ФОК «Юность-Ушачи» принимал очередные соревнования по мини-футболу. На этот раз география участников была ещё шире

Cпорт

22-23 лютага фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы” прымаў чарговыя прадстаўнічыя спаборніцтвы – адкрыты турнір Ушацкага раёна па міні-футболе сярод юнакоў 2009-2010 гадоў нараджэння. Прысвечаны ён быў Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і ў параўнанні з мінулым яшчэ больш пашырыў геаграфію ўдзельнікаў.

Не даехалі госці з Себежа, але ўдзел дзвюх каманд з Вялікіх Лук, якім вельмі спадабаліся ўмовы нашага комплексу, зноў надаў спаборніцтву статус міжнароднага, упершыню завіталі футбалісты з Барысава і Жодзіна. На папярэднім этапе каманды былі падзелены на дзве групы, гулялі па схеме “кожны з кожным”, дзве лепшыя выходзілі ў паўфіналы, а астатнія ў стыкавых паядынках размяркоўвалі канчатковыя месцы. Цікава, што ўжо напярэдадні ўдзельнікі ведалі сваіх сапернікаў у групах – арганізатары спаборніцтваў, якімі зноў выступілі работнікі Ушацкай ДЮСШ, сектара спорту і турызму райвыканкама і раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, правялі анлайн-жараб’ёўку ў сацыяльных сетках з дапамогай спецыяльнай камп’ютарнай праграмы, якая размеркавала каманды. “Удасканальваем арганізацыю спаборніцтваў у тым ліку і з дапамогай сучасных тэхналогій. На першым турніры былі асобныя невялікія недапрацоўкі, якія мы ўлічылі”, – расказвае дырэктар Ушацкай ДЮСШ і галоўны суддзя спаборніцтваў Сяргей Генадзьевіч Кіслы.

У групе “А” пераможцы папярэдняга турніру футбалісты з Вялікіх Лук 2009 года нараджэння выйгралі тры першыя гульні ў каманд з Віцебска, Жодзіна і Барысава з агульным лікам 17:2 і датэрмінова гарантавалі сабе выхад у паўфінал з першага месца. У наступным магчыма гэта і згуляла з імі дрэнны жарт – у апошнім паядынку расіяне дазволілі сабе палёгку, з лікам 1:2 прайгралі палачанам і стала ясна, што абыграць іх можна. З гэтай падгрупы ў паўфінал выйшлі таксама юныя футбалісты з ДЮСШ №2 г.Барысава.

У групу “Б” увайшлі ўшачане, Наваполацк, Вялікія Лукі 2010 года нараджэння і Верхня­дзвінск. Што датычыцца гаспадароў турніру, то паўтарыць папярэдні поспех у выглядзе выхаду ў фінал на гэты раз нашым футбалістам не ўдалося, хаця і пачалі яны з перамогі над камандай “Нафтана”. Праўда трэба адзначыць, што наваполацкія трэнеры выставілі на спаборніцтвы самы юны састаў – чацвёра ігракоў былі нават 2011 года нараджэння. У другім сваім паядынку ўшачане ўступілі моцнай камандзе Верхня­дзвінска і ім неабходна было абавязкова перамагаць каманду Вялікіх Лук-2010. На жаль, з эмоцыямі справіцца не ўдалося: паражэнне з лікам 0:4 пакінула гаспадароў па-за фінальнай часткай турніру – шостае выніковае месца. А ў раўнд барацьбы за медалі крочылі вялікалукчане і верхнядзвінцы.

“Няўжо будзе расійскі фінал?” – задаваліся пытаннем балельшчыкі, якіх, дарэчы, прыехала шмат. Самыя вялікія групы падтрымкі былі ў каманд з Полацка і Наваполацка, а вось самая гучная, у якую ўваходзілі таты юных футбалістаў, – безумоўна ў Верхнядзвінска. І хлопчыкі з поўначы Віцебшчыны парадавалі сваіх бацькоў, упэўнена перайграўшы ў паўфінале Вялікія Лукі-2009 – 3:0. Гэта гульня адняла многа сіл і на фінал верхнядзвінцаў крыху не хапіла – у галоўным паядынку з лікам 3:1 мацней была каманда Вялікіх Лук-2010. А вось іх землякі годам старэй на гэты раз наогул засталіся без узнагарод – у матчы за бронзу з лікам 2:1 перамаглі барысаўскія футбалісты.

Каманды-прызёры ўзнагароджаны кубкамі і дыпломамі, медалі і дыпломы атрымаў кожны з іх ігракоў – цырымонія падвядзення вынікаў турніру атрымалася яскравай і запамінальнай. Статуэткі ў выглядзе невялікіх імянных зорачак уручаны лепшым варатару, абаронцу і нападаючаму. Зразумела, што ў іх лік увайшлі футбалісты каманд першай тройкі, а лепшым іграком турніру прызнаны Станіслаў Урбан з Верхня­дзвінска. Арганізатары адзначылі і мацнейшых у кожнай з дзевяці каманд, ва ўшацкай такім прызнаны Глеб Мурашоў.

“У мінулы раз вы былі другімі, зараз – мы. Такім чынам, даказваем, што нашы маленькія гарадкі могуць канкурыраваць з буйнымі, рыхтаваць выхаванцаў нават для каманд майстроў”, – звяртаўся да трэнера ўшацкіх футбалістаў Рамана Мікалаевіча Фядосенкі верхнядзвінскі калега. А ў плане ўмоў правядзення і арганізацыі спаборніцтваў мы можам нават даць фору іншым рэгіёнам. Харчаванне ўдзельнікаў турніру было наладжана ў кафэ “Тайм-аут”, расійскія госці і футбалісты з Жодзіна пражывалі ў інтэрнаце фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дэлегацыя з Барысава здымала гасцявы дом у Ціханятах, футбалісты з Себежа планавалі пасяліцца ў санаторыі “Лясныя азёры”, быў інтарэс і да гасцініцы УП ЖКГ, але яна зараз занята будаўнікамі. Так што правядзенне падобных турніраў з’яўляецца не толькі добрым іміджавым мерапрыемствам, а і ўносіць пэўны ўклад у развіццё эканамічнага і турыстычнага патэнцыялу нашага рэгіёну.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *