Ветеран труда Сергей Хадан имеет один из самых больших стажей работы в районе. В чём секрет долголетия?

Ветераны с нами

У нядзелю васьмідзесяцігадовы юбілей адзначыў Сяргей Данілавіч Хадан. Чалавек, які мае адзін з самых вялікіх стажаў у раёне. Толькі ў працоўнай кніжцы запісана 45 гадоў – пераважна галоўным аграномам калгаса імя Кірава (зараз ААТ “Дземенец”), а яшчэ пятнаццаць ён працаваў ужо на пенсіі загадчыкам зернясховішча, насенне ж сушылася і чысцілася таксама пад яго пільным вокам. Наглядна “паказаць” ураджай С.Д.Хадана лепш за ўсё ў вагонах – больш 6 тысяч адправіў з элеватара сваёй гаспадаркі. А ў тым, што “Дземенец” і сёння мае спраўныя агрэгаты па ачыстцы траў і дапамагае іншым – таксама яго заслуга: знаходзіліся ў адных руках.

Сяргей Данілавіч родам з Касароў, дзе бацька да вайны працаваў старшынёй калгаса. А вось школу заканчваў у Круляўшчызне, бо дом быў спалены і сям’я пераехала на новае месца. Працаваць на чыгунцы, як бацька, сын не хацеў і скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум.

Як і любы аграном, ён нагамі схадзіў уз­доўж і ўпоперак усе палі і вымяраў іх дакладным двухметровым крокам “казы”. Гэты асноўны інструмент агранома для зручнасці ў пераносцы спецыяльна рабіў разборным, прычым сам. І за працоўнае жыццё “схадзіў” чатыры – апошняя “каза” і зараз захоўваецца на гарышчы.

Пачынаў С.Д.Хадан працоўны шлях у калгасе “Рассвет”, у які ўваходзілі Бікальнічы, Плігаўкі і іншыя блізкія вёскі. І нават тады ўжо расціў грэчку. Праўда не на продаж: ураджай раздавалі работнікам, якія потым жорнамі чысцілі зерне і рабілі крупы або муку. Севазварот літаральна ў кожнай гаспадарцы быў вялікі: зерневыя, лён, бульба, капуста, буракі, гарох, лубін, морква і нават памідоры. І вельмі многа ручной працы. Сяргей Данілавіч памятае, і як лён вазілі на завод не льнотрастой, а пасарціраваным валакном, і як каларадскі жук з’явіўся на палетках. І як на асобных участках ужо ў калгасе імя Кірава і тады быў ураджай па 50 цэнтнераў з гектара, а агульны – за трыццаць.

– Лепш за ўсё на нашых дземянецкіх землях жыта родзіць. Хаця як гаспадарка, што спецыялізавалася на гадоўлі авечак, многа сеялі аўсоў, а таксама лубін для дабаўкі ў рацыён жывёлы бялку. Бульба – не зусім для нас, хоць 200 цэнтнераў мелі. Сарты тады былі слабейшыя на ўсе культуры, бывала, спачатку сабе на станцыі купіш навінку, а калі апраўдае, у гаспадарку завозіш. Так было, напрыклад, з бульбай сорту “Скарб”, ды і з грэчкай, якую і зараз сею на сваім агародзе. Аднак мы дасканала ведалі ўчасткі і па ўрадлівасці, і па ўнесеных угнаеннях, і па папярэдніках. Цэлы стос папак з апісаннем палёў перадаў, дзе ўсё пазначалася, каб максімальна прадугледзець усе фактары. Перш за ўсё планавалі, ды і за апрацоўкай глебы сачылі пільна, за кожным трактарыстам. Тэхніка тады, зразумела, была слабая, пераважна на гусенічным ходзе, хоць у мокрыя гады гэта рэальна дапамагала: здаралася, і камбайны на іх ставілі, і цягалі такімі трактарамі, каб абмалаціць. Наш самы перадавы механізатар Талочка з раніцы да цёмнага сем гектараў зябліва падымаў… І гэта быў рэкорд, а зараз і 20 лёгка.

Уласныя рэкорды за атрыманне ўраджаю звыш сярэднераённага, што было нормай для калгаса імя Кірава, ёсць і ў Сяргея Данілавіча – ордэн “Знак Пашаны”, медаль “За доблесную працу”, ён двойчы станавіўся пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, ударнікам ХІІ пяцігодкі… Але быў і “штраф” ад першага сакратара райкама партыі М.І.Дземянцея. Падобныя выпадкі адзінкавыя, таму і памятае да гэтых часоў, хоць мінула паўвека. За Астравенцам на крутым узгорку пасеялі жыта. А калі прыйшоў час убіраць – камбайны не пайшлі, яны ж вышэйшыя за іншую тэхніку, моцна крэніліся, ухіл жа рэзка заканчваўся возерам: баяліся людзей пакалечыць і тэхніку сапсаваць. Давялося скасіць тады жыта ўручную, а потым малаціць. Быў і яшчэ выпадак, калі “добраахвотнікі” паведамілі ў народны кантроль, што зерневыя прападаюць. Жніво ў савецкія часы поўнасцю захоплівала верасень, страты ўжо былі вялікімі, зерне амаль асыпалася, выпаў сняжок… Аднак давялося спачатку падсыпаць разбітую дарогу, потым палкамі акуратна страсаць з калосся снег, а затым ужо пускаць камбайн. Страт, канечне, атрымалі больш, чым намалоту.

Гэта з выпадку кур’ёзаў, якія аднак падкрэсліваюць, у якіх умовах дасягалі ўраджаяў у гаспадарцы, дзе літаральна ўсе ўчасткі дробнаконтурныя і на пагорках. І імя галоўнага агранома было на слыху. Сяргей Данілавіч за руку вітаўся не толькі з былым старшынёй Вярхоўнага Савета М.І.Дземянцеем, а і з сённяшнім кіраўніком Ніжняй палаты Нацыянальнага сходу У.П.Андрэйчанкам. З Уладзімірам Паўлавічам разам завочна вучыліся ў Вялікалукскім сельскагаспадарчым інстытуце, больш таго, жылі ў адным пакоі. І таму, калі трэба было адстойваць гаспадарчыя інтарэсы “Дземенца”, парламенцёрам А.В.Шарыпенка аднойчы накіраваў менавіта Сяргея Данілавіча. Дэпутат, канечне, пазнаў студэнцкага сябра і нават пацікавіўся здароўем жонкі, якую назваў па імя, хоць бачыў адзін раз на выпускным вечары.

Дарэчы, у інстытуце С.Хадан спачатку асвойваў геадэзію. Хацеў шукаць золата за Уралам. І вось пасля трэцяга курса на летнюю практыку трэба было ехаць далёка ад сям’і, у якой ужо выхоўваліся блізняты. Тады і перавёўся на аграномію, дыплом па якой ужо меў пасля тэхнікума. І калі не атрымалася мыць золата, то вырасціў яго за свой век – горы. Атрымлівалі на 900 гектарах ворыва па 1200 тон збожжа – столькі ж, колькі ў іншых гаспадарках на ­ўдвая большых землях. І ўсё жыццё хвалі жыта, што калышуцца на ветры – яго любімая пара.

Тыя часы шасцідзясятых-сямідзясятых ён прыгадвае як самыя ўзнёслыя. Вядома, былі маладымі: “Старшыня калгаса Фёдар Малчанаў, інжынер Міхаіл Дайлідзёнак, бухгалтары Галіна Сурвіла і Вольга Кашыра, усе былі амаль равеснікамі і працавалі заадно. Генсек Міката Сяргеевіч Хрушчоў вылучыў праграму будаўніцтва камунізму за 20 год, і мы ніколькі не сумняваліся ў гэтым, працавалі на сумленне. Пачалі атрымліваць рэальныя грошы. Краіна развівалася”.

Нягледзячы на свае 80, Сяргей Данілавіч маладжава выглядае і мае добрую памяць. Не толькі чытае, але і займаецца фізкультурай. Штодня абавязкова “намотвае круг” у два кіламетры пешшу ці на веласіпедзе. Ну і, канечне, займаецца агародніцтвам. Да сваёй любімай фасолі нікога не падпускае і збірае каля паловы вялікага меха. Ёй замяняе мяса, ды і вельмі карысныя бабовыя. Аднак сакрэт бадзёрага даўгалецця, канечне, у руху. Таму і працаваў да 75 год, што сумна сядзець без справы.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *