Ушачанка Надежда Романовская вошла в пятёрку лучших юных исполнителей области на региональном туре к международному детскому конкурсу в рамках «Славянского базара»

Общество

Мінулагодні поспех на рэгіянальным адборачным туры да міжнароднага дзіцячага конкурсу, што праводзіцца ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”, калі Ягор Обух увайшоў у пяцёрку лепшых юных выканаўцаў вобласці, натхніў ушачан на новую спробу ўдзелу ў прэстыжным праекце. Як прызнаецца загадчык эстраднага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў Алена Анатольеўна Сазонава, якая зай­малася падрыхтоўкай юных вакалістаў, ехаць на адбор сёлета было яшчэ больш хвалююча: “У Віцебску нас ужо ўспрымаюць як фаварытаў, і трэба было не апусціць планку. Удзельнікаў сёлета было каля 35, ды і ўзровень іх падрыхтоўкі, як падалося, вырас – у тым ліку і таму, што ўзроставы парог павялічыўся з 12-ці да 14-ці год”.

Аднак гэтыя акалічнасці ніяк не засмуцілі нашу прадстаўніцу Надзею Раманоўскую, якая выдатна справілася з конкурснай праграмай. Дзяўчынка прадставіла на суд журы песню на роднай мове “Гэта зямля” і нумар з рэпертуару пявачкі Б’ёрк на англійскай. Калі ж надышоў момант падвядзення вынікаў, ушацкая дэлегацыя зноў адчула радасныя эмоцыі: Надзя трапіла ў запаветную пяцёрку і прайшла ў наступны этап адбору, падчас якога журы ацэніць відэазапісы песень і вызначыць дзясятку фіналістаў.

“Паездка ў Віцебск запомніцца надоўга, – дзеліцца ўражаннямі юная спявачка. – Было цікава выступіць на сцэне, дзе даюць інтэрв’ю зоркі фестывалю, паўдзельнічаць у майстар-класе вядомай беларускай артысткі Наталлі Тамела. Яна паказала нам некалькі вакальных практыкаванняў, параіла падчас выканання песні думаць не пра тое, як узяць наступную ноту, а пражываць сэнс твора”.

Цікава, што ў пяцёрцы пераможцаў аказаўся і яшчэ адзін удзельнік, за якога ёсць нагода парадавацца ўшачанам: бацька дзесяцігадовага віцябчаніна Елісея Касіча заканчваў Ушацкую школу, а дзядуля і бабуля жывуць і працуюць у нашым райцэнтры.

Будзем уважліва сачыць за развіццём конкурсных падзей.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *