С таким лидером всё по плечу! Отчётно-выборная конференция прошла в профсоюзной организации райбольницы

В общественных организациях

Справаздачна-выбарчая канферэнцыя пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ушацкай ЦРБ, праведзеная на мінулым тыдні, ледзь уклалася ў вызначаны рэгламент часу. Між тым, ніхто з паўсотні дэлегатаў не паглядваў на гадзіннік, паколькі сустрэча атрымалася цікавай, а атмасфера – урачыстай. Абумоўлена гэта было надзённасцю тэм, па якіх было што сказаць прадстаўнікам раённай улады, прафсаюзных суполак раённага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўню, а таксама супрацоўнікам бальніцы.

Прафсаюзная пярвічная арганізацыя Ушацкай ЦРБ на сённяшні дзень налічвае 337 членаў, гэта 97,14 працэнта ад колькасці працуючых. На чале ўзгаданай структуры знаходзіцца М.Г.Харэвіч, чалавек актыўны, ініцыятыўны і неабыякавы. З уласцівай ёй адказнасцю і добрасумленнасцю Марына Генадзьеўна падыходзіць не толькі да сваіх абавязкаў старшага фельчара аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі, але і да грамадскай нагрузкі.

Прафсаюзны лідар расказала аб справах пярвічкі за апошнія пяць гадоў па ўсіх напрамках дзейнасці. Калектыўным дагаворам, заключаным паміж адміністрацыяй бальніцы і прафкамам, прадугледжаны комплекс сацыяльных гарантый і матэрыяльнага заахвочвання работнікаў. Так, напрыклад, для змяншэння кошту дзіцячых пуцёвак у летнікі бацькам аказваецца грашовая дапамога. Яе атрымліваюць і самі члены калектыву, пры аздараўленні ў беларускіх санаторыях. На штомесячную грашовую выплату могуць разлічваць маладыя спецыялісты, якія арандуюць жыллё па дагаворы найму, дабіраюцца да работы звыш 10 км на грамадскім транспарце. Таксама заахвочваюцца актывісты, што імкнуцца весці здаровы лад жыцця, – некалькі разоў у месяц яны могуць бясплатна навед­ваць басейн ці трэнажорную залу ў “Юнацтва-Ушачы”.

Належная ўвага ў бальніцы ўдзяляецца ахове працы. У прафсаюзную групу абрана 11 грамадскіх інспектараў, якія сочаць за выкананнем работнікамі патрабаванняў розных нарматыўных дакументаў, кантралююць своечасовую выдачу ім сродкаў індывідуальнай абароны, спецвопраткі.

Культурна-масавае жыццё ў райбальніцы б’е ключом. Штогод наведваюць ушацкія медыкі фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, часта бываюць у тэатрах. Розныя святы, конкурсы прафмайстэрства праводзяць і непасрэдна ў сценах бальніцы.

На канферэнцыі была заслухана таксама справаздача аб рабоце рэвізійнай камісіі, абмеркаваны іншыя пытанні.

Галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Анатольевіч Маісееў заўважыў, што ў прафсаюзнай арганізацыі і адміністрацыі наладжана паспяховае сацыяльнае партнёрства, усе прапановы знаходзяць падтрымку, разуменне і вырашаюцца сумесна. Гэта падкрэсліў і старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка:

– У вас не толькі адна з самых шматлікіх, але і адна з самых актыўных пярвічак, якая не першы год становіцца лепшай у раёне. Без вашага ўдзелу не праходзіць амаль ніводнае мерапрыемства. “Рухавіком” жа карысных спраў па праве з’яўляецца Марына Генадзьеўна, нядаўна ўзнагароджаная медалём “115 год прафсаюзнаму руху Беларусі”.

Удзельнікі канферэнцыі далі станоўчую ацэнку рабоце пярвічкі за справаздачны перыяд і шляхам адкрытага галасавання зноў аднагалосна выбралі прафсаюзным лідарам М.Г.Харэвіч.

– Ужо сем гадоў Марына Генадзьеўна апраўдвае давер калектыву, выдатна выконваючы свае абавязкі, – адзначылі ў сваіх выступленнях старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя і Віцебскай абласной арганізацыі Р.А.Часнойць і У.А.Мужычэнка. – Жадаем поспехаў зноў абранаму прафкаму.

Падчас канферэнцыі Уладзіслаў Анатольевіч выканаў прыемную місію, уручыў Ганаровую грамату прэзідыума абкама старшай медыцынскай сястры фізіятэрапеўтычнага аддзялення Таццяне Міхайлаўне Станевіч. Падарункі ад пярвічкі ЦРБ атрымалі ў гэты дзень актывісты прафсаюзнага руху Ілья Аляксандравіч Бірукоў, Марыя Леанідаўна Аўласенка, Уладзіслаў Алегавіч Якубёнак, Юлія Аляксандраўна Паршонак, Аляксандр Сяргеевіч Вусько, Ірына Арсеньеўна Голік, Раман Валер’евіч Клачок, Анастасія Аляксандраўна Севярын, Святлана Мікалаеўна Жаваранак, Таццяна Уладзіміраўна Шалак, Вячаслаў Міхайлавіч Пранік, Таццяна Міхайлаўна Віценка, Дзяніс Міхайлавіч Пранік.

* * *

Бягучы год – знакавы для прафсаюзаў нашай краіны ў сувязі з маштабным правядзеннем справаздачна-выбарчай кампаніі. На фінішную прамую выйшла яна і на тэрыторыі Ушаччыны – адмысловыя канферэнцыі ўжо прайшлі ў 55 пярвічках і ва ўсіх галіновых прафсаюзных арганізацыях. А ўжо 20 лістапада адбудзецца мерапрыемства, на якім падвядуць вынікі работы раённага аб’яднання прафсаюзаў за пяцігодку і абяруць лідара.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *