Подарок-концерт для пап и мам подготовили воспитанники Ушачской детской школы искусств и выступили на главной сцене района

Наши дети

Традыцыя ў адзін з дзён паміж святамі 23 лютага і 8 Сакавіка рыхтаваць канцэрт-падарунак для тат і мам на эстрадным аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў існуе ўжо некалькі год. Праходзілі гэтыя дзействы заўсёды ярка, далучаліся да іх і іншыя аддзяленні, а ўражаныя бацькі штораз казалі: такому канцэрту ўжо цесна на маленькай школьнай пляцоўцы. Разумелі гэта і педагогі, а таму сёлета пайшлі на эксперымент: аб’яднаўшы сілы аддзяленняў эстрады, харэаграфіі і выяўленчага мастацтва, задумалі вялікае шоу дзіцячых талентаў на галоўнай сцэне раёна.

Каб не сціскаць сябе ў вузкія рамкі, назвалі яго “Музычны калейдаскоп”, а прысвяцілі канцэрт адметным датам бягучага навучальнага года: паўвекавому юбілею школы мастацтваў і 20-годдзю яго самых маладых аддзяленняў – эстраднага і харэаграфічнага. Любоў да роднай зямлі, сяброўства народаў Беларусі і Расіі, падабенства славянскіх культур – такімі матывамі быў прасякнуты першы тэматычных блок канцэрта. Надзвычай кранальным атрымаўся другі, які меў назву “Родныя людзі”. Многія прысутныя выціралі слёзы, калі Ягор Обух выконваў песню “Памолімся за бацькоў”, шчымліва спявалі Насця Ларчанка, Паліна Сазонава, а харэаграфічны нумар “Мама” (на здымку) стаў, напэўна, самым відовішчным на канцэрце – да слова, паглядзець яго і некаторыя іншыя выступленні можна на YouTube-канале нашай газеты. І цэлым феерверкам эмоцый парадаваў блок “Свет музыкі і дзяцінства”, дзе, у асноўным, правілі баль гарэзлівыя малышы. “Для нашых дзетак гэта быў дэбютны выхад на вялікую раённую сцэну, але мы, напэўна, хваляваліся намнога больш, чым яны!” – не хавалі эмоцый таты, мамы і бабулі Златы Клімашэўскай, Дамінікі Карчэўскай, Ксюшы Федарэнкі, Леры Акулёнак і іншых пачынаючых спевакоў і танцораў. На канцэрце было ўручана шмат букетаў, а самы першы паднёс сваёй унучцы Насці Мікалай Васільевіч Полазаў – за цудоўнае выкананне песні ў народным стылі. Крыкі “Брава!” гучалі ў зале пасля выступленняў Лёшы Хілько і Олі Цімафеевай, Паліны Салаўёвай і Надзі Раманоўскай – апошняй, прынамсі, уся зала пажадала ўпэўненага выступлення ў фінале адбору на дзіцячы конкурс “Славянскага базару ў Віцебску”.

Свой зорны час быў на канцэрце і ў юных мастакоў, якія рыхтаваліся да гэтай падзеі не адзін тыдзень. Плёнам жа іх намаганняў сталі дзве цудоўныя выставы: малюнкаў і кампазіцый з пластыліну. Умелыя рукі і багатая фантазія маленькіх скульптараў былі высока ацэнены членамі журы, узначаліў якое дырэктар ДШМ Сяргей Васільевіч Парашкін. Аня Рэут, Аня Скарабагатая, Улада і Лера Урбан, Арцём Міцкевіч атрымалі дыпломы ўдзельнікаў, Даша Белавусава і Насця Лёля – прыз глядацкіх сімпатый, Аліна Грамянкова, Насця Дукмасава, Віка Качан і Маша Мялешка – званне лаўрэатаў 3 ступені, Максім Цароў, Даша Антопуш і Віка Белая – 2-й, лепшымі ж былі прызнаны работы Лізы Шыла, Веры Хамёнак і Насці Армонік.

Варта прыгадаць, што канцэрт быў платным, аднак прайшоў з аншлагам. І ад імя гледачоў хочацца падзякаваць людзям, што прыдумалі і падрыхтавалі выдатнае шоу: а гэта кіраўнікі прыгаданых аддзяленняў Алена Анатольеўна Сазонава, Наталля Веньямінаўна Корнева і Айгуль Аразалаўна Смык, якая, да слова, выступіла і ў ролі мастака-афарміцеля сцэны. Удалым канферансам аздобіла канцэрт настаўнік ДШМ Галіна Уладзіміраўна Хвошч, а гукавое і светлавое яго афармленне вельмі прафесійна забяспечылі культработнікі Яўген Зуеў і Сяргей Казіцкі.

“Музычны калейдаскоп” паказаў яркую палітру талентаў ушацкіх дзяцей і педагогаў – і няма сумненняў, што мы яшчэ неаднойчы з цікавасцю зазірнём у яго “вочка”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *