Завершился районный чемпионат па мини-футболу. Кто стал победителем — читайте в нашем материале!

Cпорт

У чэмпіянаце раёна па міні-футболе на мінулым тыдні прайшлі апошнія гульні. Пачыналі яго сёлета ўсяго пяць каманд, а заканчвалі наогул чатыры – з-за праблем з саставам зняліся з турнірнай дыстанцыі выратавальнікі. Невялікая колькасць удзельнікаў абумовіла і фармат турніру – кожны з сапернікаў сустрэўся паміж сабой двойчы, таму нечаканасці ў выніковым размеркаванні месцаў былі выключаны.

Зрэшты, яшчэ да стартаў было бачна, што п’едэстал зоймуць каманды Ушацкай школы, “Партызан” і дваровая. Нават калектыў установы адукацыі да ліку працоўных можна аднесці з вялікай нацяжкай, бо гулялі за яго не толькі вучні і настаўнікі з гарпасёлка, а і, напрыклад, трэнер раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Раман Фядосенка побач з сынам Мікітам. Трэба адзначыць, што работнікі сферы спорту і турызму сваю каманду не выстаўлялі, а забяспечвалі судзейства.

У склад “Партызана” ўвайшлі аматары гульні нумар адзін з розных арганізацый, якія два разы на тыдзень трэніруюцца ў зале комплексу. Гэту каманду можна было б назваць і ветэранскай, бо яна была самай узроставай, яе аснову склалі зусім не маладыя па футбольных мерках ігракі, як напрыклад, Уладзімір Ларчанка, Леанід Карабань. Зборную, па сутнасці, уяўляла сабой і дваровая каманда. Яна ў выніку і выйграла турнір, саступіўшы толькі аднойчы – “Партызану”, што стаў трэцім. А на другім радку выніковага пратакола размясцілася Ушацкая школа, якую вёў за сабой капітан Уладзімір Хамёнак. Ён не толькі надзейна абараняў вароты, а і ўдзельнічаў у галявых атаках, нават адзначыўся забітымі мячамі. Іх розніца, дарэчы, у школьнай каманды найлепшая: забіта 67, прапушчана ўсяго 16.

Яшчэ менш – 14 галоў – прапусцілі пераможцы, дваровая каманда. І ў гэтым вялікая заслуга іх варатара Паўла Мацвеева, які, безумоўна, узмацніў бы любую каманду. Дапамагалі яму надзейнай гульнёй у абароне і палявыя ігракі, не забываючыся пры гэтым і пра атаку. Па меркаванні дырэктара Ушацкай ДЮСШ Сяргея Кіслага, поспех апошняй каманды – менавіта ў збалансаванасці ліній і ўдалай каманднай гульні. У апошніх сустрэчах сваёй самаадданасцю выдзяляўся Ігар Гарыслаўка, а ўклад у агульную перамогу ўнеслі таксама Андрэй Клямяценка, Андрэй Бутоўскі, Аляксандр Кучаронак і Андрэй Казьянін, які і сабраў калектыў. Нагадаем, што не так даўно перамогу ў спаборніцтвах па валейболе таксама атрымала дваровая каманда, капітанам якой быў Андрэй!

Канечне, не маглі на роўных сапернічаць з вопытнымі ігракамі школьнікі з ФСК “Юнацтва”, якія займаюцца ў Р.Фядосенкі. Але яны атрымалі бясцэнны вопыт, бо “расці” можна толькі тады, калі сустракаешся з моцнымі камандамі. Дзесьці юнакам не хапіла канцэнтрацыі, дзесьці – майстэрства ў завяршэнні атак. У цэлым жа “Юнацтва” выглядала дастойна, яго ігракі не апускалі рукі да фінальнага свістка, нават калі шансаў адыграцца яўна не было.

Каманда-пераможца ўзнагароджана кубкам, прызёры – медалямі і дыпломамі, якія ўручыў дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Андрэй Жыткоў. У планах футбалістаў – правядзенне турніру з удзелам каманд з суседніх раёнаў, якія з задавальненнем прыязджаюць на паркет “Юнацтва-Ушачы”.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *