В моде Тимофеи и Миланы, а браки заключают не рано. Подводим итоги демографической обстановки на Ушаччине за 2019 год

Демография

Зніжэнне ўзроўню смяротнасці, павелічэнне нара­джальнасці і ўзросту тых, хто ўступаў у шлюб, з’яўленне ў сем’ях чацвёртых, пятых дзяцей і нават сёмага – такія дэмаграфічныя паказчыкі зарэгістраваны летась ва Ушацкім раёне. Падрабязней пра іх мы папрасілі расказаць начальніка аддзела загса райвыканкама А.М.МАЛАШЧАНКУ. Прыведзеныя лічбы датычацца вынікаў работы органаў дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану нашага раёна і могуць не супадаць з данымі статыстыкі.

– Алена Мікалаеўна, як часта ўшачане заключалі шлюбы?

– Узаконілі свае адносіны 73 пары, што на 11 менш, чым у 2018-м. Па-ранейшаму многа паўторных для аднаго ці абаіх маладых шлюбаў – 45,2 працэнта рэгістрацый. Дзве сям’і “ўвайшлі ў адну раку” двойчы – ажаніліся ранейшыя “палавінкі”, годам раней было пяць такіх выпадкаў.

– Раскажыце, калі ласка, пра ўзрост жаніхоў і нявест.

– Ён у параўнанні з 2018-м павялічыўся адразу на два гады: сярэдні ўзрост у мужчын  склаў 34, у жанчын – 31. Самым маладым жаніхом стаў 19-гадовы хлопец, тры нявесты пайшлі пад вянец у 18. Народнае выслоўе “каханню ўсе ўзросты падуладныя” пацвердзілі ўшачане, якія афіцыйна аформілі адносіны ў 64 (мужчына) і 63 (жанчына) гады. Асноўную частку шлюбаў традыцыйна складалі пары, у якіх жаніх старэйшы за нявесту. Адваротная сітуацыя – у 16 выпадках, дзе ўзроставая розніца на карысць прадстаўніцы прыгожай паловы склала ад 1 да 15 гадоў.

– Ці рэгістраваліся шлюбы з замежнымі грамадзянамі?

– Так, падобных рэгістрацый у нас удвая больш, чым у ­2018-м: тры – з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, адна – з грамадзянінам Украіны.

Ці стала менш разводаў?

– Летась нашым аддзелам зарэгістравана 11 скасаванняў шлюбу па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак (у 2018-м было 8), па рашэннях суда – 37 (на ўзроўні папярэдняга года).

А як справы з нараджальнасцю?

– Летась зарэгістравана нараджэнне 97 малышоў, што на 10 больш, чым у 2018-м. На свет з’явілася 45 хлопчыкаў і 52 дзяўчынкі, 36 з якіх – першынцы, 32 – другія дзеці ў сем’ях, 19 – трэція, 7 – чацвёртыя, 2 – пятыя, 1 – сёмы.

Найбольшая колькасць дзетак – 64 – з’явілася ў мам ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў (у 2018-м – 61), 32 – ад 31 да 40, 1 – звыш 40. Самая маладая матуля нарадзіла ва ўзросце 18 гадоў, а самая старэйшая – у 44. Самымі ж маладымі татамі сталі двое 20-гадовых хлопцаў, а самым сталым – 51-гадовы мужчына.

Радуе тое, што павялічылася колькасць дзетак, якія з’явіліся на свет у поўных сем’ях. Гэты паказчык у 2019-м склаў 96,9 працэнта (годам раней было 82,8). 14 нараджэнняў зарэгістравана адначасова з устанаўленнем бацькоўства (у 2018-м – 4).

– Якія імёны бацькі давалі дзецям?

– Самымі папулярнымі ў хлопчыкаў сталі Цімафей, Максім, Мацвей, Мікіта і Аляксандр, а сярод дзяўчынак – Мілана, Ева, Яўгенія, Сафія і Анастасія. У разрадзе рэдкіх – Расціслаў, Якаў, Філіп, Давід, Дамір, а таксама Эліна, Ніколь, Мія, Дарына, Амелія.

– А што ў раёне са смяротнасцю?

– Летась на Ушаччыне зарэгістравана 292 смерці, што на 13 менш, чым у 2018-м, але смяротнасць у тры разы перавышае нараджальнасць. Засмучае і тое, што пайшлі з жыцця двое жыхароў раёна ва ўзросце да 30 гадоў, многія прадстаўнікі моцнай паловы не дажываюць нават да 50-ці. Так, летась не стала 15 мужчын ва ўзросце ад 31 да 50, жанчын – 8. Ва ўзросце ад 51 да 70 памерла 62 мужчыны і 29 жанчын. А ў катэгорыі звыш 71 года пераважае жаночая смяротнасць: 111 супраць 65.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *