Ёлочные базары в Ушачах начнут работать с 21 декабря

Общество

Па ўсёй краіне днямі пачынаюць працаваць спецыялізаваныя ёлачныя кірмашы. Што прапануюць ушачанам і па якім кошце, дзе набыць галоўны атрыбут свята – пра гэта і іншае нам расказалі ва Ушацкім лясгасе.

Выбар – вялікі, кошт – прымальны

Рэалізацыя навагодніх дрэўцаў пачнецца ў суботу, 21 снежня, і працягнецца па 31-га ўключна. На звыклым месцы – цэнтральнай плошчы гарпасёлка з 12 да 18 гадзін. Трэба адзначыць, што цэны засталіся на ўзроўні мінулага года і іх кошт залежыць ад вышыні. Так, елка або сасна да метра будзе каштаваць 9 рублёў, ад 1 да 2 метраў – 11, ад 2 да 3 – 15, ад 3 да 4 – 22, ад 4 да 5 – 28, ад 5 і вышэй – 65. Для тых, хто жадае пазначыць наступленне свята мінімальнай сімволікай – будуць прадавацца навагоднія букеты з іглічных галінак коштам ад 2 рублёў 30 капеек да 2 рублёў 50 капеек у залежнасці ад наяўнасці шышак. Набыць дрэўцы па кірмашнай цане можна і ва ўсіх лясніцтвах у рабочыя дні з 8 да 17 гадзін.

“Залатая” елка або праблемы не патрэбны

Абавязкова захоўвайце на шляху дадому дакумент (чэк, квітанцыю), каб пацвердзіць законнасць набыцця навагодняга тавару. У перадсвяточныя дні ўзрастае колькасць выпадкаў самавольных высечак маладняку. Нагадаем, што парушальніку давядзецца заплаціць куды большую суму, чым пры пакупцы. За незаконнае знішчэнне, высечку або пашкоджанне дрэў прадугледжаны штраф ад 5 да 50 базавых велічынь (для індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 20 да 200), а таксама пакрыццё шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю. Рэйды ж па выяўленні незаконных высечак будуць праводзіцца рэгулярна. У арсенале і сучасныя тэхналогіі: у лясах ўстаноўлены фотапасткі.

Сімвал свята можна захаваць!

Навінкай сёлетніх кірмашоў будзе рэалізацыя навагодніх дрэў у кадках. Як паказала практыка, у цэлым па краіне попыт на такі тавар з кожным годам расце. Так, еўрапейская елка, вырашчаная ў цяпліцах Ушацкага лясгаса, будзе каштаваць 13 (да аднаго метра) і 15 рублёў (ад 1 да 2 метраў). Тым, хто абярэ такі варыянт упрыгожання, Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь прапануе далучыцца да акцыі “Захавай сімвал свята”. Сэнс яе ў наступным: купіць навагодняе дрэва, захаваць яго да вясны і высадзіць на малой радзіме. Варта нагадаць пра правільны догляд за такім дрэвам. Елку ў кадцы не трэба адразу несці ў дом і ўпрыгожваць, некалькі дзён яна павінна пастаяць у прахалодным месцы без яркага асвятлення і адаптавацца. У доме варта паставіць лясную прыгажуню далей ад батарэй і ацяпляльных прыбораў, любяць хвоі вільготнае паветра. Не перастарайцеся з упрыгожаннямі, цяжкія шкляныя цацкі і электрычныя гірлянды могуць пашкодзіць дрэўца. Перыядычна трэба паліваць і апырскваць ёлку. Хвойнае дрэва не можа стаць пакаёвай раслінай, таму пасля святаў яго трэба будзе перанесці на балкон, гарышча, падвал ці гараж, а з надыходам вясны высадзіць у адкрыты грунт.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *