Борьба с борщевиком продолжится. Итоги работы и планы на новый сезон ушачских экологов

Экология

Пытанні экалогіі выклікаюць цікавасць у многіх нашых чытачоў. Мы пагутарылі з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаілам Аляксандравічам ШУКОМ пра вынікі леташняй дзейнасці і накірункі, якія будуць актуальнымі сёлета.

– У сувязі з правядзеннем у краіне Года малой радзімы шмат увагі надавалася пытанням добраўпарадкавання населеных пунктаў, навядзення парадку на зямлі. Які плён гэтай работы?

– Усе мы – і прадстаўнікі мясцовай улады, і землекарыстальнікі, і кантралюючыя органы – у мінулым годзе прыклалі нямала намаганняў, каб зрабіць Ушаччыну больш чыстай і прывабнай. Так, напрыклад, было абсталявана і адрамантавана 20 кантэйнерных пляцовак і ўстаноўлена 45 кантэйнераў для збору адходаў, знесена 28 пустуючых трухлявых дамоў, пасаджана каля 1700 дрэў і кустоў, узарана і прыцягнута ў гаспадарчы абарот 20 гектараў зямлі, закрыты ўсе міні-палігоны цвёрдых камунальных адходаў, 7 з іх рэкультываваны. Выяўлена і ліквідавана 83 факты размяшчэння адходаў у несанкцыянаваных месцах.

– Падвядзіце, калі ласка, агульныя вынікі кантрольнай дзейнасці інспекцыі.

– За 2019 год да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 54 парушальнікі прыродаахоўнага заканадаўства. Агульная сума накладзеных штрафаў – 12138 рублёў. Устаноўлена 4 факты прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю на суму 64305 рублёў. Як заўсёды, ажыццяўлялася кантрольная дзейнасць у форме маніторынгаў, мер прафілактычнага і папераджальнага характару.

Праблема раёна – баршчэўнік Сасноўскага: як вядома, амаль трэць яго папуляцый па краіне размешчана менавіта на Ушаччыне…

– Так. Па даных на 1 студзеня 2019 года, шкоднай раслінай у раёне былі забруджаны 1260 гектараў, а пасля інвентарызацыі ў кастрычніку выяўлена 145 новых месцаў, і на цяперашні момант занятая баршчэўнікам плошча складае 1426 га. Леташняе заданне па правядзенні работ у барацьбе з пустазеллем (з улікам паўторных) складала 1927 га, фактычна ж яны былі выкананы на 2004,5 гектара: 591,5 з іх апрацаваны хімічным спосабам, 1144 – механічным (546,9 – паўторна), 152,4 – камбінаваным. У выніку расліна патэнцыяльна знішчана на плошчы 506,8 га.

– Работа праведзена значная і, напэўна, планы на гэты год таксама вялікія?

– У рамках вылучаных сродкаў мяркуецца апрацаваць баршчэўнік хімічным метадам на плошчы 845,5 гектара, механічным – 580,5, паўторныя работы запланаваны на 744 га. З мясцовых бюджэтаў прадугледжана выдзяленне 180 тысяч рублёў, уласныя сродкі прадпрыемстваў складуць 250 тысяч. Зараз у раёне ўжо закуплена 35 кг прэпарата “Тэрсан” і 340 літраў гербіцыду “Тотал”.

Гарачы сезон барацьбы з захопнікам зямель пакуль не надышоў. На што скіравана ваша ўвага зараз?

– З мэтай рэалізацыі палажэнняў Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь завяршаем работы па карэкціроўцы межаў водаахоўных зон і прыбярэжных палос водных аб’ектаў раёна. Ну і, вядома ж, не спыняем кантрольную і прафілактычную дзейнасць.

Дзякуй за гутарку і поспехаў у няпростай рабоце.

Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *