Когда увлечение приносит удовольствие. Юлия Филимонова радует родных красивыми куклами-шкатулками

Калейдоскоп

“Ад яе лялек вы не застанецеся раўнадушнымі! Адну з іх мы атрымалі ў якасці прэзента і кожны, хто б не заглядваў у наш Дом культуры, адразу прыкмячае гэты элемент дэкору!” – казалі пра вырабы Юліі Анатольеўны Філімонавай з аграгарадка Вялікія Дольцы работнікі мясцовай культустановы. І сапраўды, зробленае рукамі мнагадзетнай мамы выклікае захапленне як у дзяцей, так і дарослых.

– Творчы настрой з’явіўся ў мяне не так даўно, падчас апошняга дэкрэтнага адпачынку. Каб не засумаваць ад аднастайных хатніх спраў, вырашыла больш актыўна заняцца рукадзеллем, – расказвае Ю.А.Філімонава. – Тым больш, што неяк убачыла ў сваіх знаёмых прыгожыя шкатулкі-лялькі і вельмі захацела сабе такую ж. Спачатку меркавала набыць у спецыялізаваным магазіне, а потым падумала: чаму б не паспрабаваць самой? Майстар-клас у інтэрнэце аказаўся зусім нескладаным і я лёгка разабралася ва ўсіх тонкасцях, і ў выніку атрымала не толькі арыгінальны выраб, а і задавальненне ад самога працэсу!

Асноўныя ж базавыя рэчы, патрэбныя ў гэтай справе – гэта лялька тыпу “Барбі” і ёмістасць, якая будзе выконваць ролю захоўвання невялікіх прадметаў. Апошняя выбіраецца па жаданні майстра – гэта можа быць, напрыклад, пластыкавая бутэлька, Юлія Анатольеўна ж выкарыстоўвае пластыкавае вядзерца з-пад маянэзу. Яно абцягваецца і абшываецца тканінай, унутры дэкаруецца па жаданні і фантазіі. А вось ад лялькі тым часам бярэцца верхняя частка (усё, акрамя ног), якая мацуецца з дапамогай клею на накрыўку ад ёмістасці. Пышная спадніца і схавае пад сабой шкатулку, якая адчыняецца пры дапамозе засцежкі-пацеркі. Зрэшты, больш за ўсё “чаруе” жанчына менавіта над уборам лялек. І тут няма межаў для фантазіі: для вось гэтых прыгажунь на здымку яна набывала атласныя стужкі, карункі і шыла адмысловыя сукенкі, потым упрыгожвае нарады дробнымі элементамі. З шыццём, дарэчы, складанасцей у Ю.А.Філімонавай ніколі не ўзнікала, бо па першай спецыяльнасці сённяшні медык Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду кравец-закройшчык.

Так са старой лялькі, да якой ужо згубілі інтарэс дзеці, можна зрабіць арыгінальную рэч ручной работы. Некалькі такіх упрыгожваюць утульны дом сям’і Філімонавых, а некаторыя ў якасці падарунка Юлія Анатольеўна прыпаднесла родным і знаёмым. Старэйшая дачка Насця – самая актыўная ўдзельніца клубных мерапрыемстваў, а таму адна з лялек-шкатулак “пасялілася” і там. І маленькая Алеся, канечне, таксама імкнулася ўнесці сваю лепту ў працэс вырабу і з радасцю прадэманстравала любімую шкатулку. І калі гэтай рэччу яна можа проста любавацца ці складваць у яе дзявочыя ўпрыгожванні, то з іншымі “пладамі” мамінай творчасці яна актыўна гуляе. “Яшчэ раней з нітак і тканіны рабіла інтэр’ерных лялек Цільдаў, асноўнай прыкметай якіх з’яўляюцца вочы ў выглядзе маленькіх кропак і румяныя шчокі. Як вядома, Цільдаў робяць рукадзельніцы ва ўсім свеце, я ж эксперыментавала і ў мяне атрымалася, напрыклад, лялька-гаспадыня, лялька-малыш. А яшчэ Алеся вельмі любіць вось гэтую, якую я звязала кручком”, – гаворыць жанчына. Трэба сказаць, што добра вяжа яна не толькі падобныя элементы для дэкору, а і адзенне. Напрыклад, практычна гатова цёплая прыгожая хустка.

Як яна ўсё паспявае: столькі спраў на рабоце і дома? Такое пытанне нярэдка чуе Юлія Анатольеўна, аднак заўсёды з усмешкай зазначае: было б жаданне! Тым больш што як сам працэс творчасці, так і гатовыя вырабы ўздымаюць ёй настрой і прыносяць задавальненне.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *