя. Да прафесійнага свята выплацім сваім работнікам прэміі, а ад сябе асабіста хачу падзякаваць калектыву за добрасумленную працу, нашым ветэранам – за вернасць прадпрыемству. І ўсім работнікам ДРБУ-105 – і сённяшнім, і былым – пажадаць самага найлепшага і каб іх жыццёвая дарога заўсёды была гладкай!”

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *