Командир отделения пожарной аварийно-спасательной части №1 г.п.Ушачи Олег Крискевич: «Волнение в нашем деле не помощник!»

Cлужба-101 Ими гордятся

Кожны баявы выезд для выратавальніка – гэта дарога ў невядомасць. З гэтым выказваннем поўнасцю згодны камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы Алег Пятровіч Крыскевіч. Не злічыць, колькі разоў за больш чым два дзясяткі гадоў службы яму даводзілася выязджаць на ліквідацыю надзвычайных сітуацый.

Першым месцам працы стала пажарная часць наваполацкага “Паліміра”. І адзін з самых нялёгкіх пажараў у кар’еры звязаны менавіта з гэтым прадпрыемствам. “Усе работнікі эвакуіруюцца, а ты ідзеш у эпіцэнтр небяспекі. Памятаю, як гарэў адзін з аб’ектаў завода, дзе захоўваўся бензін. Каля 20 адзінак тэхнікі тады было задзейнічана на тушэнні. На шчасце, усё прайшло паспяхова”, – успамінае А. Крыскевіч.

Але праз некалькі гадоў Алег Пятровіч вярнуўся на малую радзіму, працаваў начальнікам паста ў Вялікіх Дольцах, камандзірам аддзялення ў Двор Пліне, а з 2018-га, пасля адкрыцця новай пажарнай часці, ва Ушачах.

За гады службы было нямала розных сітуацый, калі людзям патрабавалася дапамога. “Аднойчы на пажары ў Кублічах з задымленага памяшкання вывелі нецвярозага чалавека, які перад гэтым спаў. Праз якую хвіліну агледзеліся і ўбачылі, што ён… вырашыў вярнуцца ў свой ложак! Вось і прыйшлося ратаваць яго двойчы, – прыгадвае А.Крыскевіч. – Ці хвалююся падчас выклікаў? У першыя гады службы было не без гэтага, але з часам зразумеў: хваляванне ў нашай справе не памочнік”.

За гады працы выратавальніку даводзілася чуць не толькі ўдзячнасці. “У стрэсавай сітуацыі людзі не заўсёды паводзяць сябе адэкватна. Напрыклад, імкнуцца навучыць, як трэба дзейнічаць, і хапаюцца за пажарныя рукавы. Неяк пры тушэнні дома стаяў на лесвіцы, а пажылая бабуля падбягала, тузала за “баёўку” і казала, куды падаваць ваду”, – прыгадвае Алег Пятровіч.

Былі выпадкі, калі прыходзілася рызыкаваць сваім жыццём: яшчэ ў пачатку службы падчас тушэння жылога дома літаральна ў некалькіх метрах ад Алега Пятровіча выбухнуў газавы балон.

А колькі нестандартных сітуацый. Як, напрыклад, выратаванне каровы з каналізацыйнага рэзервуара. “Аперацыя” заняла не адну гадзіну, а гаспадыня жывёлы яшчэ доўга дзякавала за дапамогу.

Ён ніколі не пройдзе міма, калі камусьці патрэбна дапамога, нават калі і не на змене. Так, аднойчы ў свой выхадны адправіўся рыбачыць на Матырынскае возера і ўбачыў чалавека, які праваліўся пад лёд. Не разважаючы, кінуўся да палонкі, выцягнуў яго і аказаў першую дапамогу.

Паспяховай службе дапамагае выдатная фізічная форма, А.Крыскевіч з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па дзюдо і самба, у школьныя гады займаўся пад кіраўніцтвам вядомага трэнера С.Шэдзько. Таксама Алег Пятровіч уваходзіць у зборную каманду аддзела па футболе і пастаянна прымае ўдзел у раённых і абласных чэмпіянатах па гэтым відзе спорту. Упэўнена адчувае сябе і з ракеткай у руках, таму спаборніцтвы па настольным тэнісе таксама не абыходзяцца без яго ўдзелу.

Таленавіты наш герой не толькі ў спорце, але і ў творчасці. Яшчэ ў 8 класе асвоіў ігру на гітары. Бярэцца за інструмент як у крузе сяброў, так і на публіцы. Ужо неаднаразова ўдзельнічаў у конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод работнікаў МНС і членаў іх сямей і нават напісаў песню, прысвечаную нялёгкай працы выратавальніка.

На службе ён смелы і рашучы, а дома – добры і клапатлівы. Вольны час Алег Пятровіч любіць праводзіць ра­зам з самымі роднымі людзьмі – жонкай і двума сынамі.

– Добра, калі чакаюць дома. У гэты момант разумееш, што з любой надзвычайнай сітуацыі ты павінен выйсці пераможцам і вярнуцца, – кажа Алег Пятровіч.

Неаднаразова А.П.Крыскевіч адзначаўся Граматамі як раённага ўзроўню, так і Міністэрства, мае медаль “За бездакорную службу” трэцяй ступені. А ў гэтым годзе яго прозвішча ў ліку лепшых працаўнікоў Ушаччыны занесена на раённую Дошку гонару.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *