Бегут километры дорог. Виктор Калачёв успешно справляется с нелёгкой работой водителя лесовоза

Экономика и малый бизнес

Вядомую прымаўку “Работа не воўк – у лес не збяжыць” вадзіцель на вывазцы лесу Ушацкага лясгаса Віктар Уладзіміравіч Калачоў ніколі не ўжывае. “З раніцы атрымаў фронт работ, заправіўся і спяшаюся ў Кубліцкае лясніцтва, сёння планую зрабіць мінімум тры рэйсы. Так што часу на раскачку зусім няма”, – адзначыў мужчына падчас нашай сустрэчы на мінулым тыдні на базе прадпрыемства.

Увесь яго працоўны шлях звязаны з лясгасам. Хоць з дзяцінства і цягнула да тэхнікі, аднак пачынаў з лесаруба, быў лесніком, працаваў у Плінскім і Ушацкім лясніцтвах на трактары. Калі аўтапарк прадпрыемства папоўніўся новай адзінкай адвозкі, менавіта Віктару Уладзіміравічу даверылі яе. Не таму што меў нейкія прывілеі, а таму, што нялёгкая праца на магутнай тэхніцы пад сілу толькі такім адказным і старанным работнікам.

Уявіце сабе, што вадзіцель штодня намотвае ад 400 да 600 кіламетраў. Прычым, у абавязкі яго ўваходзяць не толькі перавозкі, а і загрузка лесу пры дапамозе маніпулятара.

– На лесавозе працуем пазменна два цераз два дні па 12 гадзін. Мой напарнік Ігар Паўлавіч Жогаль больш вопытны ў гэтай справе, таму калі перасеў з трактара на МАЗ, ён дапамагаў унікнуць у некаторыя рабочыя нюансы. Загружаюся ў лясніцтвах, дастаўляю прадукцыю на полацкую чыгунку, затым зноў вяртаюся на лесасеку. У залежнасці ад аддаленасці аб’екта атрымліваецца ў дзень тры, а то і больш рэйсаў. Работа на маніпулятары ажыццяўляецца пад адкрытым небам. Вось сёння ідзе мокры снег, аднак чакаць, як кажуць, “з мора надвор’я” нельга, бо ад аб’ёму выкананых работ залежыць і зарплата, – расказвае В.У.Калачоў.

За мінулы год з ушацкіх лясоў ён вывез больш за 10 тысяч кубаметраў драўніны. Хоць і не ўдалося выйсці ў пераможцы вытворчага спаборніцтва сярод вадзіцеляў, аднак гэта таксама дастойны вынік. Дасягнуў яго дзякуючы спраўнай рабоце тэхнікі – за год практычна не прастойваў на рамонце.

Ці трэба казаць, што кіраванне такой магутнай машынай, якая цягне за сабой не адну тону грузу, патрабуе максімальнай уважлівасці і сабранасці. “Асабліва пільным трэба быць на трасах, дзе інтэнсіўны рух. У адно імгненне машыну не спыніш, а таму хочацца, каб і вадзіцелі, і пешаходы былі таксама ўважлівымі”, – зазначае Віктар Уладзіміравіч.

Як і многія работнікі лясгаса, ён таксама любіць прыроду і ў вольны час не супраць накіравацца ў лес за грыбамі. Кожны выхадны імкнецца правесці з карысцю для сям’і – на ўласнай сядзібе ў Двор Пліне заўсёды знойдуцца справы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *